Беларусь чарговы раз зьмяніла мытныя правілы для грамадзян Мытнага саюзу, якія перасякаюць мяжу з Эўразьвязам. Зьмена дадае абмежаваньняў. Цяпер праз пагранпераходы можна бязмытна правозіць значна меней тавараў, чым раней. Найперш гэта датычыць тых, хто езьдзіць за мяжу часта.
На сайце Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі апублікаваны новыя «мэтадычныя рэкамэндацыі па вызначэньні прызначэньня і кошту тавараў, якія перамяшчаюцца фізычнымі асобамі». Навацыі закранаюць перш за ўсё тых, хто часта перасякае мяжу.
На Гарадзеншчыне навіна асабліва актуальная, бо праз памежныя пераходы цяпер можна і пераходзіць пешшу, і пераяжджаць на ровары. Гэта шмат каго заахвочвае проста схадзіць, прыкладам, пасьля працы ў суседнюю Польшчу, каб набыць там у краме таньнейшых харчоў.
Цяпер пры частаце перамяшчэньня, да прыкладу, раз на 7 дзён бязмытна можна будзе прывезьці ў Беларусь ня болей за 5 кг харчоў, у тым ліку ня болей за 1 літар алькаголю і ня болей за тры найменьні тавараў, прычым толькі па адзінцы кожнага.
Калі ўезд у Беларусь адбываецца паўторна на працягу сутак, то ўсе тавары і харчы, акрамя неабходных на час руху, будуць абкладацца мытам.
Побач з памежным пераходам «Брузгі» сёньня ня вельмі людна, тым ня менш час ад часу з боку мяжы пешкі цягнуцца людзі з сумкамі ў руках. Цікаўлюся ў юнака з заплечнікам — ці дзейнічаюць ужо мытныя навацыі?
Я вось сёньня бачыла, як людзей зь мінэральнай вадой паставілі на чырвоны канал
Юнак: «Ну вось глядзіце, я нёс пляшку Марціні, піва, некалькі алькагольных кактэйляў, ну, яшчэ кава і розныя дробязі. А хаджу праз суткі прыблізна, і сёньня мне яшчэ нічога не сказалі».
Праўда, юнак кажа, што ўжо чытаў у інтэрнэце пра новыя правілы і думае, што далей яго пачнуць правяраць па-іншаму.
А вось падыходзіць цэлая група людзей. Тут дзьве сямейныя пары. Яны далучаюцца да нашае размовы і вельмі абураныя новымі правіламі.
Спадар: «Гэта папросту парушэньне правоў чалавека...»
Ягоная жонка: «Ну чаму нельга перавезьці кожны дзень 5 кг харчоў? Я вось сёньня бачыла, як людзей зь мінэральнай вадой паставілі на чырвоны канал».
Карэспандэнт: «Яны так шмат везьлі мінэральнае вады?»
Спадарыня: «Адна ўпакоўка — 6 бутэлек. Сказалі, гэта зашмат. Але ж такая сьпёка, лета...»
Адна ўпакоўка — 6 бутэлек. Сказалі, гэта зашмат. Але ж такая сьпёка, лета
Спадар: «А навошта ў Беларусі наагул харчы купляць, калі я за тое самае ў Польшчы заплачу ўсяго адну траціну цаны?..»
Спадарыня: «Ну гэта ж нармальна, калі ты едзеш з Польшчы і купіў тых самых ёгуртаў, хлеба, кавы... Я ж тут не дзясяткамі пачак важу, а для сябе купляю...»
Яшчэ адна спадарыня кажа, што ходзіць сюды ў такую сьпёку не ад добрага жыцьця:
Спадарыня: «Таму што не пражывеш на два мільёны, гэта адназначна, і пра гэта ўсе ведаюць. Я хаджу яшчэ на адну працу, каб хоць нешта зарабіць, бо інакш не пражывеш. Грыбы перабіраю на мыйцы, бо на 2 млн немагчыма пражыць. І тут я, як усе, нясу харчы, бо ў нас вельмі дарагія цэны, вельмі дарагія. Ну, а дзе ў нас добрую працу знойдзеш? Каб хоць дзяцей недзе ўсунуць, і то — каб узялі, то трэба некаму заплаціць...»
Іншая спадарыня: «А наша дзіця есьць толькі ёгурты, што ў Кузьніцы купляем. Садавіна з Польшчы нашмат смачнейшая, чым у нас, асабліва прывазная. У нас жа таксама яе не вырошчваюць, а завозяць. То чаму я павінна купляць у нас даражэй, калі магу купіць у Польшчы таньней?..»
Там насамрэч усё таньнейшае, таму людзі і ходзяць. Людзі эканомяць на гэтым. І тыя самыя пэнсіянэры, у якіх малая пэнсія, ходзяць туды
А вось маладыя людзі кажуць, што такім чынам улады хочуць спыніць паток людзей, які штодня кіруецца ў Польшчу па харчы. Вось іхнія аргумэнты:
Дзяўчына: «Нашмат усё таньнейшае тут...»
Хлопец: «І якасьць харчоў лепшая. Кіляграм сасісак мы купляем за 20 тысяч на нашы грошы, а ў нас гэта каштуе сорак і болей...»
Дзяўчына: «Малочныя харчы больш якасныя: тварог, сыр, масла. У два, паўтары раза ўсё таньнейшае...»
А вось спадар сустрэў жонку і дачку, якія вярнуліся з поўнымі сумкамі харчоў.
Спадар: «Там насамрэч усё таньнейшае, таму людзі і ходзяць. Людзі эканомяць на гэтым. І тыя самыя пэнсіянэры, у якіх малая пэнсія, ходзяць туды. А тое, што робяць правілы больш жорсткія, то ад гэтага пацярпяць найперш пэнсіянэры, студэнты, у якіх стыпэндыі малыя. Ну неяк жа трэба людзям жыць...»
Іншы спадар: «Ды ў нас заўсёды толькі робяць больш жорсткія правілы. Але ж мы туды не ад добрага жыцьця ходзім. Была б у нашых бабулек добрая пэнсія, то сядзелі б у хаце. Вунь паглядзіш за мяжой — добрая пэнсія, то пэнсіянэры ва ўзросьце 70 гадоў гуляюць сабе за ручкі ўзяўшыся, бо могуць сабе гэта дазволіць, і падарожнічаюць. А нашы пэнсіянэры глядзяць толькі, як выжыць...»