Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гей з Бабруйску: Праз тое, што я не такі, як усе, мяне могуць забіць


ілюстрацыйнае фота
ілюстрацыйнае фота

Да беларускай службы Радыё Свабода зьвярнуўся жыхар Бабруйска. Свайго імя ён прасіў не называць. Хлопец гей. Да свайго ліста дадаў дакумэнты, якія сьведчаць пра ягоныя намаганьні знайсьці справядлівасьць у судовых інстанцыях і структурах выканаўчай улады, каб абараніць сваю чалавечую годнасьць.

Зь іх вынікае, што хлопца моцна зьбілі празь ягоную нетрадыцыйную сэксуальную арыентацыю. Ён не чакае спагадлівага стаўленьня да сябе, але спадзяецца, што ягоны аповед засьцеражэ іншых людзей з такой жа адметнасьцю ад інцыдэнту, які адбыўся з ім.

Пра тое, што давялося перажыць, хлопец апавядае ў адным з паркаў Бабруйску непадалёк ад таго месца, дзе інцыдэнт зь ім і адбыўся. Суразмоўца прыкметна хваляваўся. Апавядаючы сваю гісторыю, ён рэгулярны азіраўся ды ўглядаўся ў мінакоў. Не хаваў, што хацеў бы забыць тое здарэньне, але пакуль гэта ў яго не атрымліваецца.

Суразмоўца прызнаецца, што зьвярнуцца да СМІ ён вырашыў даўно, але спачатку паспрабаваў абараніць сябе праз суд і іншыя дзяржаўныя органы — праўда, дамагчыся свайго пакуль ня выйшла.

Якой будзе рэакцыя грамадзтва, калі яно пачуе на Радыё Свабода гісторыю чалавека зь нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй?

«Знойдуцца тыя, хто скажа, што так яму і трэба», — заяўляе адразу ён. — Яны скажуць, што няма чаго яму распусту пладзіць. А нехта ўсё ж скажа, што меншасьць мусіць мець свае правы. У сваім асабістым жыцьці я сустракаю збольшага тых, якія ставяцца да гэтага нармальна. Яны ведаюць пра мяне. У той жа час ёсьць і такія, якія наагул маёй адметнасьці не ўспрымаюць. Раней такіх было значна болей. Цяпер, відаць, проста такіх людзей пазьбягаю. І цяпер у маім жыцьці іх практычна няма«.

Паводле суразмоўцы, у адзін з красавіцкіх надвячоркаў ён прыйшоў у парк на спатканьне з хлопцам, зь якім больш за месяц ліставаўся праз інтэрнэт. Ля прызначанага месца ўбачыў групу моладзі. Вырашыў сысьці, але не пасьпеў. Яго пачалі зьневажаць, а потым біць. Некаторыя здымалі гэта на мабільныя тэлефоны.

У грамадзе агрэсіўнай моладзі, кажа суразмоўца, чуліся заклікі нават забіць мяне. Сваімі паводзінамі яны дэманстравалі своеасаблівае «геройства», — зазначае хлопец:

«Я мяркую, што яны б ня сталі біць любога, але праз тое, што чалавек адрозьніваецца ад іншых, што ён не такі, як усе, то вырашылі, што такога можна зьняважыць ды пабіць. Зьняць гэта ўсё на камэру і паказаць сваім сябрам, прыяцелям ды знаёмцам».

«Парк быў бязьлюдным, таму зваць на дапамогу не было каго», — працягвае свой аповед суразмоўца. Урэшце яму ўдалося вырвацца, але ненадоўга. Яго дагналі і зноў пачалі біць. Уратавалі жыхары аднаго з дамоў — яны выклікалі міліцыю.

Міліцыянты, цьвердзіць хлопец, пакуль ня ведалі пра ягоную адметнасьць, паставіліся да яго добра. І нават адшукалі тых, хто яго біў:

Калі ж я заявіў у міліцыі пра сваю нетрадыцыйную сэксуальную арыентацыю, то стаўленьне зьмянілася. Пачаліся зьнявагі

«Калі ж я заявіў пра сваю нетрадыцыйную сэксуальную арыентацыю, — згадвае суразмоўца, — і дзеля чаго прыйшоў у парк, то стаўленьне зьмянілася. Пачаліся зьнявагі», — цьвердзіць хлопец.

Тым, як вялося сьледзтва, ён застаецца не задаволеным. Тым ня менш, зазначае, што да міліцыянтаў у любым выпадку трэба зьвяртацца, хоць і не хавае, што цяпер страшна: «Я разумею, што гэта трэба рабіць, — кажа ён, — бо парушаныя твае правы. Іх трэба бараніць. Гэта мая такая пазыцыя. Якая б міліцыя не была, туды трэба пісаць, бо ёсьць факт парушэньня закону. Галоўнае — ня трэба маўчаць».

Бабруйскі суд пакараў адміністрацыйным арыштам аднаго з тых, хто зьбіваў хлопца. Прычыну зьбіцьця, кажа зьняважаны жыхар Бабруйску, у судзе стараліся замаўчаць. Хоць пра яе пацярпелы і казаў: «У судзьдзі была нейкая сарамлівасьць. Яна старалася пазьбягаць гэтай тэмы ды зьвяртаць увагу на тое, што такія людзі як я, ёсьць. У нас заканадаўства не прадугледжвае адказнасьці па прыкмеце за дыскрымінацыю паводле сэксуальнай арыентацыі ».

Такая пазыцыя, як была ў судзьдзі, разважае суразмоўца, характэрная

Часта сутыкаесься з такой пазыцыяй, што да цябе ставяцца як да пэдафіла

для ўлады і грамадзтва: «Яны ня хочуць гэтага бачыць — нібыта гэтага і няма наагул. Часта сутыкаесься з такой пазыцыяй, што да цябе ставяцца як да пэдафіла. Для іх усё адно, што гомасэксуал, што пэдафіл. Усё ідзе толькі зьверху. Навязваецца грамадзтву гамафобнасьць».

Жыхар Бабруйска пасьля таго, што зь ім адбылося, перагледзеў свае паводзіны: «Пасьля таго, як я зразумеў, што мяне могуць забіць праз маю сэксуальную арыентацыю, я лічу неабходным па магчымасьці не адыходзіць увечары далёка ад дому, — тлумачыць ён. — Раней жа я свабодна хадзіў і не баяўся. Я думаю, што ўсё сваё жыцьцё я буду перасьцерагацца, бо мяне могуць забіць, бо я не такі, як усе. Пра гэту гісторыю я стараюся забыць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG