«Я прайграў суд, але выйграў сутычку з сыстэмай» — гэтак пракамэнтаваў вырак Магілёўскага раённага суду працаўнік арматурнага заводу Валадар Цурпанаў.
Ён судзіўся з адміністрацыяй прадпрыемства, якая, паводле яго, не даплаціла яму заробак. Ад суду Цурпанаў дамагаўся, каб працэс праходзіў на беларускай мове.
Судзьдзя не задаволіла гэтага хадайніцтва, але пагадзілася з патрабаваньнем пазоўніка, каб у працэсе удзельнічаў перакладчык з расейскай мовы на беларускую. Вырак суду з матывіровачнай часткай зваршчыку арматурнага заводу Цурпанаву выдалі на беларускай мове. Такім было ягонае патрабаваньне. Паводле Цурпанава —судовы дакумэнт, падрыхтаваны на беларускай мове, выключная падзея для магілёўскіх судоў.
«Напраўду, рашэньне суду не на маю карысьць, але лічу, што прайграўшы суд я, як грамадзянін, выйграў у сутычцы з сыстэмай, — зазначае Валадар Цурпанаў. — Суд быў цалкам маім — быў перакладчык і я атрымаў рашэньне суду ў беларускай мове. Для мяне гэта вельмі дорага. Сыстэма на гэтым судзе дала задні ход».
Супраць вядзеньня працэсу на беларускай мове выступілі прадстаўнікі адказчыка. Супрацоўнікі адміністрацыі прадпрыемства заявілі на судзе, што ў Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы, у тым ліку расейская. Судзьдзя Вольга Клякоўкіна прыняла довады адказчыка.
У прыватнай гутарцы судзьдзя зазначыла, што калі б прадстаўнікі адміністрацыі арматурнага заводу пагадзіліся з хадайніцтвам Цурпанава, то працэс быў бы беларускамоўным. Сам жа Цурпанаў лічыць, што стаўленьне судзьдзі да беларускай мовы на працягу ўсяго працэсу было прыхільным і гэта адбілася на яе гатоўнасьці падрыхтаваць вырак па беларуску.
«Запэўніваньні судзьдзі, што яна добра разумее мову і валодае ёю на працэсе раз за разам праяўлялася, — кажа пазоўнік, — Яна вымушала сябе стрымліваць, калі нечакана ўсьлед за мной, пераходзіла на беларускую мову. Іншым разам яна нават сябе бэсьціла, што маўляў, не ўстрымалася і загаварыла па-беларуску».
Цурпанаў намагаўся адсудзіць у арматурнага заводу некалькі мільёнаў рублёў, як ён кажа, недаплаты. Аргумэнтаваць свае прэтэнзіі пазоўнік ня змог. Прадстаўнікі адказчыка прадставілі суду дакумэнты, якія пацьвердзілі, што заробак Цурпанаву налічваўся згодна ўстаноўленых на заводзе правілаў.
«Мэта суду не палягала ў грашах і ня ў той даплаце, якую я прасіў зрабіць, — цьвердзіць пазоўнік, — Галоўнае было давесьці наймальніку, што ёсьць месца, дзе са звычайным працаўніком ён вымушаны будзе размаўляць на роўных. На сёньня адзіным месцам застаецца суд. Прадстаўнікі наймальніка вымушаныя былі слухаць мяне і адказваць на мае пытаньні».
Паводле Цурпанава ён мог бы і не зьвяртацца ў суд, каб адміністрацыя адрэагавала на ягоныя звароты, якія тычыліся арганізацыі працы на прадпрыемстве. Пазоўнік казаў суду, што накіраваў адміністрацыі больш за дзясятак зваротаў, на якія ён не атрымаў адказаў. У адным з іх ён прасіў прадставіць яму дакумэнты, паводле якіх працоўным налічваюцца заробкі.