Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «сэнатара» Кастагорава адабралі недатыкальнасьць. Ці варта чакаць крымінальнай справы?


Віталь Кастагораў
Віталь Кастагораў

Сябра Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу, прадпрымальнік Віталь Кастагораў пазбаўлены дэпутацкай недатыкальнасьці. Не выключана, што ён затрыманы. Зь якой дзейнасьцю можа быць зьвязаны такі паварот у лёсе пасьпяховага раней палітыка і бізнэсоўца?

У прэсавай службе Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу паведамілі, што сябры савету далі згоду на пазбаўленьне недатыкальнасьці свайго калегі Віталя Кастагорава. «Паводле матэрыялаў, якія прадставілі праваахоўныя органы», — паведамляе прэсавая служба, але не ўдакладняе, што менавіта ставіцца ў віну Віталю Кастагораву. Паводле некаторых крыніц, Віталь Кастагораў затрыманы, але гэтыя зьвесткі ў праваахоўных структурах не камэнтуюць:

«Інфармацыі ў дадзены момант ніякай няма. Калі што зьявіцца, абавязкова праінфармуем грамадзкасьць», — сказаў Свабодзе кіраўнік прэсавай службы Сьледчага камітэту Беларусі Сяргей Кабаковіч. У КДБ і Генпракуратуры зьвесткі пра Віталя Кастагорава таксама не камэнтуюць.

Віталь Кастагораў быў прызначаны сябрам Савету Рэспублікі 5 скліканьня ў 2012 годзе ад некалькіх раёнаў Магілёўскай вобласьці, у тым ліку ад Магілёўскага раёну. Якраз на тэрыторыі гэтага раёну знаходзіцца акцыянэрнае таварыства «Палітэкс», якое ён узначальвае. «Палітэкс» выпускае нятканыя тэкстыльныя матэрыялы з адмысловымі ўласьцівасьцямі. Кандыдат эканамічных навук з Магілёва, дасьледчык эканомікі гораду Пётар Мігурскі кажа, што як прадпрымальнік Віталь Кастагораў — сапраўды відная фігура ў Магілёве:

«Дзе павінна быць дадатковая абарона ад паступленьня паветра, бо звычайная тканіна яго прапускае, — там гэтыя матэрыялы вельмі патрэбныя. Прыкладам, у хімічнай вытворчасьці, для строю пажарнага ці вадалаза. Выкарыстоўваюць такія тканіны шмат дзе, і попыт на іх ёсьць, але вырабіць іх вельмі складана. І тое, што яны асвоілі такую вытворчасьць, — справа важная. Таму скажу, што ў Магілёве ён паважаны бізнэсовец. А вось што да ягонай грамадзкай дзейнасьці, то, магчыма, яна была шкодная для ягонага бізнэсу. Магчыма, ён ужо шкадуе, што гэтак блізка падышоў да ўладных структураў».

Пры першых зьвестках пра тое, што Віталя Кастагорава пазбавілі дэпутацкай недатыкальнасьці, у Магілёве згадалі пра буйны інвэстыцыйны праект, які пачалі рэалізоўваць з дапамогай Кастагорава — будоўлю лягістычнага цэнтру ў прамысловым раёне гораду. Цяперашнія праблемы «сэнатара» Кастагорава людзі зьвязалі з тым, што як бізнэсовец ён мусіў вырашаць пытаньне зь зямлёю пад лягістычны цэнтар, мець пэўныя зносіны з чыноўнікамі, ад якіх гэта залежала. «Заўважна, што ўжо тыдзень як будоўля цэнтру чамусьці замерла», — адзначыў актывіст кампаніі «Гавары праўду» з Магілёва Сяргей Лапуцін, які раней пра Віталя Кастагорава чуў толькі добрыя меркаваньні:

Ва ўсякім разе, ён чалавек слова, калі абяцаў — выконваў

«Ва ўсякім разе, ён чалавек слова, калі абяцаў — выконваў. Яшчэ займаўся мэцэнацтвам, у тым ліку будаваў дзіцячыя пляцоўкі. Да яго калі зьвярталіся, ён ішоў насустрач. І як у бізнэсоўца ў яго добрая рэпутацыя».

Гісторыя з Віталем Кастагоравым, чым бы яна ні завяршылася, ужо стала другім гучным скандалам у Савеце Рэспублікі Нацыянальнага Сходу за апошнія два гады. У 2013 годзе пасьля працэсу, які расьцягнуўся на некалькі месяцаў, на 8 гадоў зьняволеньня за злоўжываньні быў асуджаны начальнік сакратарыяту Савету Рэспублікі Глеб Бядрыцкі. Паводле суду, чыноўнік рабіў махінацыі з грашыма, якія выдаткоўваліся на патрэбы верхняй палаты парлямэнту. Вядома, што Бядрыцкі зьвяртаўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай вызваліць яго ад крымінальнай адказнасьці, але просьба была адхіленая. Назіральнікі не выключаюць, што затрымка ў вызначэньні далейшага лёсу «сэнатара» Кастагорава можа быць зьвязаная з аналягічнай просьбай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG