Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як зьбіраюцца блякаваць Данецк і Луганск

абноўлена

Бліжэйшымі днямі вакол Данецка і Луганска будзе ўведзены рэжым блякіроўкі руху. Пра гэта на сёньняшнім брыфінгу ў Кіеве заявіў прэсавы сакратар інфармацыйна-аналітычнага цэнтру Рады Нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны (РНБА) Андрэй Лысенка. Паводле яго, гаворка ідзе не аб аблозе, а аб блякаваньні руху тэрарыстаў з гораду і ў горад і перакрыцьці ім доступу да рэсурсаў — зброі, баявой тэхнікі і наймітаў.

Паводле Андрэя Лысенкі, мірным жыхарам рэкамэндавана ў гэты асабліва небясьпечны пэрыяд менш зьяўляцца на дарогах, каб тэрарысты не захапілі іх у палон і не спрабавалі скарыстацца імі як жывым шчытом. Ён таксама адзначыў, што з боку ўкраінскіх вайскоўцаў цывільнаму насельніцтву нічога не пагражае. «Звычайныя людзі могуць вольна праходзіць і праяжджаць праз блёкпосты. Больш за тое, у выпадку неабходнасьці ўкраінскія вайскоўцы дадуць ім гуманітарную дапамогу — прадукты, ваду і лекі», — адзначыў прадстаўнік РНБА.

Вайсковы сэнс блякаваньня гарадоў, дзе зараз умацаваліся прарасейскія ваяўнікі, патлумачыў Радыё Свабода каардынатар групы «Інфармацыйны супраціў» Дзьмітры Тымчук:

«Тэрарыстам паступае зброя, нават танкі і сыстэмы залпавага вагню, і яны папаўняюць свае страты без праблемаў. Каб пасьпяхова змагацца зь імі, неабходна блякаваць населеныя пункты, у якіх яны знаходзяцца. У пэўным сэнсе спрашчае задачу тое, што няма ж лініі фронту. Нашае міністэрства абароны публікуе інфаграфіку, якую тэрыторыю кантралююць тэрарысты. Але яны яе кантралююць вельмі ўмоўна. Па нашых падліках, іх прыкладна 12 тысяч чалавек. Такой колькасьцю немагчыма кантраляваць вялікую тэрыторыю. Па сутнасьці яны кантралююць асобныя населеныя пункты, у некаторых паселішчах яны стварылі апорныя пункты, вырылі акопы, зрабілі агнявыя пазыцыі.

У Данецку, улічваючы, што гэта вялікі горад, сытуацыя можа быць больш складаная. На карысьць сілаў АТА тое, што баевікі дэмаралізаваныя пасьля папярэдніх паразаў. Але ўмовы вялікага гораду для іх вельмі зручныя. Украінская армія ня будзе наносіць гарматныя і бомбавыя ўдары па шчыльна населеных кварталах.

Прарасейскі баявік у Данецку
Прарасейскі баявік у Данецку

У такіх умовах першая задача — гэта блякаваньне, кантроль транспарту, які ўяжджае і выяжджае з гораду, каб у горад ня ўвозілі зброю. Размова ня йдзе пра тое, каб вымарываць голадам тэрарыстаў, а зь імі і насельніцтва велізарнага гораду. Транспарт з харчаваньнем пасьля праверкі прапускаецца ў горад.

Прыклад паселішча Мікалаеўка паказвае, як далей, пасьля блякаваньня, павінна разьвівацца апэрацыя ў ідэале. Мікалаеўка была блякаваная, пазыцыі баевікоў каля яе былі зьнішчаныя. А потым у паселішча ўвайшла Нацыянальная гвардыя пры падтрымцы армейскіх частак. Апошняе неабходна, бо баевікі мініруюць усё, што толькі магчыма. Без сапёраў там кроку ступіць нельга. Гэта, дарэчы, тычыцца і мяжы, баевікі там шмат мінаў паставілі.

Украінскія войскі ў Данецку
Украінскія войскі ў Данецку

Дык вось Нацыянальная гвардыя пры падтрымцы войска ўваходзіць у паселішча і там пачынаюцца кропкавыя баявыя сутыкненьні, тое, што ў прастамоўі называецца «зачысткай». У Мікалаеўцы атрымалася вызваліць 150 чалавек, якіх тэрарысты трымалі ў закладніках у сваім штабе.

У Данецку, зразумела, паўтарыць гэты ідэальны сцэнар будзе больш складана», — расказаў каардынатар групы «Інфармацыйны супраціў» Дзьмітры Тымчук.

Данецкі гарадзкі галава Аляксандр Лук’янчанка паведаміў на прэс-канферэнцыі ў аўторак, што «абстаноўка з харчовым забесьпячэньнем ў Данецку стабільная. У продажы маюцца ўсе асноўныя групы тавараў.»

Паводле Лук’янчанкі, у поўным аб’ёме працуе грамадзкі транспарт, лячэбныя і дзіцячыя дашкольныя ўстановы, а таксама прышкольныя лягеры.

«Ад 5 ліпеня горад перайшоў на рэжым найстражэйшай эканоміі вады. Падача халоднай і гарачай вады ажыцьцяўляецца ад 17:00 да 22:00», — распавёў Аляксандр Лук’янчанка.

Ён адзначыў, што па-ранейшаму няпростай застаецца крымінагенная абстаноўка: «Ад 30 чэрвеня па 7 ліпеня ў горадзе было зьдзейсьнена 5 разбойных нападаў, у тым ліку і на аддзяленьне „ПриватБанку“ ў Ленінскім раёне, зафіксавана 27 фактаў незаконнага завалоданьня аўтатранспартам, угнана 64 аўтамабіля, зь якіх 19 — належаць фізычным асобам і 45 — юрыдычным. 58 аўтамабілямі завалодалі адкрыта ўзброеныя людзі.»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG