Учарашні выступ Аляксандра Лукашэнкі з нагоды Дня незалежнасьці больш спрэчак у сацыяльных сетках выклікаў ня столькі сваім зьместам, колькі мовай.
Упершыню за шмат гадоў Лукашэнка выступіў са сьвяточнай прамовай па-беларуску.
У першыя гады незалежнасьці на дзяржаўнае сьвята Лукашэнка прамаўляў на беларускай мове, але пасьля таго, як надаў праз рэфэрэндум дзяржаўны статус расейскай мове, пачаў выступаць выключна па-расейску.
Учора ў Палацы рэспублікі адарваўшыся ад беларускамоўнай паперкі Лукашэнка ўсё ж загаварыў па-расейску.
У сацыяльных сетках выказалі шмат іроніі з нагоды гэтага выступу, а таксама чорна-аранжавага гальштука.
Źmicier Žaleźničenka: «У яго пэрсанальныя курсы. Называюцца „Мова ці ў Рашу“.
А мне ж казалі, што Рыгоравіч таемна на Mova ci kava ходзіць, а я не верыў, недаверлівы.. І во вам».
Аляксандар Фядута, які быў у адміністрацыі Лукашэнкі ў 1994-м і ініцыяваў каб выступы на дзяржаўнае сьвята былі па-беларуску, падсумаваў дыскусію ў Фэйсбуку:
«Калегі, спыніце іранізаваць над беларускай прамовай прэзыдэнта. У апошні раз такое здарылася роўна 20 гадоў таму — з нагоды Дня незалежнасьці. Не спужайце — а то зноў 20 гадоў чакаць прыйдзецца».