У Горадні цяпер нямала расейцаў. Любяць у адпачынак прыяжджаць, ім горад падабаецца: куток Эўропы і тым жа часам усё па-расейску. Мне зь імі даводзіцца сутыкацца, і размова апошнім часам датычыць Украіны. Што яны думаюць пра падзеі ў Данбасе? — пытаюся. Ім часьцей хочацца ў кусты шуснуць, усё ж не на сваёй тэрыторыі, бо трымаюцца звычайна «генэральнай» крамлёўскай лініі, пуцінскай.
Але апошні расеец мяне прыгаломшыў. У чым прычына канфлікту, таго, што адбываецца? Што ідзе вайна? — цікаўлюся ў яго. Масквіч адказвае завучана: «А прычына, канечне, за акіянам. Злучаныя Штаты Амэрыкі, яны гэта ўсё фінансуюць». Пачакайце, ДНР і ЛНР фінансуе ЗША? — удакладняю ў яго. Масквіч адказвае: «Думаю, што так, ЗША фінансуюць усю гэтую заварушку». Я яшчэ раз спрабую ўдакладніць: фінансуюць ДНР? «Так», не здаецца масквіч.
У мяне ледзь мову не адняло. Пачакайце, кажу, вось славуты сьвежы здымак: так званы урад ДНР. У кабінэце за сталом, адны сядзяць, іншыя стаяць у два шэрагі, мардатыя мужчыны ў камуфляжы з «калашнікавымі». Хіба яны выглядаюць на ўрад? Можна сябе назваць хоць «народным хуралам», але мы бачым штаб палявых камандзіраў. І гэты штаб Амэрыка падтрымлівае? Тут мой масквіч і шуснуў у кусты: мяне, жонка, кажа, у краме чакае, выбачайце. І паспрабуй вось зразумець — што ў гэтых расейцаў цяпер у галаве робіцца! Ад крамлёўскай прапаганды мазгі напэўна не вытрымліваюць.
Згодна з расейскімі законамі, беларускімі, украінскімі, а раней савецкімі, баявыя атрады палявых камандзіраў — незаконныя бандфармаваньні. Бандыты. Але паколькі яны дзейнічаюць не на тэрыторыі Расеі, для Крамля яны — адважныя паўстанцы, адвакатам якіх расейскі бок увесь час выступаў дагэтуль. І наўрад ці што памяняецца да сустрэчы ў Менску. На Парашэнку ціснуць, каб не вызваляў украінскія землі, каб спыніўся, каб лічыўся з сэпаратыстамі, а значыць прызнаў іх. Тым жа часам на ўрад палявых камандзіраў ня цісьне ніхто, і яны адчуваюць поўную свабоду дыктаваць свае ўмовы. А ўмовы не мяняюцца, гэта ўльтыматум уладам Украіны: спыніць вызваленьне тэрыторыі ад незаконных збройных атрадаў, вывесьці украінскую армію, прызнаць ДНР. Альбо — у адваротным парадку, кажуць палявыя камандзіры.
Самадзейнае сьвята ў Данецку: выстаўленыя перад натоўпам палонныя салдаты, якія абаранялі ўкраінскіх людзей, спаленая бронетэхніка (цалкам магчыма, што на ёй ваявалі самі сэпаратысты) — безумоўна, выдатны ваенны пэрформанс. Урад палявых камандзіраў запусьціў такім чынам свой бумэранг перад менскай сустрэчай. Мэта такога «мэсыджа», бадай, — яшчэ больш распаліць нянавісьць ва Ўкраіне. Думаю, ім гэта ўдалося. Гэта азначае, што ніякага міру ім ня трэба, што здавацца яны ня будуць, што яны прагнуць давесьці вайну да канца.
Некаторыя кажуць: сьмелыя людзі ў Данецку, выйшлі на плошчу 24 жніўня падтрымаць сэпаратыстаў. Але ўсё адносна. Нават калі іх было пару тысяч чалавек, сем’і саміх сэпаратыстаў маглі сярод іх пераважаць. А маглі і сагнаць людзей, чаму не? Дзейнічаюць прымусам для незаконна ўзброеных людзей — правіла. Дый што такое дзьве тысячы? На мільённы горад? Для мільёна чалавек зьнішчана нармальнае людзкае жыцьцё, многія страцілі дом, кватэру, машыну, увесь нажыты даробак. А нехта загінуў, дзеці загінулі. І ўсё гэта дзеля таго, каб атрад самазадаволеных самазванцаў у камуфляжы палонных салдат украінскай арміі пад штыхамі правёў міма публікі, якая трымала расейскія трыкалёры?
А якую бляндынку ўзброеную выставілі наперад сэпаратысты: ня іначай нагадваць павінна была суровы твар савецкай «радзімы-маці», абуранай бабы ў чырвонай хусьце 1941 году, нібы сама просіцца на плякат бляндынка. З карабінам яна, да якога прымкнёны штых, сама ў камуфляжы. Не, палявым камандзірам не зразумець, што дзейства іхняе — ня больш чым пародыя, злавеснае, але блазенства. І бляндынка гэтая, дарэчы, хто яна — прадаўшчыца ў звычайным жыцьці, кіроўца тралейбуса, хто? Але фактуру мае і кар’еру яна зможа зрабіць зараз, гэта зусім ня выключана. Зрабіла ж тая савецкая акторка, якая зьнялася для «Плэйбоя», калі СССР ужо дыхаў на ладан: з савецкім сьцягам зьнялася, зь Леніным, з «калашнікам», і са сваімі жаночымі пекнасьцямі, само сабой.
Хаця, шчыра кажучы, «парад» палонных украінскіх вайскоўцаў у Данецку — гэта сапраўды страшна. Варта толькі перанесьціся ў думках, скажам, у наш «горад-герой»: беларусаў вядуць пад штыхамі ад палявых камандзіраў. Чакайце-чакайце, а што тут робіць гэтая бляндынка, Алеся? Навошта ёй вайна?! Навошта ня хлеб, а порах?