Заява прагучала на нарадзе з кіраўнікамі дыпляматычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Беларусі.
«На нашых вачах імкліва мяняецца агульнасусьветная абстаноўка. Мы сутыкнуліся з зусім новымі геапалітычнымі рэаліямі. Адсутнічае стабільнасьць ня толькі недзе далёка — у Паўночнай Афрыцы або на Блізкім Усходзе, а зусім побач, у нас пад бокам. І мы бачым: ...палыхнуць, выбухнуць можа ў любым месцы», — сказаў Лукашэнка.
«Адбываецца дэвальвацыя нормаў і прынцыпаў міжнародных паводзінаў, разбурэньне сыстэмы міжнароднага права, якая стваралася дзесяцігодзьдзямі. Ясна адно: б’юць слабых, з моцнымі — лічацца. Таму нам трэба быць моцнымі — і палітычна, і асабліва эканамічна», — падкрэсьліў Лукашэнка.
Пры гэтым Лукашэнка заявіў пра выбар на карысьць мацаваньня саюзнай дзяржавы, стварэньня Эўразійскага эканамічнага саюзу, выбудоўваньня стратэгічных адносін з Кітайскай Народнай Рэспублікай.
«Адсюль і наша пазыцыя ў адносінах да Захаду, якая палягае ў гатоўнасьці разьвіваць адносіны па ўсім спэктры пэрспэктыўных напрамкаў, але толькі на прынцыпах узаемнай павагі, без усялякіх санкцыяў і дыктату».