Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беласточчына і найвялікшая падзея ХХ стагодзьдзя


Плюцічы, верасень 1991

Раньняй восеньню 1991 году, зьбіраючы подпісы за кандыдатаў у польскі Сэйм і Сэнат ад Беларускага выбарчага камітэту, я патрапіў у вёску Плюцічы (націск на першы склад) на Беласточчыне. Хоць вёска была велікаватая, але народу ў Плюцічах было няшмат, як наогул у большасьці вёсак зь беларускім насельніцтвам, таму і подпісаў я сабраў там няшмат. Але на ўсё жыцьцё мне запомнілася сустрэча зь дзядулем і бабулькай на адным плюціцкім панадворку.

На выгляд абаім было гадоў па 80 або і болей, але рухаліся яны яшчэ даволі жвава і розум у абаіх быў ясны. Калі я папрасіў іх падпісацца пад беларускім выбарчым сьпісам, дзядуля паслаў бабулю ў хату па пашпарты, а мне прапанаваў прысесьці на лаве каля хаты. Дзядок паведаміў мне, што галасаваць на выбарах яны з бабкай ня пойдуць, бо ім зацяжка — іхні выбарчы ўчастак знаходзіцца ў Храбалах (націск на апошні склад) каля шашы Беласток-Бельск, кілямэтраў шэсьць-сем ад іхнай вёскі. Ну але падпісацца за сваіх кандыдатаў яны падпішуцца, чаму ж і не. Я запытаўся ў яго, ці ён мясцовы, то бок плюціцкі, ці, можа, прыйшоў у прымакі зь нейкай іншай вёскі. Дзядок разгаварыўся, сказаў, што ён мясцовы і што ўсё жыцьцё пражыў у Плюцічах, акрамя некалькіх гадоў у дзяцінстве, калі ягоная сям’я, як і ўсе людзі зь вёскі, эвакуавалася ў Расею — падалася ў гэтак званае бежанства. Калі мы вярнуліся з Расеі назад у Плюцічы, сказаў мне той дзед (сёньня я ўжо ня помню, які год вяртаньня ён назваў), то ўбачылі дзіва — над страхою нашай хаты красавала вішня! Аказалася, з костачкі вішні, якую нехта кінуў на гліняную або земляную падлогу хаты перад выездам у Расею ў 1915 годзе, вырасла вішнёвае дрэва, якое прабіла страху, імкнучыся да сонца...

Калі бабуля прынесла пашпарты і я перапісваў іхныя нумары ў свае выбарчыя аркушы, я заўважыў, што абое паставілі свае подпісы ў пашпартах поўным прозьвішчам кірыліцай... Ах вось што — яны хадзілі ў школу яшчэ за цара, а пад Польшчай ужо не, таму па-польску ня ўмелі пісаць! На маіх выбарчых аркушах яны таксама падпісаліся кірыліцай.

Я пакінуў той панадворак з комам у горле...

Беласточчына, ліпень-жнівень 1915

Памяць пра бежанства 1915 году заставалася жывой сярод нашага праваслаўнага народу на Беласточчыне да канца мінулага стагодзьдзя. Неверагодна, але яшчэ ў 2000 годзе, калі журналісты беластоцкай «Нівы» выдалі кнігу «Бежанства 1915» з успамінамі беластоцкіх беларусаў пра тую падзею, у тым самым 2000 годзе ўсё яшчэ ўдавалася знаходзіць суразмоўцаў, якія помнілі часы эвакуацыі ў Расею і хацелі падзяліцца сваімі ўспамінамі...

Калі запытаеце беластоцкага беларуса з майго пакаленьня пра тое, якую падзею ён лічыць найважнейшай для гісторыі і лёсу беларусаў у Польшчы, дык у сярэднім 9 чалавек з 10 адкажа вам, што такой падзеяй была масавая эвакуацыя праваслаўнага насельніцтва з заходніх ускраін Расейскай імпэрыі ў 1915 годзе. Чаму?

Калі адказаць коратка, дык у 1915 годзе праваслаўныя Беласточчыны пакінулі сваю краіну, у якой яны былі паўнапраўнымі грамадзянамі, ды вярнуліся праз чатыры-пяць гадоў, а часам і праз болей, у іншую краіну, чужую ім, у якой яны сталі амаль бяспраўнымі жабракамі. І, асабліва падкрэсьлім, яны сталі людзьмі непісьменнымі. Гэта не перабольшаньне. Вось як значэньне масавага перасяленьня беларусаў углыб Расеі і іхнага вяртаньня ў адроджаную ў 1918 годзе Польшчу тлумачыць прафэсійны гісторык Яўген Мірановіч ва ўводзінах да згаданай мною кнігі «Бежанства 1915»:

«Аднаўленьне маёмасьці, якую бежанцы патрацілі ў 1915 г., трывала амаль цэлае міжваеннае дваццацігодзьдзе. Бежанства забрала ўсё, што выпрацавалі некалькі пакаленьняў беларусаў. Адбудове не спрыяла бяздушная фіскальная палітыка польскай дзяржавы. Таму сацыяльныя і эканамічныя праблемы беларусаў ІІ Рэчы Паспалітай рашуча паўплывалі на іх палітычную, а нават рэлігійную арыентацыю. Большасьць запамятала прыніжальную галечу, недахоп харчоў і пастаянныя праблемы з сплатай падаткаў. Каб зарабіць грошы, людзі шукалі працы ў фальварках, часам адлеглых некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад роднай вёскі, пасылалі дзяцей на цэлае лета пасьвіць кароў за два цэнтнэры жыта. Католікі, якія жылі побач, не патрабавалі кожную залатоўку прызначаць на аднаўленьне гаспадаркі і таму запамяталі зусім іншы, чым праваслаўныя, вобраз даваеннай Польшчы. Палякі жылі ў сваёй краіне. У школах, касьцёлах, дзяржаўных установах паўтараліся лёзунгі, якія польскім грамадзтвам успрымаліся з адабрэньнем. Дзяржаўная прапаганда зьвяртала ўвагу на перамогу ў вайне з Расеяй. Усход паказваўся як прастора прымітывізму, у якую цывілізацыю заўсёды прыносілі палякі. Сярод беларусаў такая прапаганда замацоўвала толькі апазыцыйнасьць да польскай дзяржавы. Бачылі яны багатую царскую Расею, а ў Польшчы жылі на ўзроўні жабрацкага стану. Антыбеларускасьць і несумленнасьць польскіх чыноўнікаў і паліцыянтаў замацоўвала разыходжаньні паміж беларусамі і дзяржавай. Тысячы былых бежанцаў паверылі камуністычным арганізацыям, што ў Савецкім Саюзе пасьля заканчэньня вайны настаў час вялікага дабрабыту, а ўлада сапраўды апынулася ў руках рабочых і сялян. Ва ўмовах міжваеннай Польшчы людзі хацелі верыць у нейкі цуд, шукалі надзеі на лепшую будучыню. Таму для адных такую надзею давалі камуністы, для іншых — лідэры шматлікіх сэктаў».

Як ацэньваюць дасьледнікі, царскія ўлады схілілі ў ліпені-жніўні 1915 году каля 1,5 мільёна ў асноўным праваслаўных беларусаў Віленшчыны, Гарадзеншчыны, Беласточчыны і Берасьцейшчыны пакінуць іхныя дамоўкі і падацца ўглыб Расеі. Расейская армія летам 1915 году адступала на ўсім фронце перад немцамі, пакідаючы ім і Прывісьлянскі край, і заходнія губэрні Расейскай імпэрыі. Расейскі штаб вырашыў, што трэба перасяліць жыхароў Заходняй Беларусі на ўсход ды зьнішчыць іх маёмасьць, каб такім чынам ускладніць немцам забесьпячэньне харчамі. Але гэткая стратэгія, якая магла спрацаваць (і насамрэч спрацавала) у часы паходу Напалеона на Маскву, была пазбаўленая сэнсу 100 гадоў пазьней, у 1915-м, калі чыгуначны транспарт вырашаў усе праблемы забесьпячэньня войска. Людзей у Заходняй Беларусі і царскія чыноўнікі, і праваслаўныя сьвятары схілялі да выезду, распавядаючы аб нібыта жахлівых зьверствах немцаў — ва ўспамінах уцекачоў зь Беласточчыны паўтараюцца згадкі пра тое, што немцы, якіх раней ніхто на вочы ня бачыў, нібыта адразаюць грудзі жанчынам і выколваюць вочы дзецям ды забіваюць усіх мужчын. Гэткая прапаганда займела свой уплыў. У сярэдзіне 1915 году сотні тысяч напалоханых праваслаўных пакінулі свае дамы і палеткі, загрузілі на вазы столькі з хатніх пажыткаў, колькі здолелі, і пацягнуліся на ўсход. Вярнуліся, зразумела, далёка ня ўсе. Людзі масава паміралі па дарозе ў царскую Расею, і яшчэ больш масава па дарозе назад, з Расеі, ахопленай рэвалюцыйным пажарам і дзікай разьнёй.

Чаму нацыянальнае беларускае жыцьцё ў міжваеннай Польшчы было такое слабое або яго наогул не было? Частку адказу на гэтае пытаньне даў працытаваны вышэй гісторык Яўген Мірановіч. Жабраку трэба найперш хлеб, каб не памерці ад голаду, а ня кніжкі, школы і нацыянальная сьвядомасьць.

Ад сябе дадам вось яшчэ такую рысу. Немцы на акупаванай тэрыторыі Заходняй Беларусі арганізавалі асьветную сыстэму на нацыянальных мовах, стварыўшы ўпершыню і сетку школаў на беларускай мове. На Беласточчыне і Гарадзеншчыне фактычна не было каму гэтых беларускамоўных школаў адчыняць, таму што гэта быў амаль бязьлюдны край. Заставаліся, праўда, беларускамоўныя католікі, але яны да беларускамоўнай адукацыі ня надта хіліліся. Паводле гісторыка Ўладзімера Ляхоўскага, з 150 беларускамоўных пачатковых школаў, створаных немцамі ў 1915-1918 гг., толькі 10 дзейнічалі ў каталіцкім асяродзьдзі. Праваслаўных беларусаў на акупаванай тэрыторыі было вельмі мала, а таму і вучыць па-беларуску не было каго. Бо пра адукацыю беларускамоўных католікаў парупіліся палякі — на польскай мове, зразумела, і ў польскім духу.

Адзін абзац я напішу ва ўмоўным ладзе. Выбачайце. Вось калі б праваслаўныя Беласточчыны не падаліся ў бежанства, а засталіся ў сваіх вёсках, і немцы адчынілі б для іх яшчэ 200 пачатковых школаў, то ці ня думаеце, што беларуская нацыянальная сьвядомасьць сярод маіх землякоў была б значна мацнейшай? Я думаю, была б. І яшчэ я думаю, што Беласточчына, якой пасьля Другой сусьветнай вайны пашанцавала не апынуцца ў Савецкім Саюзе, магла б сапраўды стаць «беларускім П’емонтам» для камуністычнай БССР і посткамуністычнай Рэспублікі Беларусь. А так — маем тое, што маем: і па адзін, і па другі бок «лініі Керзана» беларускі дух мадзее і гібее.

Ляхі, верасень 1915

Памяць пра бежанства, вядома, жыла і ў маёй сям’і. У бежанстве была мая бабка Марыя, але яна памерла ў 1967 годзе, калі я быў яшчэ замалы, каб запомніць нешта канкрэтнае зь ейных аповедаў пра царскую Расею, якую яна ўбачыла недзе там, у Тамбоўскай або Разанскай губэрні. У бежанства таксама падаўся і мой дзед Іван, у той час сямнаццацігадовы хлопец, але ягоная сям’я вырушыла ў Расею даволі позна, у верасьні, і яе на дарозе перапынілі немцы ды загадалі вярнуцца назад, у сваю вёску. Дзедава вёска, у якой ён пражыў 81 год, называлася Ляхі (націск на другі склад). Так што дзед са сваёй сям’ёй вярнуўся ў бязьлюдную мясьціну — дый наогул у бязьлюдны край, бо ўсе навакольныя вёскі таксама пуставалі — і жыў у гэтай пустэчы гадоў чатыры-пяць, пакуль з ахопленай бальшавіцкім пажарам Расеі не пачалі вяртацца ранейшыя аднавяскоўцы. Калі я ўжо падрос настолькі, што стаў разумець, чым была Расея і чым была Польшча ў часы дзедавага юнацтва і маладосьці, ён распавядаў мне, як неаднойчы з бацькам і братамі яны выяжджалі ў суседнія вёскі і раскопвалі такі ў чужых клунях, шукаючы схаванага збожжа. Людзі, якія выяжджалі ў Расею, закопвалі збожжа на сваіх дварах на выпадак, калі б трэба было праз год вярнуцца назад і зноў абсейваць свае палеткі. Мой дзед вярнуўся раней за іншых і пастанавіў пакарыстацца ня толькі збожжам, якое ён сам схаваў на сваім прыгуменьні, але і чужым збожжам з чужых двароў.

Яшчэ ў нашай сямейнай памяці застаўся адзін эпізод з 1917 году, калі моцна занядужаў дзедаў бацька, а мой прадзед Лук’ян. Дзед завёз свайго бацьку фурманкай у Бельск да лекара, але Лук’ян быў настолькі мажным і цяжкім мужчынам, што дзед ня даў рады зьняць яго з воза, ня кажучы пра тое, каб занесьці бацьку да лекара. І ніхто зь бельскіх мінакоў — ні габрэяў, ні католікаў, якія ў ніякае бежанства не паехалі — не захацеў яму дапамагчы. А выручыў яго выпадковы нямецкі вайсковец, які ўбачыў ягоны клопат і запыніў некалькіх мінакоў ды распарадзіўся, каб яны дапамаглі дзеду занесьці бацьку ў кабінэт да лекара... І як тут было паверыць царкоўнай прапагандзе, што іншыя немцы адразалі грудзі жанчынам і выколвалі вочы дзецям?

Бежанства 1915 году і, шырэй, Першая сусьветная вайна, як здаецца, сталі часам, зь якога сярод нашага праваслаўнага народу на Беласточчыне пачаўся заняпад аўтарытэту Праваслаўнай царквы. Вось як пра гэта піша Яўген Мірановіч:

«Апорай для бежанцаў у той час ня стала таксама Царква. Былі яны сьведкамі перасьледаваньня бальшавікамі сьвятароў у Расеі. У Польшчы праваслаўе атаясамлівалася з царскай уладай. Па гэтай прычыне як дзяржава, так і Каталіцкі касьцёл вялі палітыку абмяжоўваньня грамадзкага значэньня Царквы. У канцы дваццатых гадоў улады выкарыстоўвалі праваслаўных япіскапаў і сьвятароў для палянізацыі вернікаў, што вяло да іх кампрамэтацыі. Яўнае супрацоўніцтва праваслаўнага кліру з уладамі пазбаўляла яго магчымасьцяў уплываць на вернікаў. У выніку шмат праваслаўных вельмі хутка апынулася ў сэктах, якія разьвіваліся паводле прывезеных з Расеі ўзораў. Лідэры сэктаў найчасьцей прапанавалі ўцёкі ад рэальнасьці і супольнае чаканьне канца сьвету. Некаторыя вызначалі нават дакладную дату апакаліптычнага канца...»

Ну вось, мабыць, і вы самі ўжо зразумелі, чаму для беластоцкіх беларусаў самай значнай падзеяй у ХХ стагодзьдзі было бежанства 1915 году, а не, скажам, прыход бальшавікоў у 1939 ці прыход «другога немца» ў 1941. Пабачыўшы тое, што тварылася ў Расеі пасьля бальшавіцкага перавароту ў 1917, нашы людзі ужо тады зразумелі, што ад гэтага сьвету можна чакаць чаго заўгодна. А таму і занадта не дзіваваліся і ня ўпарціліся, калі пасьля сьмерці Сталіна польскія камуністы пастанавілі зрабіць іх беларусамі...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG