Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску адчынілі «Макдональдс»


Віцебск стаў першым абласным цэнтрам, дзе зьявіўся аб’ект сусьветна вядомай сеткі рэстарацыяў. Гэтай падзеі тут чакалі некалькі гадоў.

Пра тое, што ў Віцебску будзе «Макдональдс», размовы вяліся ўжо даўно. Але будоўля распачалася толькі ў лістападзе 2013 году. Рэстарацыю збудавалі на месцы прыгараднай аўтастанцыі ў канцы Маскоўскага праспэкту.

Чакаецца, што на бойкім месцы будзе багата наведнікаў: рэстарацыя месьціцца недалёка ад новых жылых мікрараёнаў «Білева», дзе жывуць пераважна маладыя сем’і зь дзецьмі. Непадалёк і ўезд у абласны цэнтар з боку Менску і Смаленску. Зрэшты, у Смаленску два гады таму пабудавалі свой «Макдональдс», а ў Менску першыя тры аб’екты кампаніі «Рэстараны Макдональдс» зьявіліся яшчэ ў 1996 годзе.

Вядома, віцябляне і раней мелі магчымасьць набыць бульбу-фры ці гамбургер у родным горадзе. Гадоў 10 таму каля плошчы Перамогі была кавярня «Фунцік» якраз з падобным асартымэнтам. Да таго ж там прапаноўвалі праводзіць і дзіцячыя сьвяты. Аднак праіснаваў «Фунцік» нядоўга: наведнікаў было небагата, і ўрэшце кавярню зачынілі.

Цяпер у горадзе ёсьць яшчэ некалькі сеткавых аб’ектаў фастфуду — прыкладам, «Пчала» і «Funny chicken». Але «Макдональдс» тут усё адно чакалі.

На адкрыцьцё, анансаванае ў гарадзкой газэце «Віцьбічы», сабралася пад дзьве сотні дзяцей і падлеткаў. Але высьветлілася, што а 15:00, як было абяцана, у рэстарацыю нікога ня пусьцяць — апрача запрошаных гасьцей і журналістаў. На ўваходзе нават вывесілі аб’яву, што 11 ліпеня рэстарацыя працаваць ня будзе, нягледзячы на абвешчанае адкрыцьцё. Так што моладзь пачала разыходзіцца, не дачакаўшыся запрашэньня да «вольных касаў». Але самыя настойлівыя былі ўзнагароджаныя за сваю цярплівасьць: пасьля афіцыйнай часткі рэстарацыю ўсё ж адчынілі для наведнікаў. Дзеці былі шчасьлівыя. А віцебскіх бацькоў цяпер чакаюць новыя выдаткі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG