Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзеля «рускага сьвету» ладзіцца сусьветная вайна»


Юры Фяльштынскі
Юры Фяльштынскі

Пра гэта піша гісторык Юры Фяльштынскі, аўтар кніг «ФСБ узрывае Расею» і «Карпарацыя: Расея і КДБ у часы прэзыдэнта Пуціна» (сумесна з У. Прыбылоўскім)

Усім ясна, што ідзе вайна, але зрабіць нічога нельга, таму што ФСБ захапіла ўладу ў Расеі. Гэта адзінае, што мяне сапраўды ўражвае: агульнае разуменьне — і ў Расеі, і за яе межамі, — што вайна непазьбежная, што расейскія войскі ўжо сканцэнтраваныя на мяжы з Украінай, што наступ, хутчэй за ўсё, пачнецца з «усходу» (з Расеі) , і з «поўдня» (з Крыму). Для гэтага Крым і захоплівалі: для стварэньня ваеннага пляцдарму. Відавочна, што гэтая вайна пачнецца ў жніўні або верасьні.

На календары ўжо жнівень. У стогадовую гадавіну Першай сусьветнай, прайшоўшы праз жахі і ўрокі Другой, мы спакойна ўступаем у Трэцюю. І нішто ня можа яе прадухіліць, таму што, як і ў Першую, як і ў Другую, бок, які наступае, разьлічвае, што ахвяра здасца без супраціву — і вайны, уласна, ня будзе. Так лічыла Аўстра-Вугоршчына ў 1914—м, якая пажадала адпомсьціць Сэрбіі за забойства эрцгерцага; так лічыла ў 1939—м Нямеччына, абцяжараная ідэяй аб’яднаньня ўсіх немцаў у межах адзінай дзяржавы. Так сёньня лічаць падпалкоўнік ФСБ Пуцін, генэралы ФСБ Сяргей і Віктар Івановы і ўсе астатнія людзі ў пагонах, якія ўсталі ля ўлады ў Расеі і маюць намер аб’яднаць у межах новай імпэрыі ўвесь «рускі сьвет», хай ён і кепска гаворыць па-руску — хоць з акцэнтам, хоць мацерна, які ёсьць.

«Рускі сьвет» — гэта тое, дзеля чаго ладзіцца новая сусьветная вайна: каб увесь сьвет усьвядоміў веліч Расеі

«Рускі сьвет» — гэта тое, дзеля чаго ладзіцца новая сусьветная вайна: каб увесь сьвет усьвядоміў веліч Расеі (як некалі Эўропа павінна была ўсьвядоміць веліч Нямеччыны, а Азія і Амэрыка — веліч Японіі). У кожнага з бакоў ёсьць свая праўда, таму што кожны абапіраецца на свае факты, якія адрозьніваюцца ад фактаў іншага боку. Так у старыя часы дзьве арміі сутыкаліся ў бітве, і кожная раўла «з намі Бог!», хоць здаровы сэнс падказваў, што ня можа быць Бог адначасова і з тымі, і зь іншымі — калі ён на баку пераможцы. Але ў войнах здаровы сэнс, як правіла, адсутнічае (інакш яны б не пачыналіся).

Ужо некалькі месяцаў у Эўропе, ЗША і Расеі пра вайну гавораць як пра нешта абсалютна звычайнае і непазьбежнае, нядбайна згадваючы яшчэ і наяўнасьць ядзернай зброі. Дзеля «рускага сьвету», якога не было і няма, таму што больш за ўсё рускіх у Расеі вынішчылі самі ж рускія, рускія зноў падышлі да краю прорвы: іх зноў пашлюць на вайну звар’яцелыя кіраўнікі. Толькі зараз гэта ня Ленін, ня Сталін і нават ня Брэжнеў, а група палкоўнікаў і генэралаў КДБ—ФСБ, якія авалодалі Расеяй у выніку хітрай шматхадовай апэрацыі.

Зразумела, у гэтай вайне будуць гінуць ня толькі рускія (і гэта вялікая «палёгка»). Толькі рускіх у гэтай вайне, як заўсёды, загіне больш. Гэтым разам вайна будзе не за сусьветнае камуністычнае панаваньне, а за «рускі сьвет», але трунаў менш ня стане. Іх, як заўсёды, ніхто ня будзе лічыць; іх ня будуць паказваць расейскія тэлевізійныя каналы. Але энтузіязм, зь якім сёньня ў Расеі гавораць пра вайну з Украінай, зьнікне нават у расейскіх палітыкаў, хоць іх дзеці на пачатковым этапе гінуць ня будуць. Будуць гінуць іншыя дзеці.

Ці павінен я ў заключэньне з наіўнасьцю выгукнуць, што расейскую агрэсію ва Ўкраіне неабходна спыніць любой цаной на самым раньнім этапе, пакуль не пачалася вялікая вайна? Павінен. Выгукнуў! Было б добра, каб гэта слабы крык пачулі ў Расеі. Пакуль ня позна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG