Аграном са Смалявіцкага раёну Ганна Крапіўка трапіла ў шпіталь пасьля зьбіцьця за тое, што зьняла на тэлефон, як мясцовыя начальнікі нібыта крадуць з поля капусту. У Сьледчым камітэце абяцаюць праверыць гэты факт.
Пра гісторыю зьбітай на капусным полі спэцыялісткі СФГ «Дружба» Смалявіцкага раёну ў Фэйсбуку распавяла Тацяна Равяка.
З допісу праваабаронцы ў Фэйсбуку можна даведацца, што дзяўчыну зьбілі мужчыны, калі яна зьняла на тэлефон, як яны, верагодна, крадуць з поля яе сельскагаспадарчага прадпрыемства капусту. Гэтымі мужчынамі былі нейкія людзі, якіх дзяўчына назвала «высокімі чынамі ў раёне».
«Зь пераломам рукі ў двух месцах, страсеньнем мазгоў і іншымі пашкоджаньнямі дзяўчына была дастаўлена ў бальніцу. Выклікалі дактары міліцыю (парадак такі), прыехала прадстаўніца Сьледчага камітэту, распытала, паглядзела ацалелыя здымкі, на якіх пазнала каго трэба, і параіла замяць справу. І цяпер пабітая, зьняважаная, запалоханая дзяўчына баіцца нават агучыць гэта», — напісала праваабаронца Тацяна Равяка.
Імя зьбітай жанчыны — Ганна Крапіўка, яна працуе аграномам у гаспадарцы «Дружба» Смалявіцкага раёну. Паводле праваабаронцы Тацяны Равякі, Ганна баіцца за сваю бясьпеку і таму не кантактуе з журналістамі. Сёньня, калі я пазваніў у «Дружбу», там паведамілі, што Ганна працуе ў полі. Тэлефон дзяўчыны на званкі не адказваў.
Калі здарыўся інцыдэнт з удзелам Ганны Крапіўкі?
«Я была ў адпачынку, а калі прыйшла з адпачынку, у яе ўжо рука ў гіпсе. А калі гэта здарылася, ня ведаю», — сказала супрацоўніца гаспадаркі «Дружба», зь якой я размаўляў. Гэтая супрацоўніца вярнулася з адпачынку на пачатку тыдня.
Яны адзін аднаго ведаюць і заўсёды на сувязі. Такая ў іх сыстэма створаная, як „коза ностра“
У Смалявіцкай раённай міліцыі не адказалі на пытаньне, ці разьбіраліся там з гісторыяй зьбітай спэцыялісткі.
«Ніякага камэнтару я не даю. Пад’яжджайце сюды самі і разьбірайцеся з начальствам», — адказаў дзяжурны райаддзелу. Гэта адбылося пасьля таго, як не ўдалося дазваніцца да начальніка смалявіцкай міліцыі.
Паводле зьвестак ад праваабаронцы Тацяны Равякі, да зьбітай дзяўчыны ў шпіталь прыяжджала прадстаўніца Сьледчага камітэту, якая нібыта параіла «замяць справу», пабачыўшы, што на здымках.
У Сьледчым камітэце Беларусі пра гэтыя зьвесткі з Фэйсбуку ведаюць. «У дадзены момант Сьледчы камітэт разьбіраецца з гэтай сытуацыяй», — паведаміў Свабодзе прадстаўнік Сьледчага камітэту Беларусі Сяргей Кабаковіч.
Наколькі рэальная гісторыя пра крадзеж капусты высокімі чынамі ў Смалявіцкім раёне? Журналіст Канстанцін Скуратовіч шмат гадоў жыве пад Смалявічамі і на свае вочы бачыць, што там адбываецца:
«Магчыма цалкам, што тут казаць. Начальнікі тут нічым не абмежаваныя ў сваіх паводзінах. Для іх гэта які крадзеж? Нарэзаць капусты на полі! З задавальненьнем зробяць. Ехалі, спыніліся, накідалі ў багажнік. А яна, відаць, аграномка. Вось і далі ёй у косьці, каб ня лезла. Гэта ж трэба расьсьледаваньне рабіць, а хто яго зробіць? Ніхто не пагодзіцца».
Начальнікі тут нічым не абмежаваныя ў сваіх паводзінах. Для іх гэта які крадзеж? Нарэзаць капусты на полі! З задавальненьнем зробяць. Ехалі, спыніліся, накідалі ў багажнік. А яна, відаць, аграномка. Вось і далі ёй у косьці, каб ня лезла
Канстанцін Скуратовіч даўно назірае свавольствы мясцовых начальнікаў. У прыватнасьці, журналіст згадаў, як у 2006 годзе сына аднаго з раённых кіраўнікоў, які хуліганіў на дыскатэцы, сьцішыў, паклаўшы на зямлю, просты хлапец, які навучаўся самба. «Не прайшло і гадзіны, як хлопца арыштавалі і завялі крымінальную справу, а „высакароднаму хулігану“ — анічога, нават прымусілі перад ім выбачацца», — згадаў Канстанцін Скуратовіч. Паводле ягоных назіраньняў, раённыя чыноўнікі — вельмі салідарная група, у якой сваіх ніколі не здаюць і дапамагаюць адзін аднаму, чым могуць:
«Яны адзін аднаго ведаюць і заўсёды на сувязі. Гэта як у войску, дзе ёсьць такая „сувязь паветранага назіраньня і інфармаваньня“. Вось і яны сочаць за тым, як перамяшчаецца прэзыдэнцкі верталёт, і потым паведамляюць адзін аднаму, куды ён паляцеў, дзе яго можна чакаць. Такая ў іх сыстэма створаная, як „коза ностра“. А верталёт гэты тут заўсёды круціцца, тут жа аэрапорт, маскоўская шаша. Ён жа побач».
У інтэрнэце ўжо зьявіліся зьвесткі, што ўдзельнікамі зьбіцьця Ганны Крапіўкі былі кіраўнік мясцовага ЖКХ і ягоны сябар, былы міліцыянт.