Затрыманыя 2 ліпеня лідэр «Альтэрнатывы» Алег Корбан і актывіст Уладзь Сяргееў асуджаныя судом Партызанскага раёну Менска на 10 сутак арышту кожны.
Пра гэта паведаміў «Свабодзе» адзін з кіраўнікоў «Альтэрнатывы» Ільля Дабратвор.
«Мы дакладана ня ведаем, калі адбыўся суд, сёньня ці 3 ліпеня. У любым выпадку гэта парушэньне закону, бо суд мусіць быць адкрытым. А калі гэта адбылося 3 ці 4 ліпеня, то гэта яшчэ большае парушэньне, бо суды ў гэты час нібыта не працуюць. Гэта падобна на па-за судовыя расправы над нашымі актывістамі», — адзначыў Ільля Дабратвор.
Алега Корбана і Ўладзя Сяргеева супрацоўнікі міліцыі забралі з кватэры і адвезьлі ў Партызанскі РУУС. Паводле Ільлі Дабратвора, іх маглі затрымаць за расьцяжку «За незалежную Беларусь», якая нядаўна зьявілася ў мэтро. Яна вісела каля 30 хвілін, пакуль яе не зьнялі міліцыянты.