У Менску сёньня ўрачыста адкрылася 7-я міжнародная выстава ўзбраеньняў і вайсковай тэхнікі Milex-2014, на якой прадстаўленыя новыя ўзоры ня толькі зь Беларусі, але і з прызнаных экспартэраў зброі — Расеі, Кітаю, Украіны ды іншых краін.
Усяго ў выставе бяруць удзел прадстаўнікі 40 краін сьвету.
На адкрыцьцё выставы чакалі прыезду расейскага віцэ-прэм’ера Дзьмітрыя Рагозіна, які курыруе расейскую абаронку, але не дачакаліся. Зачыталі толькі ягонае прывітаньне. Беларускі прэм’ер Міхаіл Мясьніковіч пералічыў, якія навінкі прадставіць на выставе Беларусь. У прыватнасьці ён распавёў пра беларускія бесьпілётнікі, мабільныя радыёрэлейныя станцыі, аўтамабілі павышанай праходнасьці, комплексы для зьнішчэньня перашкодаў сувязі ды іншую вайсковую тэхніку, якую выпускае беларускі ваенпрам. Прэм’ер заявіў, што гэтыя тавары будуць канкурэнтаздольныя на ўсясьветным рынку ўзбраеньняў. Ён асабліва выказаўся за вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва «ва ўсходнеэўрапейскім рэгіёне».
Узорам такога супрацоўніцтва могуць стаць сувязі Аршанскага авіярамонтнага заводу і ўкраінскай фірмы з Запарожжа «Мотор січ», якая выпускае рухавікі для верталётаў. «Мотор січ» займае на выставе Milex-2014 вялікае месца: пад дахам веладрому — асноўны стэнд фірмы, а на адкрытай пляцоўцы каля «Мінск-арэны» стаіць мадэрнізаваны беларусамі верталёт «Мі-8». Дырэктар Аршанскага авіярамонтнага заводу Ўладзімер Троіцкі паведаміў карэспандэнту Свабоды пра пляны прадаваць штогод дзясяткі такіх мадэрнізаваных гелікоптэраў:
«Гэта адзін з самых папулярных верталётаў у сьвеце. На ім цяпер стаіць рухавік, які выраблены фірмай „Мотор січ“. Гэта рухавікі 5-га пакаленьня, якія даюць зусім іншую якасьць палёту. Гелікоптэр з такім рухавіком паставіў усясьветны рэкорд — падняўся на вышыню 9,5 тысячы мэтраў. У мінулым годзе мы асвоілі сэрыйны выпуск, вырабілі 5 гелікоптэраў, на гэты год у нас плян — 10, а далей будзем працаваць, нарошчваць вытворчасьць. Асноўны рынак збыту — краіны Афрыкі, Азіі і Лацінскай Амэрыкі, дзе сьпякотны клімат і гарыстая мясцовасьць. У краінах, дзе вышэй за 40 градусаў, іншыя рухавікі проста не заводзяцца».
Карэспандэнт: «Ці будзе ў беларускага гелікоптэра арыгінальная беларуская назва?»
Троіцкі: «Разумееце, рынак авіяцыйнай тэхнікі вельмі кансэрватыўны. На тэхніку даецца міжнародны сэртыфікат, і калі гэты гелікоптэр сэртыфікаваны як „Мі-8мсб“, значыць, ён гэтак і будзе называцца. Нам галоўнае — вырабіць добрую машыну».
Карэспандэнт: «Ва Ўкраіне, зусім побач з Запарожжам, складанае становішча, фактычна ідзе вайна. Ці ёсьць у вас праблемы з пастаўкамі ўкраінскіх рухавікоў?»
Троіцкі: «На сёньня праблемаў няма. Рухавікі прыходзяць да нас, да іх ідуць грошы, рух адбываецца ў абодва бакі. Але як будзе сытуацыя разьвівацца далей, мяркую, ніхто ня скажа. Мы вельмі спадзяёмся, што Запарожжа, дзе знаходзіцца матчыная кампанія „Мотор січ“, не закрануць ніякія ваенныя дзеяньні. Спадзяёмся і вельмі непакоімся за Ўкраіну».
Сумесны стэнд «Мотор січ» і Аршанскага авіярамонтнага заводу наведаў беларускі прэм’ер Міхаіл Мясьніковіч. У момант, калі ён размаўляў з кіраўнікамі ўкраінскага прадпрыемства, на экране паказвалі рэклямны ролік «Мотор січ», на якім прамільгнуў твар былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча. Магчыма, беларускі прэм’ер гэтага не заўважыў — ці зрабіў выгляд, што ня ведае, каго паказалі ў рэкляме ўкраінскіх рухавікоў для беларускіх «Мі-8».