Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты «Гавары праўду» распавялі дэпутатам ПП НС пра Народны рэфэрэндум


Сяргей Вазьняк
Сяргей Вазьняк

Трое актывістаў кампаніі «Гавары праўду» на чале з адным зь кіраўнікоў ініцыятывы Сяргеем Вазьняком сустрэліся з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Віктарам Фесаком.

«Я лічу гэтую сустрэчу карыснай, бо дэпутат Віктар Фесак даведаўся пра ініцыятыву „Народны рэфэрэндум“, што ўжо добра. Для мяне гэта крыху дзіўна, бо дэпутаты павінны сачыць за грамадзка-палітычным жыцьцём краіны, але для яго гэта была навіна. Я распавёў, і ён падрабязна запісаў усе 6 пытаньняў», — паведаміў Сяргей Вазьняк.

Вазьняк папярэдзіў Фесака, што да канца лета ў Палату прадстаўнікоў перададуць першыя 50 тысяч подпісаў з патрабаваньнем зладзіць рэфэрэндум, «каб да восеньскай сэсіі дэпутаты былі ўжо ў курсе, што ёсьць такія подпісы».

Фесак «быў вельмі асьцярожны ў выказваньнях — сказаў, што калі подпісы паступяць, дэпутаты ўважліва вывучаць прапановы і будуць шмат над імі думаць».

Сяргей Вазьняк пераказвае яшчэ адзін фрагмэнт сустрэчы:

«Я спрабаваў зь яго выцягнуць пэрсанальную думку па пытаньні выбарнасьці старшыняў райвыканкамаў. Ён мне сказаў, што «нам трэба лепей працаваць з кадрамі». Я кажу: «Згодны, што кадры трэба рыхтаваць лепей. Але можна іх выбіраць ці не?» Ён адказаў: «Можа, калі-небудзь гэта і ня будзе выключана».

«Паводзіў ён сябе дастаткова ляяльна. Не было ніякай агрэсіі. Ён не рабіў заяваў кшталту «ўсё, што ты гаворыце, — гэта лухта нікуды ня вартая», — адзначае Вазьняк.

Актывісты «Гавары праўду», праводзячы кампанію «Народны рэфэрэндум», плянуюць сустрэцца з усімі 110 дэпутатамі ПП НС.

«Мы адсочваем графік прыёмаў, які ёсьць у публічным доступе. Фесак ужо быў трэцім па ліку дэпутатам, якога мы наведалі. Да сэсіі плянуем наведаць 20–30 дэпутатаў. Астатніх будзем адлоўліваць у Менску», — падзяліўся плянамі Сяргей Вазьняк, адзін з кіраўнікоў кампаніі «Гавары праўду».

«Народны рэфэрэндум» ад кампаніі «Гавары праўду», руху «За свабоду» і Партыі БНФ

«Гавары праўду», рух «За свабоду» і партыя БНФ зьбіраюць подпісы, каб правесьці агульнанацыянальны рэфэрэндум па пытаньнях:

  • Ці згодныя вы, што ў дзяржаўных установах адукацыі і аховы здароўя ўсе паслугі грамадзянам Беларусі павінны аказвацца бясплатна?
  • Ці згодныя вы, што кіраўнікі выканкамаў гарадоў, раёнаў, абласьцей павінны выбірацца прамым галасаваньнем грамадзян?
  • Ці падтрымліваеце вы курс на эканамічную інтэграцыю, асацыяцыю і стварэньне бязьвізавай прасторы з Эўрапейскім Зьвязам?
  • Ці згодныя вы, што для забесьпячэньня нэўтральнага статусу Беларусі ў краіне павінна быць забаронена разьмяшчэньне замежных вайсковых аб’ектаў, ядзернай зброі, а беларускія вайскоўцы не павінны несьці службу за мяжой?
  • Ці згодныя вы, што адзін і той жа чалавек ня можа займаць пасаду прэзыдэнта больш за два тэрміны?
  • Ці згодныя вы, што грошы, атрыманыя ад заплянаванай урадам прыватызацыі, у першую чаргу павінны пайсьці на кампэнсацыю ўкладаў, страчаных падчас дэвальвацыі 2011 году, і стварэньне працоўных месцаў?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG