Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заяўляе, што на базе дасягнутых у Менску дамоўленасьцяў аб спыненьні агню ў суботу ў зоне баявых дзеяньняў на ўсходзе пачнецца абмен палоннымі. Пра гэта Парашэнка сказаў у Н’юпарце (Уэльс), дзе працягваецца саміт НАТО.
«Мы плянуем у бліжэйшай будучыні правесьці абмен закладнікамі, пачынаючы з заўтрашняга дня», — адзначыў прэзыдэнт.
Пятро Парашэнка таксама заявіў пра гатоўнасьць рэалізоўваць пункты мірнага пляну, агучанага ім раней.
«Мы гатовыя зрабіць значныя крокі, уключаючы дэцэнтралізацыю ўлады, асабліва асобных частак Данецку і Луганску, што да эканамічнай свабоды, гарантаваць права на выкарыстаньне любой мовы на гэтай тэрыторыі і абарону культурных традыцыяў, уключаючы амністыю, то бок усё, што пазначана ў маім мірным пляне», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
5 верасьня ўдзельнікі трохбаковай кантактнай групы ў Менску дасягнулі дамоўленасьці пра рэжым спыненьня агню. Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка аддаў начальніку Генштабу ўзброеных сіл Украіны загад спыніць агонь у зоне баявых дзеяньняў з 18:00 5 верасьня.
Кантактная група дамовілася пра адвод тэхнікі, абмен палонных «усіх на ўсіх» і адкрыцьцё гуманітарных калідораў.