На працэсе па справе Андрэя Бандарэнкі, які праходзіць ў Кастрычніцкім судзе Менска, ў другой палове дня 4 жніўня былі дапытаныя экспэрты Інэса Наўмік і Ніна Адамчык.
Яны рабілі экспэртызы па справе. У тым ліку сьледзтва пыталася ў экспэртаў, ці маглі траўмы галавы, якія атрымала пацярпелая Тацяня Радзьён, быць нанесеныя ёй звязкай ключоў? Экспэрт Інэса Наўмік адказала на гэтае пытаньне станоўча, але на судзе яна пацьвердзіла, што гэта толькі «сьцвярджэньне пра меркаваньне»: што траўмы маглі быць нанесеныя «тупым і цьвёрдым прадметам, як ключы, альбо іншым прадметам».
Сьледзтва мяркуе, што Андрэй Бандарэнка біў пацярпелую Тацяну Радзіён менавіта звязкай ключоў па галаве і на гэтай падставе праваабаронцу выставілі абвінавачаньне ў злосным хуліганстве, што пагражае яму 10 гадамі зьняволеньня. Бандарэнка з такой кваліфікацыяй ня згодны. Абвінавачаны прызнаў, што наносіў ўдары пацярпелай рукой, але патлумачыў, што адбіваўся ад яе, бо жанчына укусіла яго за палец і ключамі «дакладна не быў».
Сёньня абарона Бандарэнкі хадайнічала, каб была праведзеная мэдычна-судовая экспэртыза траўмы, якую атрымаў сам Бандарэнка падчас канфлікту з Радзіён, але суд хадайніцтва адхіліў. Не стаў суд разьбірацца і са скураной курткай, у якой абвінавачаны быў падчас бойкі з Тацянай Радзіён. Бандарэнка не выключае, што ён мог замком на рукаве курткі нанесьці пацярпелай ссадзіны на галаве.
«Калі сьледзтву дазволена на падставе меркаваньня рабіць высновы, трэба было б праверым і іншыя меркаваньні», — прапанаваў Андрэй Бандарэнка. На гэта прадстаўнік пракуратуры запярэчыў: «Калі гэта былі не ключы, ў чым пераканана сьледзтва, то не пацьвердзіцца кваліфікацыя пра злоснасьць злачынства. А чым іншым нанасіліся траўмы — не справа гэтага разьбіральніцтва» — заявіў прадстаўнік пракуратуры Аляксандар Барынаў. Суд з гэтым пагадзіўся.
Экспэрты выказаліся адносна цяжкасьці нанесеных Бандарэнкам пашкоджаньняў Тацяне Радзіён. Траўмы маладой жанчыны экспэрт Наўмік лічыць лёгкімі, якія не прывялі да шкоды здароўя.
А вось адносна траўмы, якую атрымаў пацярпелы Артур Яворскі, ў судзе пэўных зьвестак не прагучала. «Скажыце, ці мог Яворскі пасьля ўдару, які ён атрымаў ад мяне, страціць прытомнасьць, як ён кажа, на 20 хвілін?» — спытаў Бандарэнка ў экспэрта Адамчык. Экспэрт рашуча адказала «Не» і заматала галавой, аднак ў той самы момант судзьдзя Ала Абакунчык заявіла, што здымае гэтае пытаньне. Такім чынам адказ экспэрта ў пратакол працэсу пэўна не занесены.