У Менску адчыніў дзьверы новы будынак музэю Вялікай Айчыннай вайны. Гэтую падзею год адкладалі з прычыны «складанага тэхнічнага насычэньня экспазыцыяў». 2 ліпеня ўрачыстае адкрыцьцё музэю адбылося ў прысутнасьці кіраўнікоў Беларусі і Расеі, пазьней экспазыцыя стала даступнай для ўсіх, кошт білета — 40 тысяч рублёў.
У музэі на вялікім экране «галоўнай навіной» бесьперапынна круцяцца кадры афіцыйнага адкрыцьця музэю 2 ліпеня ў прысутнасьці Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна, а таксама праходу Лукашэнкі з сынамі ў калёне вэтэранаў.
Залі новага будынку музэя мала падобныя да ранейшых, калі музэй стаяў на Кастрычніцкай плошчы. Пачынаецца экспазыцыя са стылізацыі пад Берасьцейскую крэпасьць: фрагмэнты цагляных сьценаў, вядомыя ўсім надпісы «Прощай, Родина!», «Умрём, но из крепости не уйдем» і г. д. Фонам з дынамікаў гучаць савецкія патрыятычныя песьні ды нямецкія маршы.
Наступны прыпынак — ля стэндаў даваеннага пэрыяду. На прыкладзе публікацыяў у тагачасных газэтах расказваецца пра дамоўленасьці аб ненападзе, якія былі падпісаныя, але двурушная палітыка Гітлера прывяла да «вераломнага ўварваньня» Нямеччыны на тэрыторыю СССР. Тут жа ўзоры формы, зброі, узнагародаў варожых арміяў, партрэты военачальнікаў. Інфармацыйнае суправаджэньне тут і далей трохмоўнае — надпісы на таблічках па-беларуску, па-расейску і па-ангельску.
Самую вялікую прастору адвялі пад вайсковую тэхніку, частка якой стаяла ў дварах старога музэю: нямецкія і савецкія танкі, «кацюшы», гарматы ўсякай масьці і калібру, мінамёты, «палутаркі», супрацьтанкавыя яжы. Практычна да кожнай адзінкі прыстаўлены манэкен чырвонаармейца, які ці то зараджае гармату, ці пільна ўглядаецца ў бінокль, ці сядзіць за баранкай машыны. Дарэчы, фігураў у тагачаснай адзежы па ўсім будынку дзясяткі. Яны і ў партызанскіх зямлянках, і ў палявых шпіталях, і на перадавых пазыцыях.
На сьценах — прапагандысцкія плякаты ваеннай пары. Зьмест — знаёмы яшчэ са школьнай парты: ад закліку «Раздавим фашистскую гадину!» да партызанскага папярэджаньня «От народной мести не уйти врагу». Тут жа і жывапісныя палотнішчы адпаведнага зьместу — «Агідная сутнасьць ворага», «Па фашысцкіх сьцярвятніках», — і маштабныя скульптурныя кампазыцыі.
Як кажа доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч, наўрад ці варта было чакаць ад абноўленай экспазыцыі нечага прынцыпова новага, бо ўсе падзеі ў афіцыйнай беларускай гістарыяграфіі па-ранейшаму падаюцца толькі праз прызму аднаго «заказчыка» — Масквы:
«Ніхто асабліва ня згадвае, што шмат было і тых, хто выступаў супраць савецкай улады. Людзі яшчэ да вайны былі пакрыўджаныя саветамі ці асабіста, ці дасталася іх сваякам, таму не лічылі немцаў прынамсі горшымі. Так што сытуацыя была вельмі складаная, вельмі неадназначная, і гаварыць так, як у Маскве лічаць, мы проста ня можам. Гэта занадта агульная ацэнка, у нас ня тое было. Канкрэтныя дзеяньні з боку беларусаў залежалі ад таго, як дзейнічалі галоўныя камандзіры і як дзейнічалі кіраўнікі партызанаў. Што тычыцца савецкіх партызанаў, то ў Маскве быў спэцыяльны штаб, які рыхтаваў усё, што трэба. А паколькі гэта была арганізаваная структура, то ў савецкіх партызанаў, асабліва ў 1943–44 гадах, было больш посьпехаў. Але іншая сытуацыя была ў Заходняй Беларусі, дзе дзейнічала Армія Краёва. Так што ўсё было досыць складана».
Дзеля справядлівасьці, згадкі пра «іншую вайну» ў музэі ёсьць — праўда, уся «альтэрнатыўная» экспазыцыя зьмясьцілася ў сьціплым закутку, які можна праскочыць і не заўважыць. На вялікім экране ідуць кадры з мастацкіх фільмаў аб тым, як гітлераўцы ды іхнія памагатыя зь ліку мясцовых зьнішчаюць мірнае насельніцтва. За шклом — шынель паліцэйскага, копія статуту «Саюзу беларускай моладзі», бел-чырвона-белая павязка сябра СБМ, білеты сябраў «Беларускай народнай самапомачы» з «Пагоняй», «Аб’яднаньня беларускіх сёстраў». На сьцяне — нумары «Беларускай газэты» зь перадавіцамі: «Крыжовы паход Эўропы супраць бальшавізму», «Вайна з Саветамі» і г.д.
А вось аддзел менскага падпольля і партызанкі займае стратэгічнае становішча. Праз гукаўзмацняльнікі дэклямуюцца вершы пра «беларускіх сыноў». З тоўстых бёрнаў складзеныя цэлыя бліндажы, у якіх за шклом відаць ці нарада ў штабе, ці перавязачны пункт, ці кухня. Паказваюць партызанскую вынаходку — кулямёт «Максім», усталяваны на санях.
Новыя тэхналёгіі, якія не дазвалялі хутка адкрыць музэй, сапраўды заўважныя. Паўсюль вадкакрышталічныя экраны з разнастайнай статыстыкай, у шматлікіх нішах — імітацыя выбухаў, чорны дым. Над дзьвярыма вісіць вогненная 3D-шырма, якая насьцярожвае наведнікаў і нават прымушае спыніцца.
Сярод наведнікаў музэя трапіўся 90-гадовы вэтэран Яўген Старавойтаў. На футболцы — плянкі, якія сьведчаць пра раненьні і кантузію. Ён лічыць сябе адным з апошніх сапраўдных удзельнікаў вайны і кажа, што яго сюды прывяло:
«Я з іроніяй кажу: куды ўжо нешта адчыняць? Зачыняць трэба — вось вам апошні „сьмяротнік“ ідзе. Гэта, вядома, напаўжартам... А так я ў тую вайну шмат дзе пабываў: прайшоў поўдзень Беларусі — ад Гомелю да Берасьця. Потым Усходнюю Прусію, браў удзел у вызваленьні Прагі, Вены, Бэрліну. Вялікі давялося шлях прайсьці, вельмі вялікі... Вось наведаў новы музэй, паглядзеў, сфатаграфаваў на камэру. Ня ведаю, як для каго, а для мяне гэта ўсё досыць шчымліва, бо выклікае ў памяці падзеі зусім іншага жыцьця. Бо ў нашага пакаленьня фактычна не было ні дзяцінства, ні юнацтва. Гэта ня выдумана, гэта праўда...»