Веданьне, як і калі рабіць скрыншоты, нечакана зрабілася адным з асноўных навыкаў журналістыкі.
У другой палове дня 23 ліпеня расейскі салдат Вадзім Грыгор’еў напісаў у Вконтакте, што ён «абстрэльваў Украіну ўсю ноч». Ён дадаў пару фатаграфій артылерыйскіх гармат і гільзаў.
Але запіс можна пабачыць толькі дзякуючы тым, хто пасьпеў зрабіць скрыншоты. Празь некалькі гадзінаў арыгінал зьнік, як быццам яго ніколі і не было.
Шукаць праўду ва ўмовах інтэнсіўнай і скаардынаванай кампаніі дэзінфармацыі — досыць складаная справа. Але яшчэ цяжэй гэта рабіць у эпоху Інтэрнэту, калі інфармацыя зьнікае і зноў зьяўляецца ў іншым выглядзе.
І гэта тычыцца ня толькі асабістых акаўнтаў у сацыяльных сетках.
Прарасейскія блогеры і пракрамлёўскае расейскае тэлебачаньне (RT) заўважылі, што на сайце расейскай службы Бі-Бі-Сі быў выдалены артыкул адносна зьбіцьця лайнэра Malaysia Airlines. RT выказала меркаваньне, што гэта — вынік цэнзуры рэдактараў у Лёндане, тым часам як кампанія Бі-Бі-Сі патлумачыла, што матэрыял быў зьняты, паколькі не адпавядаў рэдакцыйным стандартам Бі-Бі-Сі. Было паабяцана, што пасьля дапрацоўкі артыкул ізноў зьявіцца на сайце.
У рэпартажы Бі-Бі-Сі, які захаваўся на YouTube, некалькі мясцовых жыхароў распавялі карэспандэнту, што яны бачылі ваенны самалёт побач з месцам, дзе адбыўся выбух. Украінскі ўрад адмаўляе наяўнасьць якія-небудзь ваенных самалёты ў гэтым раёне.
Міністэрства абароны Расеі заявіла 21 ліпеня, што ўкраінскі зьнішчальнік Су-25 быў побач з лайнэрам MH17 і, магчыма, зьбіў яго. Паводле зьвестак амбасады Ўкраіны ў Вашынгтоне, хтосьці перагледзеў артыкул у Вікіпэдыі пра Су-25, каб зьмяніць яго максымальную баявую вышыню з 7000 мэтраў да 10000.
Практыка перагляду запісу Вікіпэдыі стала нагэтулькі штодзённай, што ў гэтым месяцы у Twitter былі адкрытыя адмысловыя рахункі для адсочваньня зьменаў, якія ўносяцца з расейскіх дзяржаўных кампутараў і ўкраінскіх урадавых кампутараў.
За некалькі дзён да інцыдэнту «паўстанцы» з гонарам сьцьвярджалі — і расейскія СМІ шырока пра гэта паведамлялі — што яны маюць ракетныя ўстаноўкі «Бук» і выкарыстоўваюць іх для кантролю неба над Данецкай і Луганскай абласьцямі.
Цяпер заявы кшталту вось гэтай, ад імя прэс-службы самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» (ДНР) у цяперашні час існуюць толькі ў вечнай памяці твітэру ў выяве скрыншотаў.
Расейскі тэлеканал LifeNews, які, як мяркуюць, мае глыбокія кантакты з расейскімі спэцслужбамі, зьняў рэпартаж 17 ліпеня, у якім быў дым ад палаючых парэштак авіялайнэра МH17 і паведамленьне, што паўстанцы зьбілі ўкраінскі вайсковы АН-26. Празь некалькі гадзін пасьля таго, як стала вядома, што самалёт насамрэч быў не ваенны, а пасажырскі, зьявілася паведамленьне, што зьбіў лайнэр украінскі ваенны самалёт і што сэпаратысты «ня маюць» пускавых установак «Бук».
Ігар Гіркін, ён жа Стралкоў, дэ-факта міністар абароны «ДНР», выдаліў шэраг запісаў са сваёй старонкі Вконтакте, у тым ліку ад 17 ліпеня, дзе казаў: «Мы проста зьбілі Ан-26 побач з Тарэзам». Ён таксама сказаў: «Мы захапілі ракеты.» Гэтыя постынгі і відэа 17 ліпеня былі хутка выдаленыя.