Андрэй Бандарэнка быў затрыманы ў Менску 1 красавіка. Яму прад’явілі абвінавачаньне ў злосным хуліганстве. Артыкул прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўленьня волі.
Радыё Свабода ўважліва сочыць за справай Андрэя Бандарэнкі.
22 сакавіка 2011 году быў апраўданы Менскім гарадзкім судом. Пасьля вызваленьня заснаваў праваабарончую арганізацыю «Плятформа», якая аказвае дапамогу зьняволеным і пацярпелым ад дзеяньняў праваахоўных органаў. Жанаты, мае дачку.
Пачаўся суд над Андрэям Бандарэнкам.
Працэс вядзе судьдзя Ала Абакунчык (яна вяла працэс супраць «Экамэдсэрвіса»).
Відэаздымкі забароненыя. Адвакат Бандрэнкі — Дар’я Ліпкіна. Раней яна абараняла былога палітвязьня Мікіту Ліхавіда, блёгера Яўгена Ліпковіча і былога генэральнага дырэктара «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнэра. Андрэй Бандарэнка выглядае бадзёра, пасьміхаецца.
Бандарэнка заявіў хадайніцтва пра зьмену меры стрыманьня на падпіску аб нявыязьдзе. Тое, што яго трымаі амаль 4 месяцы пад вартай, ён лічыць незаконным, бо гэта было не рашэньне суду, а сьледчага і пракурора.
Пракурор лічыць, што мера стрыманьня была законнай, бо Бандарэнку пагражае артыкул, які прадугледжвае пакараньне да 10 гадоў.
Суд пайшоў разглядаць хадайніцтва.
Публііка ў зале папрасіла узмацніць гук, бо дрэнна чуваць, але сакратар патлумачыла, што гэта немагчыма, бо мікрафоны не падлкючаныя. У залі поўна людзей, у тым ліку праваабаронцы і сваякі Бандарэнкі. Марына Адамовіч, Алёна Ліхавід, Тацяна Равяка, Людміла Гразнова, Валер Шчукін, Міхаіл Пастухоў, Андрэй Дзьмітрыеў, Тамара Сяргей , Алёна Красоўская-Касьпяровіч. Са сваякоў Бандарэнкі ягоны бацька Валер Бандарэнка, сястра Алена і жонка Вольга.
Хадайніцтва аб замене меры стрыманьня не задаволенае, бо Бандарэнка абвінавачваецца паводле цяжкага артыкулу.
У працэсе зноў перапынак. Судзьдзя перапытала наконт былога хадайніцтва Бандарэнкі, пададзенага падчас сьледзтва. Тады Бандарэнка прасіў сьледчага Чэрніка прызначыць мэдычную экспэртызу ягоных пашкоджаньняў, атрыманых падчас канфлікту з пацярпелымі Богдан і Траўлька 27 сакавіка. Бандарэнка лічыць, што гэта мае значэньне пры вызначэньні ягоных дзеяньняў адносна пацярпелых. Зараз ён настойвае на разглядзе гэтага хадайніцтва, якое сьледчы адхіліў. Судзьдзя Ала Абакунчык пайшла выносіць рашэньне па хадайніцтве.
Хадайніцтва пра мэдычную эспэртызу адхілілі.
Судзьдзя адхіліла яшчэ два хадайніцтвы Бандарэнкі, якія ён заяўляў раней на сьледзтве.
Суд адхіліў яшчэ 4 хадайніцтвы Бандарэнкі, у тым ліку хадайніцтва аб геномнай экспэртызе сьлядоў на ягонай куртцы, ў якой ён быў падчас канфлікту з пацярпелымі. Судзьдзя пры гэтым казала, што большасьць гэтых хадайніцтваў можна будзе заявіць на іншых стадыях працэсу.
Пачалося судовае сьледзтва. Пракурор зачытала абвінавачаньне.
Бандарэнка абвінавачваецца паводле трох эпізодаў. Першы — калі ён нібыта ў лютым зьбіў пацярпелага Яворскага, пры гэтым быў нецьвярозы. Другі — калі нібыта зьбіў Тацяну Радзіён, таксама нападпітку. Гэта было ў сакавіку. Трэці, тады ж, — калі зьбіў Радзіён і Натальлю Траўльку.
Бандарэнка вінаватым сябе па першым эпізодзе не прызнаў, сказаў, што не зьбіваў Яворскага. Па другім і трэцім эпізодах ён прызнае, што нанёс удары Радзіён і Траўльцы. Але ня згодны з кваліфікацыяй, якую гэтым эпізодам дало сьледзтва. Бандарэнка публічна папрасіў прабачэньня ў абедзьвюх жанчын і запэўніў, што папярэдне ў яго не было адносна іх хуліганскіх намераў. Цяпер Бандарэнка дае паказаньні, як пачаўся гэты канфлікт.
Бандарэнка тлумачыць абставіны, якія вядомыя грамадзкасьці зь відэа, апублікаванага праваахоўнымі органамі. На ім відаць, як Андрэй Бандарэнка ўжывае сілу да жанчыны.
У судзе Бандарэнка назваў свае дзеяньні ў міліцыі рэакцыяй на правакацыйныя дзеяньні Тацяны Радзіён, якая яго зьневажала і зьбіралася фатаграфаваць, калі ён ужо нікога не чапаў.
Бандарэнка заявіў, што ня толькі выбачаецца, але і гатовы кампэнсаваць маральныя і фізычныя страты, калі такія будуць заяўленыя.
Паводле Бандарэнкі, празь некалькі дзён пасьля канфлікту ён прыходзіў да пацярпелых, і яны дамовіліся, што ўзаемна здымуць прэтэнзіі. Пацярпелыя сказалі яму напісаць пісьмова сваю пазыцыю, ён прынёс такую паперу, але пасьля гэтага па яго прыйшлі зь міліцыі.
У судзе абвешчаны перапынак да 14 гадзіны.
Бандарэнка распавёў пра падзеі 26 красавіка
«Быў зь сябрам Андрэем у кавярні, пілі гарэлку ў колькасьці 500 грамаў на дваіх». «Нагода была добрая», — растлумачыў Бандарэнка.
«Потым пайшлі ў іншую кавярню, там не пілі гарэлкі, толькі каву. Потым вырашылі пайсьці да мяне дадому начаваць, бо на наступны дзень рана раніцай трэба было ехаць у Берасьце», — працягнуў падсудны.
«Каля гадзіны ночы мы прыйшлі да пад’езду майго дому і сталі курыць. Стан у нас быў нармальны. Мы ішлі пешшу, арыентаваліся нармальна. Мы курылі, і ў нейкі момант падышла мая суседка Тацяна Радзіён (першая пацярпелая. — Інтэрфакс). Зьвярнулася да мяне як да суседа і папрасіла пазнаёміць з маім сябрам Андрэем. Сказала, што ён падобны да Галкіна, а яна марыла з гумарыстам даўно пазнаёміцца. У іх завязалася размова. Я ўдзелу ў гутарцы не прымаў, да таго часу, пакуль яна не прапанавала пайсьці да яе дадому і працягнуць вечар, у тым ліку і з расьпіцьцём сьпіртнога», — узгадвае Бандарэнка.
«Я быў супраць, таму што нам трэба было заўтра рана ўставаць. Андрэй, мой прыяцель, які, на думку суседкі, падобны да гумарыста Галкіна, сказаў, што на пару хвілін зойдзе да яе. Я бачыў, што гэтыя двое былі ня супраць працягнуць вечар. Я вырашыў, што дойдзем да трэцяга паверху, і потым я зраблю нейкія дзеяньні, каб перашкодзіць сустрэчы», — працягвае Бандарэнка.
Паводле ягоных слоў, на вуліцы «ніякага канфлікту з Радзіён не было, нават быў стан нейкай эўфарыі, Тацяна называла майго прыяцеля „Галкіным“. „У нас Галкін завёўся“, — казала Тацяна і запрашала падняцца да яе ў кватэру на 5 паверх», — удакладніў праваабаронца.
«Наперадзе ішла маці Тацяны зь дзіцем, потым ішла Тацяна, потым мы з Андрэем. Мы зь ім абмяркоўвалі тое, што гэта беспэрспэктыўнае баўленьне часу. Мы дайшлі да 3 паверха, дзе знаходзіцца мая кватэра. Я ўпіхнуў Андрэя ў сваю кватэру і сказаў, што банкет скончаны. Таксама гэта сказаў і Тацяне», — кажа Бандарэнка.
Аднак, адзначыў ён, жанчына заявіла, што «яны з „Галкіным“ самі разьбяруцца», і паспрабавала адштурхнуць яго, «потым схапіла зубамі за палец — за мезенец левай рукі».
«Мне складана сказаць, што паміж намі адбывалася, біць я яе ня біў, але лёгкая ступень супрацьстаяньня была. Я не чакаў такога разьвіцьця сытуацыі. Тацяна трымала мяне за палец зубамі, я вырваў палец. Тацяна стала крычаць, што яе б’юць. Я выклікаў міліцыю», — распавёў Бандарэнка.
Ён таксама заявіў, што «ўдараў па галаве не наносіў, а калі нешта і было, гэта былі спробы вызваліць палец».
З абвінавачваньня вынікае, што Бандарэнка зьдзейсьніў супраць мужчыны хуліганскія дзеяньні. Затым 27 сакавіка зьвязкай ключоў нанёс удар у галаву Тацяне Радзіён, а таксама яшчэ некалькі удараў па іншых частках цела жанчыны.
Дзяржабвінаваўца таксама паведаміла, што 27 сакавіка а 2-й ночы ў будынку міліцыі, куды даставілі Бандарэнку, ён ударыў нагой у галаву Натальлю Траўльку.
Бандарэнка адмовіўся даваць паказаньні ў судзе паводле першага эпізоду, матывуючы гэта тым, што пацярпелы мужчына ў суд сёньня не зьявіўся.
Што да інцыдэнту ў пастарунку міліцыі, Бандарэнка патлумачыў, што жанчына вырашыла яго фатаграфаваць, і ён нагой выбіў у яе з рук фотаапарат.
Былі дапытаныя пацярпелыя Тацяна Радзіён і Натальля Траулька
Пацярпелыя ад дзеяньняў Бандарэнкі даравалі яму, яны супраць, каб яго пазбаўлялі волі
Тацяна Радзіён і Натальля Траўлька, дачка і маці, якіх сьледзтва прызнала пацярпелымі ў справе праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, у першы дзень працэсу заявілі, што даруюць яму ягоныя дзеяньні і ня хочуць, каб пакараньне яму было зьвязанае з пазбаўленьнем волі.
Радзіён прызнала, што выпіла 2 літра піва.
Тацяна Радзіён паведаміла суду, што падчас канфлікту з Андрэем Бандарэнкам 27 сакавіка ў пад’езьдзе іхняга дому ўкусіла яго за палец.
Маладая жанчына пералічыла, куды яе ўдарыў Бандарэнка падчас канфлікту: у цемя, па руцэ, назе, у падбародзьдзе. Але пры гэтым пацярпелая Радзіён не пацьвердзіла, што ўдары Бандарэнка наносіў зьвязкай ключоў.
«Я чула звон ключоў, калі ён падымаўся па лесьвіцы, але што ён біў мяне ключамі, гэтага сьцьвярджаць не магу, бо ня бачыла. Падчас сьледзтва я кіравалася тым, што на галаве ў мяне быў сарваны кавалак скуры, таму і меркавала, што ён зрабіў гэта ключамі. Але насамрэч гэта магло ўзьнікнуць і ад замка на куртцы, і ад чаго заўгодна», — сказала Тацяна Радзіён.
Сьледзтва абгрунтавала абвінавачаньне Бандарэнкі ў злосным хуліганстве менавіта тым, што ён біў пацярпелую ключамі.
Сам Бандарэнка гэта адмаўляе, хоць і прызнае, што калі Радзіён яго ўкусіла за палец, ён, каб вызваліцца, наносіў ёй удары рукамі.
Таксама Тацяна Радзіён паведаміла суду, што спачатку ў міліцыі пісала заяву аб адміністрацыйнай адказнасьці Бандарэнкі, але потым «прыйшоў міліцыянт, забраў заяву і сказаў пісаць новую — пра крымінальную адказнасьць».
«Не хачу, каб яго пасадзілі. Хай гадуе сваю дачку, якая сёлета мае пайсьці ў школу», — сказала Тацяна Радзіён.
Яе маці, Натальля Траўлька, не пацьвердзіла свае ранейшыя паказаньні, што Бандарэнка нібыта біў яе дачку «рукамі і нагамі». Таксама Натальля Траўлька заявіла, што ня бачыла, каб Бандарэнка біўся ключамі.
Пра інцыдэнт у міліцэйскім пастарунку, калі Радзіён здымала на тэлефон Бандарэнку і ён выбіў ёй мабільны нагой, маці сказала: «Вось захацелася ёй зьняць яго на мабільнік, чалавек і сарваўся». Калі сама Траўлька нахілілася па рэшткі разьбітага тэлефона, то атрымала ад Бандарэнкі нагой у твар, у яе было падбіта вока.
«Я вельмі раззлавалася тады і напісала на яго заяву. Але цяпер лічу, што ён ужо дастаткова пацярпеў, адбыўшы ў турме 4 месяцы», — сказала Натальля Траўлька суду.
Працэс адновіцца ў чацьвер, 31 ліпеня. Будуць апытаныя сьведкі. Усяго справа складаецца з двух тамоў.
Паводле адваката Дар’і Ліпкінай, судзьдзя разьлічвае завяршыць судовыя слуханьні за два дні і пачаць спрэчкі.
У судзе абвешчаны перапынак да 10.00 31 ліпеня.