Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як даўно Расея хлусіць


Пасьля анэксіі Расеяй украінскага паўвострава Крым сьвет быў уражаны ўпартай і нахабнай хлусьнёй расейскай прапаганды, якая не спыняецца і дагэтуль. Мне сёлета ўжо давялося пісаць пра тое, каму Расея хлусіць, і чаму яна хлусіць. Але маштабы расейскай прапаганды, яе ўменьне фальсыфікаваць факты і складаць праўду і ману ў выгодныя для сябе камбінацыі вымагаюць і трэцяга тэксту — пра тое, як даўно Расея хлусіць.

Засьцярога

У камэнтарах і аналізах многіх назіральнікаў, асабліва ў суседніх з Расеяй краінах, часта можна сустрэць паблажлівае і нават пагардлівае стаўленьне да расейцаў як да «крохкай імпэрыі перад сконам», «калоса на гліняных нагах», «азіятаў», «сьпітага і дэградаванага народу», які ня можа выставіць дастатковае колькасьці баяздольнага войска і г.д. Гэта вялікая памылка. Насамрэч расейцы ў сілу пэўных асаблівасьцяў сваёй гісторыі і сфармаванага пад яе ўплывам мэнталітэту зьяўляюцца вельмі моцным, рашучым і сьмелым народам. Іх гісторыя паказала, што яны нашмат больш за ўсе суседнія народы здольныя да дзяржаўнага існаваньня, яны стварылі вялікую імпэрыю, моцныя армію і флёт, захапілі вялізныя тэрыторыі і заўсёды былі гатовыя ахвяраваць для гэтага асабістымі свабодамі і асабістым жыцьцём. Гэта праўда, што ў сілу цалкам так і не засвоенага за стагодзьдзі хрысьціянства расейцы да нашых дзён не пакаяліся за злачынствы імпэрыі, за шавінізм і за камунізм. Але важна разумець, што імпэрскасьць і шматнацыянальнасьць у нашы дні зьяўляюцца ня толькі прыкметай слабасьці, але і крыніцай вялікай унутранай сілы расейскага этнасу і яго ўстойлівасьці. Працэс асыміляцыі працягваецца і ў нашы дні, расейцы ўсмоктваюць у сябе актыўныя гены падбітых народаў. Гэтым яны сапраўды моцна адрозьніваюцца ад усіх сваіх заходніх суседзяў, у тым ліку і ад беларусаў.

Нехта называе гісторыю настаўніцай жыцьця, нехта кажа, што яна зусім нічому ня вучыць. Але ў кожным выпадку, гісторыя сьведчыць, што ўсё, што адбываецца цяпер, ужо было і раней. Як пра гэта пісаў яшчэ Эклезіяст.

Мы, напрыклад, зьдзіўляемся, як рашуча і жорстка расейцы правялі эвакуацыю падчас дзьвюх Сусьветных войнаў у ХХ стагодзьдзі (вываз сотняў тысяч людзей, цэлых заводаў, культурных каштоўнасьцяў), або як яны вывезьлі зь Нямеччыны цэлыя заводы ў 1945 годзе і як цяпер вывозяць з усходу Ўкраіны высокадакладнае абсталяваньне ваенных заводаў. І забываемся, што так расейцы рабілі заўсёды. Ужо ў ХVI стагодзьдзі пры наступленьні ліцьвінскіх войскаў (напрыклад, падчас паходу на Вялікія Лукі ў 1580 годзе) расейцы выводзілі нават сельскае насельніцтва ўглыб краіны разам з усім каштоўным, што на тых абшарах было. І ўжо ў ХVIІ стагодзьдзі пры сваіх захопніцкіх паходах у Літву-Беларусь расейцы ня толькі рабавалі і забівалі, але і вельмі акуратна і пэдантычна вывозілі да сябе абсталяваньне, майстроў і тэхналёгіі.

Так што сапраўды няма нічога новага: «Што было, тое і цяпер ёсьць, а што будзе, тое ўжо было». Так і з расейскай хлусьнёй. Я напісаў пра гэта большы і пакуль неапублікаваны тэкст, таму тут у скароце прывяду зь яго некаторыя вытрымкі.

Даўнія часы

Традыцыя расейскай хлусьні сягае ў глыбіні стагодзьдзяў. Каб ня лезьці ў зусім ужо сівую даўніну, пачну з часоў цара Івана IV Жахлівага.

У часы Інфлянцкай вайны 1558-82 гадоў гэты расейскі манарх вельмі ўдала прымяняў хлусьню, калі цярпеў паразы пад ударамі нашага караля і вялікага князя Стафана Баторыя. У 1580 годзе падчас паходу Баторыя на Вялікія Лукі цар выкарыстоўваў спэцыяльна падрыхтаваных лазутчыкаў, якія «траплялі» ў літоўскі палон і там на допытах расказвалі пра незьлічонае войска хрышчонага татарскага царэвіча Сімяона Бекбулатавіча, якое нібыта ідзе на дапамогу Івану Жахліваму.

А ў 1581 годзе падчас Пскоўскага паходу Баторыя маскоўскі цар абяцаў папу рымскаму Рыгору ХІІІ прызнаць Флярэнцкую Ўнію 1439 году і злучыць цэрквы, а ўзамен прасіў паспрыяць міру з ВКЛ. Папа паверыў абяцаньням і паслаў езуіта Антонія Пасэевіна пасярэднічаць у перамовах. Гэта была хітрасьць, бо Ўніі Масква не прыняла, а мір у студзені 1582 году быў такі заключаны і на даволі выгадных для Масквы ўмовах.

XVIII стагодзьдзе

Падчас беларуска-маскоўскай вайны сярэдзіны XVII стагодзьдзя жыхары захопленага расейцамі Магілёва ў 1661 годзе паўсталі супраць акупантаў, цалкам выразалі расейскі гарнізон колькасьцю дзьве тысячы чалавек і вярнулі свой горад у склад Вялікага Княства Літоўскага. Маскоўцы ніколі пра гэта не забывалі і марылі пра адплату 47 гадоў. Нарэшце падчас Паўночнай вайны расейскія войскі ў 1708 годзе занялі Магілёў. На досьвітку 8 верасьня 1708 году ў горад з розных бакоў на загад Пятра І ўвайшлі аддзелы калмыкаў, татараў і маскоўцаў. Іх задачай было поўнае зруйнаваньне Магілёва. Пачаліся падпалы і парахавыя выбухі. Да канца дня справа была скончана. Самы вялікі, багаты і прыгожы пасьля Вільні мураваны беларускі горад, славянская Вэнэцыя, гандлёвы канкурэнт Данцыга, Рыгі, Вільні і Масквы быў ператвораны ў попел і руіны і ніколі ўжо ня здолеў аднавіцца ў тым выглядзе — далей яму была наканаваная роля занядбанага правінцыйнага места Рэчы Паспалітае і шараговага губэрнскага цэнтру Расейскай імпэрыі.

Менш чым праз два месяцы пасьля апісаных падзеяў, 6 лістапада 1708 году, Пётар І выдаў «Указ всему малороссийскому народу», у якім абвінаваціў у разбурэньні Магілёва... швэдаў. Пры гэтым загад аб зруйнаваньні Магілёва Пётар І аддаў генэралу Радыёну Боўру праз свайго ад’ютанта Фёдара Барценева вусна, а абвінаваціў швэдаў у разбурэньні сталіцы беларускага праваслаўя пісьмова, ва ўказе... З таго часу і да нашых дзён гісторыкі раз за разам паўтараюць вэрсію Пятра І аб гібелі славянскай Вэнэцыі. Добра, што ў беларускай гістарыяграфіі знайшоўся гісторык (А.Катлярчук), які апісаў гэтую падзею праўдзіва.

ХІХ стагодзьдзе

Адразу пасьля ўваходу французаў у Маскву ў верасьні 1812 году ў горадзе пачаўся магутны пажар, які бушаваў чатыры дні. Тры чвэрці гораду згарэлі дашчэнту. У агні ледзь не загінуў сам імпэратар Напалеон, які са сьвітай быў вымушаны ратавацца з Крамля праз палаючы горад пехатою. Факт падпалу гораду расейцамі адразу быў даказаны і, здаецца, не падлягае сумненьню. Французы стварылі камісію, судзілі і расстралялі сотні падпальшчыкаў.

Напярэдадні расейцы вывелі з Масквы ўсё насельніцтва, а таксама ўсе пажарныя часткі і вадзяныя помпы, так што пажар не было як і не было каму тушыць — французы прыйшлі ў цалкам пусты горад. У шматлікіх выпадках былі знойдзеныя спэцыяльныя ёмістасьці з падпальнай вадкасьцю, якія вырабіў запрошаны за тры месяцы да гэтага ў Маскву ангельскі інжынэр Шміт. Засталіся і пісьмовыя данясеньні расейскіх афіцэраў паліцыі аб выкананьні заданьняў па падпале гораду. Урэшце, падпал гораду быў страшэнна нявыгадны французам, якія зьбіраліся ў Маскве зімаваць, а Напалеон зьбіраўся папросту завалодаць усім багацьцем расейскай сталіцы. У лісьце да жонкі ён з захапленьнем і роспаччу пісаў: «Я ня меў паняцьця аб гэтым горадзе. У ім было пяцьсот такіх палацаў як Елісейскі, мэбляваных на францускі манер зь неверагоднай раскошай, некалькі імпэратарскіх палацаў, казармы, цудоўныя шпіталі. Усё гэта зьнікла, агонь зьядае ўсё гэта вось ужо чатыры дні...»

Тым ня менш, адразу пасьля вайны ў падпале гораду пачалі вінаваціць... французаў. Асабліва стараўся маскоўскі губэрнатар Растапчын, які і аддаваў непасрэдны загад аб падпале. Сур’ёзныя гісторыкі ва ўсім сьвеце, у тым ліку і расейскія, заўсёды прызнавалі і прызнаюць факт падпалу гораду расейцамі. Тым ня менш, у 1920-30-я гады, пры раньніх саветах, падпал Масквы пачалі лічыць нечуваным актам расейскага патрыятызму, а ў 1950-70 гады стараньнямі гісторыкаў Палосіна, Бяскроўнага, Гарніча, Нечкінай і Жыліна канчаткова сфармавалася вэрсія аб каварным падпале Масквы французамі.

Другі храналягічна блізкі факт беспардоннай расейскай хлусьні адносіцца да 1814-15 гадоў, калі пасьля паразы Напалеона дзяржавы-пераможцы на Венскім кангрэсе дзялілі тэрыторыі і зоны ўплыву ў Эўропе. Тады Расея, каб атрымаць паболей эўрапейскай зямлі, нахабна хлусіла, што яе ўсходняя мяжа пралягае па Ўральскім горным хрыбце. Рэальны стан рэчаў ведалі ўсе ўдзельнікі кангрэсу і падчас такіх сьцьвярджэньняў сарамліва адводзілі вочы ўбок. Не адводзілі вачэй толькі члены расейкай дэлегацыі на чале з Аляксандрам І. Зрэшты тады хлусьня не дапамагла: расейцам пакінулі толькі траціну Польшчы.

ХХ стагодзьдзе

Як пісаў амэрыканскі гісторык Марцін Маліа, камунізм неверагодным чынам абвастрыў і ўзмацніў ўсе расейскія хваробы і нечувана павялічыў іх маштабы. Ня стала выключэньнем і расейская хлусьня. Тут бальшавікі дасягнулі сапраўдных вышыняў, якія, здаецца, ніхто ў сьвеце ўжо ня здолее пераўзысьці.

Пачалося ўсё у Грамадзянскую вайну, калі зьверствы ВЧК на поўдні краіны перакладваліся на белых. Справа пайшла так удала, што да 1922 году было вырашана ўпарадкаваць працэс. Намесьнік старшыні ЧК-ГПУ Іосіф Уншліхт прапанаваў кіраўніцтву краіны стварыць адмысловы орган для фабрыкацыі і распаўсюджваньня дэзінфармацыі. 11 студзеня 1923 году пастановай Палітбюро ЦК РКП(б) было створана спэцыяльнае міжведамаснае Бюро дэзінфармацыі, так званае Дэзінфбюро, з дэлегаваньнем у яго склад прадстаўнікоў ГПУ, ЦК РКП(б), Народнага камісарыяту замежных спраў, Рэвваенсавету і Разьведвальнай управы Штабу РККА. Так савецкая Расея пачала падманваць замежныя краіны і свой уласны народ, і так пачаўся савецкі этап гісторыі таго, што мы цяпер назіраем вакол Украіны. У пазьнейшыя гады органы савецкай цэзуры і дэзінфармацыі ня раз рэфармаваліся і зьмянялі ведамасны статус. З канца 30-х гадоў пры СНК СССР і саюзных рэспублік існавалі асобныя аддзелы ваеннай цэнзуры і Галоўліты, але ўзначальвалі іх, як правіла, адны і тыя ж асобы — афіцэры НКВД.

Асаблівае запатрабаваньне набыла савецкая дэзінфармацыя (чытай — хлусьня) у гады Другой сусьветнай вайны і пасьля яе. У часе вайны савецкія дэзінфарматары будавалі з фанэры цэлыя населеныя пункты, вайсковыя часткі і аэрадромы з сотнямі танкаў і самалётаў, каб падмануць праціўніка. Разбурэньні савецкіх гарадоў у выніку авіяцыйных бамбардаваньняў, зьнішчэньне партызанамі школаў і мірнага вясковага насельніцтва беспардонна прыпісвалася немцам. Сотні і сотні цэнзараў днём і ноччу чыталі лісты з фронту і канфіскоўвалі тыя зь іх, якія маглі пасеяць паніку ў тыле.

Асабліва трагічны лёс чакаў гістарычныя цэнтры Кіева і Менску. На шосты дзень пасьля ўваходу і раскватараваньня ў Кіеве немцаў, 24 верасьня 1941 году на Крашчаціку з інтэрвалам у 20-30 хвілін пачаліся магутныя выбухі, якія працягваліся тры дні. У падвалах дамоў былі закладзеныя бомбы з гадзіньнікавым мэханізмам. Увесь гістарычны цэнтар гораду быў зьнішчаны. Такім салютам НКВД сустрэла немцаў у сталіцы Ўкраіны. У сталіцы БССР Менску на такое мініраваньне часу не было, таму горад пры адыходзе проста падпалілі, а падчас акупацыі, асабліва перад вызваленьнем, жорстка бамбілі. Пасьля вайны, як і належала чакаць, усю віну за разбурэньне Кіева і Менску ўсклалі на немцаў. Вось цытата са зводак «Совинформбюро» за 1944 год: «Наша авіяцыя ў ноч на 28-га чэрвеня нанесла моцныя ўдары па чыгуначных вузлах Баранавічы, Лунінец, Мінск, Полацк і чыгуначнай станцыі Барысаў... Пажары наглядаліся экіпажамі пры адыходзе ад цэлі з адлегласьці 150 кілямэтраў...» Цяжка ўявіць, каб некалькі дзясяткаў запаленых вагонаў гарэлі так, каб іх было відаць за 150 кілямэтраў, дый нямецкія зэнітчыкі не дазвалялі савецкім лётчыкам апускацца занадта нізка, каб цаляць трапна — зразумела, што бомбы скідалі зь вялікай вышыні, і што гарэлі самі гарады, а ня толькі і ня столькі асобныя вакзалы і эшалёны на іх. Пасьля вызваленьня газэты цынічна пісалі: «Немецко-фашистские захватчики причинили большие разрушения этому городу-красавцу, уничтожили его достопримечательности...»

Разгул расейскай маны і фальсыфікацыі зазнала у 1940-50-я гады Заходняя Ўкраіна. Агенты савецкіх спэцслужбаў апраналіся ў форму Ўкраінскай паўстанцкай арміі і чынілі злачынствы супраць мірнага насельніцтва, каб скампрамэтаваць Сьцяпана Бандэру і яго прыхільнікаў. Мэтад просты і дзейсны, таму, відаць, занесены ў мэтадычныя дапаможнікі. Сёньня мы зноў чуем, што данецкія бандыты рабуюць украінскія сёлы ў форме байцоў батальёну «Азоў». У чэрвені 2001 году Папа Рымскі Ян Павел ІІ бэатыфікаваў у Львове 28 сьвятароў і вернікаў Украінскай Грэка-Каталіцкай царквы. Некаторыя зь іх у часы ліквідацыі Уніі ў 1946 годзе былі зажыва звараныя энкавэдыстамі ў гіганцкіх катлах. У той жа час савецкія газэты пісалі, што бандэраўцы вараць у катлах чырвонаармейцаў.

Пасьля вайны фальсыфікаваліся дакумэнты, кінастужкі і фотаздымкі, датычныя вайны, разбурэньняў, асобных бітваў, колькасьці стратаў, маштабаў супрацоўніцтва з нацыстамі. І былі яшчэ доўгія дзесяцігодзьдзі рознай хлусьні ў маштабах, якія зь цяжкасьцю паддаюцца асэнсаваньню. Прычым, фальсыфікацыя і хлусьня былі павернутыя ва ўсе гістарычныя бакі — і ў будучыню, і ў мінуласьць.

Ад 1938-га да 1960 году ўсе архівы на тэрыторыі СССР знаходзіліся ў складзе... НКВД. Гэта азначае ня толькі тое, што імі кіравалі людзі ў пагонах — гэта азначае, што яны там гаспадарылі. Цяжка сабе ўявіць, якія непапраўныя страты панесла гістарычная праўда ад тога гаспадараньня. У архівах праводзіліся бясконцыя інвэнтарызацыі, сыстэматызацыі і ацэнкі-экспэртызы гістарычнай каштоўнасьці тых ці іншых дакумэнтаў. Я сустракаўся з выпадкамі, калі зь дзевяці вопісаў каштоўнага фонду пасьля такой «ацэнкі» заставалася тры... Тыповая фармулёўка прычыны ліквідацыі дакумэнтаў: «в связи с утратой исторической ценности». Вось чаму наш выдатны архівіст Віталь Скалабан аднойчы сказаў мне, што «нішто так ня хлусіць, як архіўны дакумэнт», і вось чаму па многіх пытаньнях мы так ніколі ўжо і не даведаемся гістарычнай праўды...

Уся гэтая хлусьня і фальсыфікацыя патрабавала адмысловых спэцыялістаў, выкладчыкаў, падручнікаў і мэтадычных дапаможнікаў. Сыстэма ў нетрах савецкага КГБ была адладжаная дасканала і, як аказалася, нікуды ня зьнікла. Інакш усё тое, што цяпер гучыць і паказваецца ў эфіры расейскіх тэлеканалаў, нельга было б ніяк патлумачыць. Я сам працую ў журналістцы больш за 20 гадоў і вымушаны прызнаць, што каб мне загадалі так перакруціць факты і скамбінаваць хоць адзін рэпартаж пра Ўкраіну, якія цяпер сотнямі выходзяць у эфір, я б ня змог. Для гэтага патрэбная адпаведная падрыхтоўка, і, відаць, адпаведны талент.

Ёсьць грошы і на прамоцыю хлусьні па ўсім сьвеце. Пад артыкулам пра расейскую акупацыю Крыму ці ўварваньне ва Ўкраіну на сайце «New York Times» ці іншай амэрыканскай газэты імгненна зьяўляюцца камэнтары, якія агрэсіўна абяляюць дзеяньні Пуціна і паўтараюць афіцыйную расейскую вэрсію падзеяў. Тэлеканал Russia Today, які зьмяніў сваю назву на бяскрыўдны скарот RT, па колькасьці фальсыфікацыяў і хлусьні хутка пераўзышоў нават савецкую прапаганду. Арганізаваны тролінг у Інтэрнэце не паддаецца вымярэньню.

Пры гэтым трэба памятаць, што хлусіць крамлёўская прапаганда ўсяму сьвету, але найперш — уласнаму народу. Рабіць гэта яе прымушае патрэба псыхалягічнай кампэнсацыі за пакутлівае і прыніжальнае адставаньне Расеі ад Захаду. Расея дзіўным чынам ненавідзіць Захад і адначасова пераймае ўсё ягоныя дасягненьні, толькі са спазьненьнем...

Даўняя і трывалая традыцыя хлусьні і фальсыфікацыі побач з актыўнай згодай большасьці народу яе слухаць і ёй верыць зьяўляюцца для Расеі невычэрпнай крыніцай сілы ў тых канфліктах, якія яна спараджае — у тым ліку і ва ўкраінскім. Напор нашчадкаў бальшавіцкага Дэзінфбюро ў нашы дні такі моцны і такі таленавіты, што вагаецца і сумняваецца нават сусьветная грамадзкая думка.

Калі і як гэта скончыцца — немаведама. Зрэшты, калі зноў успомніць мудрага Эклезіяста, «хто капае яму, той упадзе ў яе... а хто разьбівае камяні, будзе скалечаны імі...»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG