Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму Расея хлусіць


Сяргей Абламейка
Сяргей Абламейка
Расея ўжо некалькі тыдняў зьдзіўляе плянэту зацятай хлусьнёй. Увесь сьвет ведае, што гэта ня так, але Расея цьвердзіць, што так.

Кожны дзень мы чуем, што па Ўкраіне гойсаюць узброеныя банды бандэраўцаў-ультранацыяналістаў, якія тэрарызуюць расейскае і расейскамоўнае насельніцтва, і што тысячы і тысячы ўцекачоў наваднілі прымежныя з Украінай раёны Расеі. Абама і Мэркель звоняць і звоняць Пуціну, заклікаючы вывесьці войскі з Крыму і пачаць дыялёг з новым урадам Украіны, а ён у адказ кажа, што кіеўскія ўлады не кантралююць сытуацыю і ня могуць ўзяць пад кантроль ўзброеныя банды нацыяналістаў, якія... тэрарызуюць расейскае і расейскамоўнае насельніцтва. Прадстаўнік Францыі ў Радзе Бясьпекі ААН кажа расейскаму прадстаўніку на паседжаньні, што ня бачым мы тысяч уцекачоў, ня бачым узброеных бандаў, затое бачым вашы войскі ў Крыме, а расеец у адказ кажа, што Кіеў не кантралюе краіну і ня можа ўзяць пад кантроль бандытаў, якія (зноў!) тэрарызуюць расейскае і расейскамоўнае насельніцтва. У Данецку прарасейскія грамілы штурмуюць урадавыя будынкі і рэжуць нажамі ўкраінцаў, у Харкаве расстрэльваюць з аўтаматаў прыхільнікаў непадзельнай Украіны, а расейскі МЗС заяўляе, што Расея можа ўзяць пад абарону людзей на паўднёвым усходзе Ўкраіны, бо (і зноў!!) цэнтральныя ўлады не кантралююць сытуацыі і ня могуць утаймаваць узброеныя банды, якія тэрарызуюць расейцаў ва Ўкраіне... Зачараванае кола. Тупік.

Каго Расея хоча пераканаць? Каго падманвае, калі ўвесь сьвет не падманваецца?

Адказ відавочны. Расея хлусіць сама сабе. Крэмль хлусіць, бо хоча, каб яму паверыў найперш яго ўласны народ.

Вось некалькі думак наконт прычын, чаму Расея хлусіць сама сабе.

Пра што пісаў Іван Ільін


Як вядома, цяпер у Крамлі чытаюць расейскіх філёзафаў. І асабліва ўлюбёным там зьяўляецца Іван Ільін. Яго парэшткі перавезьлі ў 2005 годзе ў Маскву, урачыста перапахавалі на могілках Данскога манастыра, выдалі 28-тамовы збор твораў, цытуюць у прамовах патрыярх, прэзыдэнт і вядомы кінарэжысэр.

У Івана Ільіна можна знайсьці самыя розныя думкі, цьверджаньні і цытаты. У Крамлі найбольш любяць яго працы другой паловы 1940-х гадоў, дзе ён патрыятычна апісваў спробы каварнага Захаду расчляніць Расею, пазбавіць яе гегемоніі над сваімі сатэлітамі і прадказваў Расеі вялікую будучыню, калі яна патрапіць наноў адрадзіць і сынтэзаваць праваслаўнасьць, патрыятызм і дзяржаўніцтва — або тыя ж «православие, самодержавие и народность», калі выкарыстоўваць тэрміны ХІХ стагодзьдзя. Тады гэтая формула трыадзінства лічылася самой асновай, падвалінамі Расейскай імпэрыі. Ільін, як бачым, быў тут зусім не арыгінальны.

У 1948 годзе напісаў ён працу «Пра фашызм», дзе, сярод іншага, сьцьвярджаў: «Фашизм возник как реакция на большевизм, как концентрация государственно-охранительных сил направо. Во время наступления левого хаоса и левого тоталитаризма — это было явлением здоровым, необходимым... Фашизм был прав, поскольку исходил из здорового национально-патриотического чувства, без которого ни один народ не может ни утвердить своего существования, ни создать свою культуру...» Гэта зь ліку станоўчых рысаў фашызму, паводле Ільіна.

Былі ў той працы пазначаныя і памылкі фашыстаў. Паводле філёзафа, іх шэсьць, і сярод іх, дарэчы, не названыя антысэмітызм і Галакост. Затое, памылкамі фашыстаў Ільін лічыў безрэлігійнасьць, таталітарызм, партыйную манаполію, скрайні нацыяналізм і шавінізм, зьмяшэньне сацыяльных рэформаў з сацыялізмам і, нарэшце, ідалапаклоньніцкі цэзарызм.

Але галоўнае ў працах Ільіна было ўсё ж гэта — праваслаўнасьць, патрыятызм і дзяржаўніцтва. Ён верыў у асаблівую місію Расеі, яе асаблівы шлях і асаблівую духоўнасьць. Гэта наогул быў рэлігійны філёзаф, які адчайна ненавідзеў талстоўскую філязофію «непраціўленьня злу». Ільін напісаў кнігу «Пра супраціўленьне злу сілай», дзе заклікаў процістаяць злу самаўдасканаленьнем, духоўным выхаваньнем іншых і... мячом. Яго і назвалі ўрэшце калегі «тэарэтыкам праваслаўнага мяча»

Калегі, дарэчы, Ільіна не любілі. Бярдзяеў называў яго «ЧК у імя Божае», а Зінаіда Гіпіус яго філязофію акрэсьліла як «ваенна-палявое багаслоўе».

Быў у Ільіна яшчэ адзін «аспэкт». Ён быў напалову немцам. Бярдзяеў так і казаў пра яго: «Чужы чалавек, іншаземец, немец». Дзіўна, але калі я думаю пра Ільіна цяпер, дык успамінаюцца некаторыя вуліцы новай Масквы, дзе цяжка знайсьці назвы на расейскай мове. Вось і палымяны вернік у асаблівую духоўную моц і сілу Расеі — Іван Ільін — большасьць сваіх працаў напісаў пад псэўданімамі «Юстус», «Івэр», «Карл Брабазіюс», «д-р Альфрэд Норман», «Юліюс Швэйкерт» і іншымі...

Ня цяжка заўважыць, што сынтэз праваслаўнасьці, патрыятызму і дзяржаўніцтва — стаў задачай і марай цяперашняга крамлёўскага істэблішмэнту. Яны паднялі зь зямлі Ільінскі «праваслаўны меч». Але, як і варта было чакаць, чытаюць у Крамлі Ільіна вельмі павярхоўна і няўважліва.

Ільін быў зацятым антыкамуністам. А цяперашнія яго крамлёўскія пасьлядоўнікі дасягненьні камуністычнага СССР, яго перамогі і нават побытавыя рэаліі ўключылі ў аналы нацыянальнай памяці. Савецкія камуністычныя лідэры (нават самы крыважэрны зь іх — Сталін) зь лёгкасьцю прынятыя ў нацыянальны пантэон і вернутыя ў падручнікі гісторыі.

Наіўныя журналісты некалі разважалі, як лепш паступіць з муміяй Леніна на Краснай плошчы ў Маскве, заклікалі пахаваць нарэшце труп і спрабавалі прадбачыць, як і калі гэта адбудзецца. Усьлед за імі і чытачы не разумелі, чаму ж яго не хаваюць? А вось і адказ — чаму. Сёньня ў абарону статуяў Леніна рыхтуюцца паслаць танкі ва Ўкраіну, а мясцовыя гістэрычныя выхаванцы расейскага таталітарнага тэлебачаньня з георгіеўскімі стужкамі бароняць ленінскія статуі на паўднёвым усходзе Ўкраіны і крычаць пры гэтым, што не дадуць у крыўду... «нашу праваслаўную царкву».

Камуністычнае мінулае стала часткай ня толькі нацыянальнай гісторыі, але і нацыянальнай душы і... нацыянальнай ідэі Расеі.

Ільін варочаецца ў труне.

Што б я параіў расейскім ідэолягам


Трэба чытаць ня толькі Ільіна. У асаблівую ролю і місію Расеі верылі і іншыя расейскія пісьменьнікі і філёзафы, але некаторыя зь іх былі больш самакрытычныя і больш стрыманыя за цяперашніх славяна-русафілаў-эаўразійцаў, якія знаходзяць сабе куміраў, ня надта ўважліва іх чытаючы.

Ад прызнаньня асаблівасьці сваёй духоўнасьці і сваёй ролі не далёка і да нацыянальнай выключнасьці і мэсіянства. У 30-я гады праз гэта прайшлі немцы. І амаль дакладна так сёньняшнія ідэолягі штурхаюць Расею ў яе ўласныя «нямецкія 30-я гады». Немцы ж таксама баранілі нямецкамоўных і забіралі іх «дадому», і таксама верылі ў сваю выключнасьць.

Хай бы расейскія ідэолягі схадзілі ў царкву, а лепш — проста пачыталі Эвангельле, бо іх патрыярх, як член «крамлёўскага пулу», таксама цытуе Ільіна. Хрысьціянства, тым часам, ведае пра катарсіс (ачышчэньне) праз пакаяньне, праз прызнаньне сваёй віны і сваіх памылак. Да гэтага варта прыслухацца. Як і да некаторых калегаў Івана Ільіна, якія, ня гледзячы на яго «праваслаўнасьць», былі больш глыбокімі хрысьціянамі і ў сваім стаўленьні да Расеі.

Вось, напрыклад, Васілі Розанаў. Цытую наўскід.

«Как пьяная баба, оступилась и померла Россия...».

«Собственно нет никакого сомнения, что Россию убила литература... После того, как были прокляты помещики у Гоголя и Гончарова..., администрация у Щедрина..., история, купцы у Островского, духовенство у Лескова... и, наконец, семья у Тургенева..., русскому человеку не осталось ничего любить, кроме прибауток, песенок и сказочек. Отсюда и произошла революция...».

«Всё „казённое“ только формально существует. Не беда, что Россия в „фасадах“; а что фасады-то эти — пустые. И Россия — ряд пустот... Как старый дуб: корки, сучья, но внутри — пустоты и пустоты...»

«Дана нам красота невиданная. И богатсво неслыханное. Это — Россия. Но глупые дети всё растратили. Это русские».

Славуты пісьменьнік і філёзаф Мікалай Бярдзяеў заклікаў:

«Возложим на себя ответственность и перестанем во всём винить внешние силы».

А вось іншы расейскі філёзаф, Фёдар Сьцяпун. Гэты інтэлектуал, які быў высланы бальшавікамі за мяжу, пакутліва разважаў над гістарычным лёсам расейцаў:

«Читая любую русскую историю, получаешь впечатление, что русский народ не столько завоёвывал землю, сколько без боя забирал её в плен. Эта военнопленная земля работала на русский народ, работала без того, чтобы он сам на ней по-настоящему работал...»

Даў Сцяпун нам і адказ на пытаньне, чаму расейцы сёньня так ня хочуць разьвітацца са сваім камуністычным мінулым, так настальгуюць па ім. Паводле Сьцепуна, у ХХ стагодзьдзі адбылася ракавая сустрэча «просвещёнско-рационалистической идеологии Карла Маркса с тёмной маетой русской народной души», а бальшавізм стаў вынікам «ложного направления религиозной энергии русского народа, псевдоморфоза русской потребности верить».

Масква, 2014 год


Апошні, шосты пункт у пераліку памылак фашызму Іван Ільін сфармуляваў так:

«Величайшей ошибкой фашизма было возрождение идолопоклоннического цезаризма. „Цезаризм“ есть прямая противоположность монархизма. Цезаризм безбожен, безответственен, деспотичен; он презирает свободу, право, законность, правосудие и личные права людей; он демагогичен, террористичен, горделив; он жаждет лести, „славы“ и поклонения, он видит в народе чернь и разжигает её страсти; он аморален, воинствен и жесток. Он компрометирует начало авторитарности и единовластия, ибо правление его преследует цели не государственные, и не национальные, а личные».

Вам нічога і нікога гэты апошні пункт не нагадвае? Асабліва пра бачаньне народу як чэрні. Мне дык вельмі.

І яшчэ адзін выбітны расейскі філёзаф — Георгі Фядотаў, які аналізаваў тыпалёгію савецкага чалавека і савецкай дзяржавы. Ён не сумняваўся, што СССР — гэта працяг Расейскай імпэрыі, а савецкіх людзей параўноўваў з тыпам «служылага чалавека» XVI стагодзьдзя часоў Івана Жахлівага або XVIІІ стагодзьдзя часоў Пятра І. Фядотаў у 1947 годзе ў эміграцыі заклікаў расейцаў адмовіцца ад імпэрыі:

«Освобождённая от военных и полицейских забот, Россия может вернуться к своим внутренним проблемам — к построению выстраданной страшными муками свободной социальной демократии. Тридцатилетие коммунизма, и потом коммуно-русский человек огрубел, очерствел, — говоря словами народного стиха, покрылся „еловой корой“. Вероятно, не одно поколение понадобится для его перевоспитания, т.е. для его возвращения в заглохшую традицию русской культуры, а через неё и русского христианства. К этой великой задаче должна уже сейчас, в изгнании, готовится русская интеллигенция вместо погони за призрачными орлами империи».

І гэты ж Георгі Фядотаў некалі прароча напісаў пра цяперашняе расейскае тэлебачаньне і наогул пра расейскую ўладу, якія, паводле Ільіна, «видят в народе чернь и разжигают её страсти»:

«Для государства-зверя политика становится человеческой отраслью животноводства».

Вось чаму Расея хлусіць сама сабе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG