Украінская армія ў панядзелак заявіла пра вызваленьне гораду Рубежнае — над гарадзкой радай узьняты ўкраінскі сьцяг. Паводле дадзеных СМІ, украінскі батальён «Айдар» цалкам вызваліў ад сэпаратыстаў пасёлак Юбілейны ў Данецкай вобласьці. Вайскоўцы вядуць баі ў Дзяржынску.
У Данецку асноўныя падзеі разгарнуліся ў раёне чыгуначнага вакзалу — ёсьць загінулыя і параненыя сярод мірных жыхароў. Відавочцы паведамляюць, што ў раёне вакзалу ў Данецку снарад трапіў у шматпавярховы будынак, і той загарэўся. Пра гэта ў сябе на старонцы ў Facebook напісаў намесьнік старшыні Варашылаўскага райвыканкаму Данецку Іван Прыходзька. Паводле ягоных слоў, адзін снарад трапіў на восьмы паверх дома № 57 па вуліцы Славацкай, другі ўпаў на спартыўную пляцоўку. Таксама снарад трапіў у дом па вуліцы Куйбышава, той загарэўся. З прычыны бою ўлады гораду прынялі рашэньне эвакуаваць вакзал. Паводле папярэдніх дадзеных, ад артабстрэлу Данецку загінулі трое.
Адразу пасьля першых стрэлаў супрацоўнікаў вакзалу і пасажыраў праводзілі ў падземны пераход. Туды ж адпраўляюць пасажыраў, якія прыбываюць на вакзал. Паводле дадзеных прэс-службы данецкай чыгункі, «на дадзены момант відочных пашкоджаньняў вакзалу няма». Нягледзячы на баі ў Данецку і эвакуацыю пасажыраў, рух цягнікоў, як паведамляюць чыгуначнікі, ажыцьцяўляецца бесьперапынна.
Паводле паведамленьняў украінскіх СМІ, у Горлаўцы Данецкай вобласьці пашкоджаныя тры трубаправоды канала «Северскі Данец — Данбас». Гарадзкая адміністрацыя Данецку абвясьціла, што вада ў кватэры часова будзе падавацца ўсяго 3 гадзіны ў дзень.
Зь месца падзеяў пра сытуацыю ў Данецку распавёў журналіст выданьня «Навіны Данбасу» Міхаіл Баган:
—Паводле нашых дадзеных, баявыя дзеяньні цяпер адбываюцца ня толькі каля вакзалу, але і ў раёне аэрапорту. Адтуль страляніна чуваць пастаянна. У раёне чыгуначнага вакзалу абстраляны жылы дом.
— Хто страляе?
— Цяжка зразумець. Верагодней за ўсё, гэта сэпаратысцкія сілы.
— Якая наогул становішча ў горадзе?
— Горад апусьцеў. У горадзе людзей вельмі мала. Мільённы горад — вы выйдзіце на вуліцу і ня ўбачыце ні машын, ні людзей практычна, нават у гадзіну пік. Вельмі многія зьехалі. Людзі напалоханыя, таму што страляюць, таму што ходзяць узброеныя людзі, таму што езьдзіць вайсковая тэхніка.
— Сэпаратысты у інтэрнэце пішуць, што войска рыхтуе новыя напады на Данецк. Што вы думаеце з гэтай нагоды?
— Я не выключаю гэтага. Я, калі шчыра, ня ведаю, колькі ваеннага патэнцыялу ў сэпаратыстаў, але яны адкрыта правакуюць войска і Нацгвардыю на тое, каб тыя вялі актыўныя дзеяньні ў Данецку. Але гэта, прабачце, вялікі горад. Гэта немагчыма там зрабіць. Гэта можа прывесьці да калясальных ахвяраў.
— У людзей ёсьць магчымасьць цяпер зьехаць з гораду? У Луганску, кажуць, сэпаратысты забаранілі карыстацца аўтамабілямі. На тры дні ўвялі такую забарону. А што ў Данецку?
— З Данецку можна зьехаць. У прынцыпе, гэта не такая вялікая праблема. Можна зьехаць і па аўтамабільных дарогах, і чыгункай. Адзінае, вы ня можаце скарыстацца аэрапортам. Былі складанасьці на пазамінулым тыдні, калі людзі масава сталі выяжджаць. Былі велізарныя коркі на выезьдзе з Данецку, у асноўным на поўдзень вобласьці. Па аўтадарозе абавязкова трапляюцца блёкпасты, на выезьдзе з Данецку — два блёкпасты сэпаратыстаў. У прынцыпе, гэта не праблема. Могуць зрабіць агляд.
— Як вы думаеце, гісторыя з «Боінгам» і гібельлю людзей неяк паўплывае на ход антытэрарыстычнай апэрацыі?
— Хочацца верыць, што ўсё спыніцца як мага хутчэй. У Данецку людзі адмоўна рэагуюць на прысутнасьць узброеных сэпаратыстаў, адмоўна рэагуюць на Губарава, Гіркіна. Яны ня хочуць іх бачыць у Данецку. Гэта таксама вельмі моцна ўплывае. А пасьля зьбітага самалёта зь мірнымі грамадзянамі... Уявіце, што цяпер людзі думаюць пра тых, хто пахапаў у рукі аўтаматы, а тым больш зэніткі? — распавядае данецкі журналіст Міхаіл Баган.
У Лісічанску Луганскай вобласьці сілы АТА ўзялі ў палон больш за 20 чалавек. Паводле інфармацыі прэс-службы прэзыдэнта Ўкраіны, ва ўсіх узятых у палон сэпаратыстаў — расейскае грамадзянства. Таксама ўкраінскія вайскоўцы і Нацгвардыя ўзялі пад кантроль горад Рубежнае ў Луганскай вобласьці.
Заўтра ў Кіеве жыхары Луганску, якія зьехалі з гораду, правядуць акцыю супраць «замоўчваньня ўкраінскімі ўладамі маштабаў гуманітарнай катастрофы ў іх родным горадзе». Пра сытуацыю ў Луганску кажа адзін з арганізатараў кіеўскай акцыі, галоўны рэдактар выданьня «Рэальная палітыка» Андрэй Дзіхцярэнка:
— Зараз у Луганску адбываецца татальны жах, якога горад ня ведаў, напэўна, з часоў Другой сусьветнай вайны. Ідзе масіраваны абстрэл ужо некалькі дзён... Горад проста сьціраюць зь зямлі. З «Градаў», зь мінамётаў, з артылерыйскіх гармат страляюць самі сэпаратысты, страляюць украінскія войскі. Вялікая колькасьць ахвяраў. Усё гэта адбываецца на фоне татальнага адтоку бежанцаў з гораду, якія імкнуцца апошнім часам хоць як-небудзь выехаць. У Луганску засталося вельмі мала людзей. Вядома, вельмі многія зьехаць ня могуць. Учора баевікі ЛНР абвясьцілі пра трохдзённую забарону на карыстаньне асабістым аўтатранспартам у горадзе. Яны тлумачаць, што ў горадзе шукаюць дывэрсантаў, і нібыта адсутнасьць транспарту ў насельніцтва павінна дапамагчы ім у выяўленьні і зьнішчэньні дывэрсійных перасоўных групаў. Акрамя гэтага, цалкам перакрытыя ўсе дарогі з гораду. Калі яшчэ ўчора былі хоць нейкія найменшыя шанцы выбрацца, то цяпер такой магчымасьці ўжо практычна не засталося. Многія людзі, і я ў тым ліку, выбраліся з Луганску ў Кіеў. Мы ў пятніцу сустракаліся каля помніка Шаўчэнку, ускладалі сьвечкі ў памяць загінулых у Луганску. Казалі таксама пра тое, што маштабы трагедыі пужаюць. Цяпер ужо ўся Ўкраіна стамілася ад таго, што ў нас адбываецца, шмат хто проста заплюшчваюць вочы. У многіх грамадзянаў, у мяне і маіх калегаў нарадзілася ідэя — правесьці гэтую акцыю побач з адміністрацыяй прэзыдэнта. Чаму? Так, у краіне абвешчана трохдзённая жалоба па загінулых у выніку авіякатастрофы «Боінга-777». Але ніхто не абвяшчае жалобы па дзясятках мірных жыхароў, якія гінуць у Луганску, якія, па сутнасьці, цяпер знаходзяцца пад пастаянным жудасным псыхалягічным ціскам. Яны рызыкуюць цяпер усім і, на жаль, ня бачаць, што Ўкраіна лічыць іх сваімі грамадзянамі.
— Вы б хацелі, каб украінская армія дзейнічала больш жорстка? Ці як?
— Мы ня хочам, каб яна дзейнічала больш жорстка. Мы не спэцыялісты ў тым, як павінна весьціся вайна. Вядома, вельмі б хацелася больш кропкавых, больш прафэсійных дзеяньняў, каб менш пакутавалі мірныя жыхары. Я разумею, што з многіх прычын цяпер гэта немагчыма. Мы гаворым зараз пра інфармацыйную палітыку ў краіне. Усё ж такі хацелася б, каб была абвешчаная жалоба, каб людзі, пасьля таго як іх вызваляць, як гэта было ў Славянску, не сустракалі ўкраінцаў зь нянавісьцю. Хачу, каб яны хоць неяк адчувалі, што ўлада ва Ўкраіне лічыць іх сваімі грамадзянамі, якіх яна сапраўды ідзе вызваляць. Апошнім часам пра гэта мала гавораць. Цяпер там сядзяць ня толькі людзі ў падвалах, але яшчэ і велізарная колькасьць людзей у закладніках. Гэтымі закладнікамі займаюцца толькі валянтэры і іх сваякі. Мы пра гэта таксама будзем гаварыць. Будзем гаварыць пра вінаватых у гэтай трагедыі. Мы будзем гаварыць пра мэтады вядзеньня вайны, якія таксама далёка не заўсёды адпавядаюць неабходным крытэрам. Думаю, прыйдзе вельмі шмат людзей з Луганску, якія перасяліліся ў Кіеў, і будзе шмат неабыякавых. Хоць наша акцыя, натуральна, выклікае хвалю крытыкі. Кажуць, што мы ня ў час яе праводзім, і так усё ідуць ваяваць. Але я лічу, што ня лішнім было б успомніць загінулых мірных людзей яшчэ раз, ня лішнім было б абвясьціць агульнадзяржаўную жалобу.
— Ці ёсьць у вас некаторая надзея, што сытуацыя на паўднёвым усходзе Ўкраіны, ход антытэрарыстычнай апэрацыі неяк зьменіцца пасьля катастрофы «Боінга»? Ці ўдасца сусьветнай супольнасьці націснуць на Пуціна, каб той вывеў адтуль і расейскіх вайскоўцаў, і сэпаратыстаў?
— На жаль, я нават напісаў тэкст пра гэта — «Зьбіты „Боінг“ як надзея». Як гэта ні цынічна гучыць, але сытуацыя настолькі зайшла ў тупік, што гэты «Боінг», па сутнасьці, прабіў трошачкі купал, які склаўся над гэтымі двума рэгіёнамі. Магчыма, ён прымусіў паглядзець на сытуацыю ў нас, незразумелую ні для спрактыкаванага заходняга гледача, ні для ўсяго астатняга сьвету. Прымусіў паглядзець і жахнуцца. Сытуацыя выйшла за рамкі ўнутранага ўкраіна-расейскага канфлікту на міжнародны ўзровень. Спадзяюся, што гэта прывядзе да супакаеньня, а не да распаўсюджваньня канфлікту далей. Вельмі на гэта спадзяюся. Спадзяюся, што спалохаўся расейскі прэзыдэнт. Я думаю, яго сёньняшні начны выступ пра гэта таксама кажа. Як мінімум прыпыніцца падтрымка і масіраванае напампоўваньне тэрарыстаў расейскай зброяй, бо дагэтуль здавалася, што канца і краю гэтаму ня будзе, — распавёў Радыё Свабода луганскі журналіст Андрэй Дзіхцярэнка.