«Славянскі базар» у Віцебску як сымбаль славянскай еднасьці, адраджэньня і культурнага ўздыму гэтым годам праходзіць на тле расейска-ўкраінскай вайны. Ня самы ўдалы фон для сьвята. Гэта разумеюць усе. Таму Аляксандар Лукашэнка, адкрываючы «базар», паспрабаваў неяк зьмікшаваць гэтую недарэчнасьць. Хацеў як лепш, а выйшла як заўсёды.
«Ніякай вайны народаў сёньня няма. Не ваюе ва Ўкраіне народ з народам, зь беларусамі, рускімі і так далей, і нават з украінцамі. Ёсьць нягодныя і несумленныя палітыкі, якія недаацанілі гэтую еднасьць і важнасьць гэтай еднасьці. Зьявілася шчыліна, а ў гэтую шчыліну пралезьлі нашы праціўнікі і ворагі. І яны сёньня сутыкаюць народы. Яны спрабуюць распаліць братазабойчую вайну і ў гэтую варонку, у гэты водаварот уцягнуць галоўнае ядро славянства — рускіх, беларусаў і ўкраінцаў», — заявіў Аляксандар Лукашэнка.
Трактоўка кіраўніком Беларусі падзеяў ва Ўкраіне, скажам мякка, вельмі своеасаблівая. Але ў ягоным адмысловым стылі. Тут зьмяшалася ўсё. І жаданьне ўхіліцца зь вядомых прычын ад ацэнак дзеяньняў кіраўніцтва Расеі і Ўкраіны. І гульня ў папулізм, імкненьне спадабацца народу. Маўляў, ва ўсім вінаватыя «нягодныя і несумленныя палітыкі». Але ёсьць жа і іншыя палітыкі, годныя і сумленныя. Угадайце з трох разоў, хто маецца на ўвазе. Раней Лукашэнка ня раз казаў украінскім мэдыям: маўляў, я б хутка разабраўся з вашымі праблемамі. А цяпер ён яшчэ раз нагадаў, што суседнім народам, у адрозьненьне ад беларусаў, проста не пашанцавала з кіраўнікамі.
Акрамя таго, папулізм патрабуе спрашчэньня. Складаныя палітычныя праблемы трэба тлумачыць такой мовай, якая зразумелая простаму абывацелю. У гэтым пляне Лукашэнка — вялікі мастак. А калі такое спрашчэньне, простае тлумачэньне складаных палітычных праблемаў часта вядзе да скажэньня, перакручваньня ці проста да абсурду, то гэта піяраўскія выдаткі. Вось, напрыклад, гэты тэзіс: «Не ваюе ва Ўкраіне народ з народам, зь беларусамі, рускімі і так далей, і нават з украінцамі». А хто ж там ваюе? Няўжо палітыкі? І гінуць таксама не шараговыя грамадзяне, а палітыкі?
Або выснова пра «нашых праціўнікаў і ворагаў», якія «распальваюць братазабойчую вайну» паміж славянамі. Хто ж гэтыя ворагі? Няўжо Абама? Ці Мэркель з Аляндам? Дык вось якраз канцлер Нямеччыны і прэзыдэнт Францыі заклікалі Кіеў спыніць сілавую апэрацыю на ўсходзе Ўкраіны.
Папулізм і лёгіка — рэчы цяжка сумяшчальныя.
Лукашэнка чарговым разам нагадаў яшчэ адзін міт — пра славянскую еднасьць. «Група славянскіх народаў — самая вялікая ў Эўропе. І як бы ні складаўся лёс канкрэтных этнасаў, у крытычныя моманты гісторыі еднасьць славян заўсёды выяўлялася. Гэта актуальна сёньня... Нашы продкі ня бачылі сябе паасобку, не шукалі варожасьці, а вышэй за ўсё шанавалі вернае сяброўства... Нядаўна ваявалі разам, разам паміралі ў адных акопах, па адзін бок барыкадаў. Хто б мог падумаць, што сёньня мы будзем гаварыць пра крыху іншае», — адзначыў кіраўнік Беларусі.
Як і ўсякі прапагандысцкі міт, тэзіс пра славянскую еднасьць не вытрымлівае ніякага сутыкненьня з фактамі
Як і ўсякі прапагандысцкі міт, тэзіс пра славянскую еднасьць не вытрымлівае ніякага сутыкненьня з фактамі. Гістарычны досьвед кажа, што войнаў паміж славянамі было значна больш, чым паміж славянамі і неславянамі. І гэта зразумела, бо ваявалі ж, як правіла, з суседзямі. Узгадаем хоць бы, колькі войнаў было між літвінамі і расейцамі. І сёньня цяжкія гістарычныя траўмы перашкаджаюць паразуменьню паміж славянскімі народамі, напрыклад, паміж расейцамі і палякамі.
Можна і не хадзіць далёка, не сягаць у глыбокую мінуўшчыну. Узгадайце, як на нашых вачах праходзіла кровапралітная вайна ў Югаславіі. Там сэрбы ваявалі з харватамі, басьнійцамі (славянамі, якія прынялі ісьлям).
І сёньня адносіны паміж некаторымі славянскімі краінамі даволі напружаныя. Напрыклад, паміж Беларусьсю і Польшчай. Ужо ня кажучы пра расейска-ўкраінскі канфлікт.
Бо ня роднасьць моваў, культураў, а нацыянальныя інтарэсы, як яны бачацца палітычнымі элітамі, ляжаць у аснове дачыненьняў паміж дзяржавамі і народамі.
А сьвята песьні «Славянскі базар» — справа, можа, і нядрэнная. Абы толькі на ідэалягічны міт Беларусь ня траціла свае бюджэтныя грошы.