Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гуманітарныя гранаты» для Луганску


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Сто гадоў таму ў Маскве зьбіралі дапамогу салдатам, якія ваявалі з германцам і аўстрыякам. Вядомы мастак Канстанцін Каровін намаляваў патрыятычны дабрачынны плякат. Зьлева князь Дзьмітры Данскі, справа сьпіс.

Патрыятычны плякат Канстанціна Каровіна 1914 году
Патрыятычны плякат Канстанціна Каровіна 1914 году

Людзей заклікалі ахвяраваць «цёплую адзежу, насільнае плацьце, сподняе, абутак, харчовыя прадукты» — «параненым, якіх па выздараўленьні адпраўляюць на сваё жыхарства і сем’ям запасных у патрэбе — удовам і сіротам».

«Сьпіс Стралкова»

Праз сто год на вуліцах Масквы на мітынгах і пікетах зьбіраюць «гуманітарную дапамогу» для тэрарыстаў у Данецку і Луганску. Сайт «Эхо Москвы» цытуе аратараў, у якіх быццам штосьці здарылася з дахам: «Наваросія — своеасаблівая Брэсцкая крэпасьць на шляху міжнародных тэрарыстаў, што абвясьцілі вайну славянскаму сьвету». Купка ўраджэнцаў Луганску на мітынгу таксама прысутнічала, але ваяваць яны не паедуць, будуць рамантаваць масквічам кватэры надалей, лічыць журналіст.

На адным маскоўскім пікеце байцы «казачай арміі» зьбіралі грошы, паказваючы даверанасьць «ад афіцыйнага прадстаўніка ЛНР у РФ Гранкіна». Каб яны былі «з царом у галаве», надзелі б будзёнаўкі. Ні для каго не сакрэт, што Луганск, савецкая назва — Варашылаўград, быў горадам аднаго з двух чырвоных камандармаў-паплечнікаў, якія шашкамі шаткавалі як капусту казацкіх ворагаў і песьня была бадзёра-шчымлівая «Братишка наш Будзённый и Ворошилов с ним».

На мітынгу і пікетах ад масквічоў патрабавалі здаваць для баевікоў у Данбасе начныя прыцэлы і снайпэрскія, абоймы для зброі, кабуры, сапёрныя рыдлёўкі, радыёстанцыі, цеплавізары, карацей рэчы першай неабходнасьці з гэтак званага «Сьпісу Стралкова». Трэба таксама прыносіць запчасткі для бронетэхнікі і гармат, як піша ў фэйсбуку адзін зь відавочцаў. Арганізатары збору «гуманітарнай дапамогі» не забыліся і пра «дзіцячае харчаваньне, цыгарэты і тушонку», іх таксама трэба здаваць.

Патронны завод

Луганск сам па сабе горад баявы. На гераізм яго настройвалі яшчэ партыйныя кіраўнікі: абкам, гаркам, райкамы. Рыхтавалі, можна сказаць, да абароны. Чытаеш цяпер луганскую хроніку: дзе і як стралялі, дзе ўпалі снарады, і то пацэляць у квартал герояў Брэсцкай крэпасьці, то іншых герояў ці партыйных начальнікаў. У назвах вулічных назвах прысутнічаюць таксама партызаны, танкі і ракеты.

Як вынікае з хронікі, асабліва дбаюць пра ваенную абстаноўку «тэрарысты з блёк-поста на мосьце цераз раку Лугань»: то ў газакампрэсарную станцыю паляць, то ў электрасеткі. І нарэшце пацэлілі: без электрычнасьці спыніліся помпы водаканалу, і жыхары кінуліся да фантанаў набіраць ваду. І яшчэ вынік: снарадамі зьнішчана большасьць сьмецьцявозаў. Сьмецьце працягваюць зьбіраць, хоць вывозіць няма чым, а надвор’е 31 градус цяпер. Не працуюць сьветлафоры, сувязь, не ажыцьцяўляюцца плацяжы. Грошы не атрымаеш і ў краму ня сходзіш.

З пункту гледжаньня абароны самому Луганску ўвогуле цаны няма дзякуючы патроннаму заводу. Між іншым у цяперашняй Украіне прадпрыемства (існуе з 1795 году) было прыватным! Працытую летнюю заводзкую хроніку і зраблю гэта пры дапамозе расейскіх інтэрнэт-выданьняў. 1 чэрвеня: «Група ўзброеных людзей у камуфляжнай форме захапіла луганскі патронны завод. Невядомыя назвалі сябе прадстаўнікамі самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі (ЛНР)».

Ня ведаю, як паведамілі пра падзею дзяржаўныя расейскія рупары, не выключаю, што прасьлязіліся да радасьці. Тым больш усё пайшло ў «апалчэнцаў» на лад. 30 чэрвеня: «Патронны завод узяты пад ахову напачатку месяца. Надалей яго плянуюць нацыяналізаваць, пакуль вядзецца падрыхтоўка да гэтага працэсу», паведаміла Аксана Чыгрына «з прэс-службы ЛНР».

Але плян перавыканаць не пасьпелі. 28 ліпеня: «Украінская авіяцыя нанесла ракетна-бомбавы ўдар па луганскім патронным заводзе імя Леніна. Напярэдадні тэрарыстам удалося наладзіць вытворчасьць патронаў для ўласных бандаў. Пробная партыя патронаў пайшла на перадавую».

Польскія яблыкі

Польшча сёньня яблычны рай. У палякаў найбольш садоў і яблыкі звычайна выдатныя. Пуцін вырашыў згнаіць іхнія яблыкі, забараніўшы ўвоз у Расею. Варшаўскае тэлебачаньне адзначае: гэта таксама ўдар па польскіх перавозчыках... Зусім нядаўна была ў мяне дзіўная даволі сустрэча. На запраўку заруліла аўтафура, на якой па-ангельску было напісана: «Украіна, Луганск і адрас — вуліцы Гастэлы...» Нікога яна не зацікавіла, але я падышоў. Кіроўца марудзіў. Самае нечаканае: машына мела польскія нумары.

Кіроўца-паляк, сівы і ва ўзросьце, расказаў, што вяртаецца цяпер з Расеі, возіць у Маскву і Пецярбург садавіну, польскія тавары. Прычэпы, па яго словах, належалі «магутнай транспартнай фірме» з Луганску, у якой было перад вайною дзьвесьце грузавікоў. Палякі сканфіскавалі дзьве на мяжы за кантрабанду цыгарэт ці чагось іншага. А гаспадар адной польскай фірмы іх выкупіў. Кіроўца мне сказаў, што як пачалася вайна, ва Украіну ён сам больш ня езьдзіў. Але не зьбіраецца «замазваць украінскія надпісы», няхай расейцы бачаць. Ня ведаю, ці будзе надалей у паляка праца, калі Пуцін яго, лічы, пазбавіў заробку.

Паразмаўляць даўжэй не атрымалася, той заправіўся і паехаў. Сказаў яшчэ толькі, што гаспадар луганскай фірмы памёр, меўшы 88 гадоў, і што справу перанялі ягоныя сыны. Ну, а колькі з двухсот машын ім удалося захаваць — вялікая пытаньне: у данбаскай хроніцы пастаянныя паведамленьні аб тым, што тэрарысты адбіраюць ці проста крадуць машыны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG