Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бандарэнка і ягоны адвакат заяўляюць пра неаб’ектыўнасьць працэсу і просяць адводу судзьдзі


Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка

Суд вядзецца неаб’ектыўна, з абвінаваўчым ухілам, — заяўляе Андрэй Бандарэнка. «У дадзеных умовах маё права на абарону судзьдзёй парушана».

Бандарэнка заяўляе, што судзьдзя Ала Абакунчык адхіліла больш за пяць хадайніцтваў абароны, якія былі накіраваныя на высьвятленьне верагоднасьці паказаньняў сьведкі Дурманавай і пацярпелага Яворскага. Абарона лічыць гэтыя паказаньні хлусьлівымі і прапаноўвала шэраг захадаў, каб высьветліць несупадзеньні і несапраўднасьці.

Андрэй Бандарэнка зазначыў, што ніводзін са сьведак, якіх ён заяўляў у працэсе, ня быў выкліканы ў суд. Апроч таго, некаторыя сьведкі былі заслуханыя ня ў тым парадку, якога дамагаліся Бандарэнка і ягоны абаронца. Так, сьведка міліцыянт Курэйчык дапытаны ў адсутнасьць пацярпелага Яворскага, гэтаксама як і сьведка Дурманава, хоць яны сьведчаць па адным эпізодзе. На думку Бандарэнкі, гэта яўны паказьнік неаб’ектыўнасьці суду.

Дар’я Ліпкіна, адвакат Андрэя Бандарэнкі, падтрымала адвод судзьдзі. Яна адзначыла, што працэс праходзіць ва ўмовах, калі адхіляюцца ўсе намаганьні абароны. Па словах адваката, у судзе няма фактычнай роўнасьці бакоў абвінавачаньня і абароны.

Абвінаваўца Аляксандар Бароўскі выступіў супраць адводу судзьдзі. На яго думку, для адводу няма дастатковых прычынаў, бо судзьдзя мае права адхіляць тыя ці іншыя хадайніцтвы і вызначаць парадак апытаньня сьведак.

Судзьдзя Абакунчык свой адвод адхіліла.

Працэс над Андрэем Бандарэнкам пачаўся 29 ліпеня ў Кастрычніцкім судзе Менску. Андрэя Бандарэнку абвінавачваюць ва ўчыненьні хуліганскіх дзеяньняў, спалучаных з ужываньнем фізычнай сілы.

Справу расьсьледаваў Кастрычніцкі райаддзел Сьледчага камітэту па Менску.

Падчас расьсьледаваньня былі ўстаноўлены тры эпізоды хуліганскіх дзеяньняў, учыненых абвінавачаным. Два зь іх зьвязаныя з ужываньнем гвалту ў адносінах да жанчын. Дзеяньні Бандарэнкі кваліфікаваныя сьледчымі як злачынствы, прадугледжаныя ч.1, ч.2 і ч.3 арт. 339 Крымінальнага кодэксу (хуліганства, злоснае хуліганства і асабліва злоснае хуліганства).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG