Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страты трагічнага рэйсу MH17: вучоныя, дзеці, лекі


Юп Ланге
Юп Ланге

Апошнія зьвесткі пра ахвяраў крушэньня самалётa "Боінг-777" прывёў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі міністар транспарту Малайзіі.

Большасьць з ахвяраў складаюць грамадзяне Галяндыі — 173 чалавекі і Малайзіі — 44. У сьпісе таксама 27 грамадзян Аўстраліі, 12 — Інданэзіі, 9 —Вялікабрытаніі, 4 — Нямеччыны, 4 — Бэльгіі, 3 — Філіпінаў, 1 — Канады, 1 — Новай Зэляндыі. Грамадзянства 20 пасажыраў яшчэ ўстанаўліваецца.

Ідэнтыфікацыю целаў загінулых пасажыраў і экіпажу зьбітага «Боінга» будуць праводзіць у Харкаве. Пра гэта паведаміў на брыфінгу дырэктар Дэпартамэнту консульскай службы Міністэрства замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга. Паводле яго, знойдзена 181 цела.

Сярод ахвяраў катастрофы — вядомы галяндзкі вучоны Юп Ланге (Joep Lange), які больш як 30 гадоў займаўся вывучэньні СНІДу і лічыўся сьвяцілам у гэтай галіне. Ён, а таксама яго калегі накіроўваліся на 20-ю міжнародную канфэрэнцыю па праблемах СНІДу ў аўстралійскі Мэльбурн. Ланге нястомна працаваў над тым, каб ВІЧ-пазытыўныя пацыенты ў бедных краінах Азіі і Афрыкі маглі мець даступныя лекі. Некалькі гадоў вучоны ўзначальваў Міжнароднае таварыства СНІДу. Паводле аўстралійскіх мэдыяў, якія зьвязваліся з арганізатарамі канфэрэнцыі, на борце самалёта маглі быць лекі ад СНІДу. Прафэсару Ланге было 60 гадоў.

Паводле Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, на борце самалёта быў таксама яе прэсавы сакратар Глен Томас. Украінская амбудсманка Валерыя Луткоўская пацьвердзіла сёньня мэдыям, што на борце было 80 дзяцей. СМІ Малайзіі паведамляюць пра адну сям’ю з шасьці чалавек, якая ўся загінула — муж, жонка і чацьвёра іх дзяцей.

Дзякуючы шчасьліваму спазьненьню на рэйс MH17 ня трапіла маладая жанчына з Малайзіі са сваім маленькім сынам. Яна сказала журналістам у аэрапорце, што атрымала другі шанец.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG