Сёньня ў "Жывой Свабодзе":
Менск усё часьцей наведваюць высокапастаўленыя прадстаўнікі дэмакратычных краінаў. Пакуль для мяне загадка, дзеля чаго прыехала ў Менск дэлегацыя ўраду ЗША. Лідэр АГП Анатоль Лябедзька вельмі цьмяна распавёў у Фэйсбуку пра сустрэчу з прадстаўнікамі апазыцыі: «Можна нічога і не казаць. Бо ў канчатковым выніку, усё залежыць ад нас саміх». Выглядае, што найцікавей даведацца пра тое пасланьне, якое дэлегацыя ўраду ЗША прывезла беларускім ўладам. Адразу пасьля прэс-канфэрэнцыі дэлегацыі ўраду ЗША ў жывы эфір выйдзе наш менскі карэспандэнт Уладзімер Глод і раскажа пра ўсё, што змог даведацца.
***
Я ня веру ў спорт па-за палітыкай. Як ня вераць у гэта і найбольш інтэлектуальныя спартоўцы, якім я лічу лічу 29-гадовага Віталя Гуркова, 10-разовага чэмпіёна сьвету па тайскім боксе, які рыхтуецца да чэмпіянату Эўропы ў сутарэньнях панэльнага дому на Валгаградзкай і чакае выхаду новага альбому Brutto. Чакаю яго і я. Такім чынам госьцем Галоўнай гадзіны Свабоды будзе Віталь Гуркоў, якога бліскуча распытала Аляксандра Дынько.
І гэта яшчэ далёка не ўсё, што вас чакае ў жывым эфіры Галоўнай гадзіны Свабоды ад 20 да 21 гадзіны, якую я рыхтую для вас.