Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выхавацельку прытулку вінавацяць у зьбіцьці прыёмных дзяцей


Ірына Моцная
Ірына Моцная

У райцэнтры Клімавічы, што на Магілёўшчыне, былую выхавацельку дзіцячага дому сямейнага тыпу Ірыну Моцную вінавацяць у самаўпраўстве.

Яна нібыта не хацела аддаваць прыёмных дзяцей, пасьля таго як яе звольнілі з прытулку. Дзіцячы дом рашэньнем райвыканкаму ўжо расфармаваны. Прыёмных дзяцей у Ірыны Моцнай забралі ў той час, калі яе і двух яе сыноў на адзінаццаць гадзін затрымала міліцыя. Паводле жанчыны, у міліцыю іх даставілі гвалтам. Прыёмная ж дзятва, пабачыўшы міліцыянтаў, разьбеглася, і яе давялося шукаць. Ірына Моцная чакае суду. Яго пасяджэньні раз за разам адкладаюцца.

Прычыны адкладу судовых пасяджэньняў розныя. Сёньня судзьдзя Ірына Гурыновіч пастанавіла, што ў Ірыны Моцнай павінен быць абаронца, а паколькі сродкаў на яго ў былой выхавацелькі няма, то абаронцу знойдзе суд. Раней з суду паведамлялі, што матэрыялы адміністрацыйнай справы міліцыя не перадала своечасова на разгляд. Але, як высьветлілася, у Клімавічах іх увогуле не было — яны былі ў Магілёве.

Ірына Моцная заяўляе, што дзяцей ня супраць была аддаць, але патрабавала ад чыноўнікаў, каб ёй далі дакумэнты, якія аргумэнтуюць яе звальненьне. Акрамя таго, як кажа жанчына, яна непакоілася за псыхічны стан прыёмнай дзятвы. Дзеці, паводле яе, адмаўляліся пакідаць прытулак. Чыноўнікі ж патрабавалі, каб дзяцей яна аддала хутка.

Праблемы ў стасунках з чыноўнікамі, кажа Ірына Моцная, пачаліся, калі яна паскардзілася ў адміністрацыю прэзыдэнта на тое, што райвыканкам не дапамагае прытулку ў вырашэньні гаспадарчых праблемаў. Жанчына лічыць, што ёй помсьцяць за гэта:

«За тое, што я хадзіла, абівала парогі. За тое, што не маўчала, — заяўляе Ірына Моцная. — Яны хацелі, каб усё рабілася ў дзяржаўным доме на нашы сродкі. Помста, толькі помста. Чыноўнікі ў свой час дужа пацярпелі за такое стаўленьне да нашага дому. Вось прычакалі слабога месца — сьмерці мужа».

Дом, у якім будуць жыць двое дзяўчынак, бабка якіх напісала скаргу на Ірыну Моцную
Дом, у якім будуць жыць двое дзяўчынак, бабка якіх напісала скаргу на Ірыну Моцную
Дом, у якім жылі дзяўчынкі 6 гадоў да напісаньня бабкі скаргі. Дзіцячы прытулак
Дом, у якім жылі дзяўчынкі 6 гадоў да напісаньня бабкі скаргі. Дзіцячы прытулак

У паперах, якія Ірыне Моцнай прысылалі з аддзелу адукацыі Клімавіцкага райвыканкаму, гаворыцца, што дзіцячы дом сямейнага тыпу «спыніў сваё функцыянаваньне», а сама Ірына Моцная вызвалена «ад абавязкаў апекуна». Прычынай называецца сьмерць мужа, які таксама быў выхавацелем у прытулку, а таксама неналежнае выкананьне Ірынай Моцнай абавязкаў апекуна. Што канкрэтна пад гэтай фармулёўкай маецца на ўвазе, не тлумачыцца.

Тым часам стала вядома, што бабуля двух прыёмных дзяцей, якімі апекавалася Ірына Моцная, паскардзілася, што іх нібыта ў сямейным прытулку б’юць. Сёньня ўдалося адшукаць скаржніцу. Надзея Трацякова жыве пад Клімавічамі ў вёсцы Ціманава. Яна пацьвердзіла, што пісала заяву на Ірыну Моцную. У паперы, цьвердзіць кабета, яна выклала тое, што ёй расказалі дзьве яе ўнучкі. На пытаньне, што канкрэтна казалі ўнучкі, яна доўга не хацела адказваць.

«Шлёпаць можна па-рознаму. І я таксама магу шлёпнуць. Але ж не да такой ступені. Мы прыехалі ў летнік, а ў дзяўчатак рукі сінія. Іх ім дзьвярыма заціскалі, — заяўляе Надзея Трацякова. — А чаму яна забараняе дзецям сустракацца з бацькамі? Я б іх адразу забрала, але ў мяне не было магчымасьці нават адзін ложак у доме паставіць. Цяпер я дужа хачу, каб маім дзяўчатам было добра. Каб зь іх ня зьдзекаваліся. Каб у іх было ўсё, што ім патрэбна».

Па словах спадарыні Трацяковай, ейную дачку пазбавілі дзеяздольнасьці, таму і дзяцей забралі. Цяпер жа, заяўляе Надзея Трацякова, яна афармляе на ўнучак апякунства.

Дзьве дзяўчынкі, па словах Ірыны Моцнай, пражылі ў ейнай сям’і шэсьць гадоў. За гэты час прэтэнзіяў з боку іх родзічаў не было. Не было нараканьняў і ад родных яшчэ пяці прыёмных дзяцей. Цяпер былая стваральніца прытулку Ірына Моцная перакананая, што дзяцей настройваюць супраць яе, таму і задача ў чыноўнікаў была — хутка іх забраць, сьцьвярджае жанчына:

«Як мага больш апрацаваць дзяцей, каб яны больш нечага нагаварылі супраць мяне, — кажа Ірына Моцная, — бо ў чыноўнікаў няма супраць мяне дакумэнтаў, няма нічога кепскага. Застаюцца толькі дзеці. То бок ім трэба было хутчэй дзяцей выдраць зь сям’і, каб іх апрацаваць».

Што да абвінавачваньняў з боку Надзеі Трацяковай, то Ірына Моцная заяўляе, што гэта нагавор. Тое, што кажа гэтая жанчына, — няпраўда, цьвердзіць былая дзіцячая апякунка.

У раённым аддзеле адукацыі камэнтаваць сытуацыю з расфармаваным дзіцячым прытулкам адмаўляюцца. Заяўляюць, што яго гадаванцы ў бясьпецы, але дзе — ня кажуць. Паводле некаторых зьвестак, дзяцей завезьлі ў Магілёў, у SOS-вёску.

Дзіцячы дом сямейнага тыпу Ірына і Віктар Моцныя арганізавалі на прапанову чыноўнікаў. Ён быў адным зь першых у Клімавічах.

Судовыя пасяджэньні па справе супраць Ірыны Моцнай некалькі разоў пераносілі. Наступнае пасяджэньне, ужо з прызначаным ад суду абаронцам, мае адбыцца ў панядзелак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG