Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: кожны, хто замахваецца на адзінства нацыі, — вораг Беларусі


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што пагроза незалежнасьці Беларусі можа паўстаць толькі з-за эканамічных фактараў.

«Я ўжо казаў і гатовы паўтарыць яшчэ раз: калі і ўзьнікне хоць нейкая пагроза незалежнасьці нашай краіны, то толькі з эканамічных прычын», — заявіў Лукашэнка ў Менску на ўрачыстым сходзе, прысьвечаным афіцыйнаму сьвяту — Дню Незалежнасьці.

Ён адзначыў, што гэты тэзіс асабліва актуальны апошнім часам, маючы на ўвазе падзеі ва Ўкраіне.

«Нас пужаюць, што з усходу полчышчы прыйдуць, а на ўсходзе нас сёньня пачынаюць пужаць, што з захаду полчышчы прыйдуць, разьдзеляць, раздушаць, разарвуць», — адзначыў кіраўнік Беларусі.

«Як прэзыдэнт я абавязаны гэта мець на ўвазе і не адмаўляць ніводнага з варыянтаў, нават самых абсурдных. Але я заўсёды казаў і кажу: ніякія полчышчы сёньня ня ў стане разбурыць нашу краіну. Калі і разбурым, то толькі самі, з эканамічных прычын.

Таму калі мы хочам, каб нашы дзеці і ўнукі жылі на сваім лапіку зямлі, мы павінны закласьці гэты падмурак, чаго б нам гэта ні каштавала. Ніякія полчышчы, ніякія танкі, ніякія самалёты ня ў стане сёньня паставіць нас на калені — нават у адзіночку нас, беларусаў. Усё залежыць ад нас.

Ніякія полчышчы, ніякія танкі, ніякія самалёты ня ў стане сёньня паставіць нас на калені — нават у адзіночку нас, беларусаў

Трагедыя блізкай нам Украіны нагадала: вайна — гэта тое, што можа апынуцца вельмі блізка, вайна — гэта тое, што здараецца, калі не шануецца мір, стабільнасьць і згода. Калі грамадзтва расколваецца і ўпадае ў рэвалюцыйную смуту», — цытуе БелТА Лукашэнку.

«Жыцьцё паказвае: нельга расслабляцца».

Паводле Лукашэнкі, беларускую свабоду і незалежнасьць сёньняшняга дня адстойвалі беларус і расеец, украінец і грузін, азэрбайджанец і армянін.

«Гэтае адзінства выратавала нас у ваенны пэрыяд. Яно дало нам мудрасьць і сілы ўжо ў новы час пабудаваць незалежную Беларусь. Кожны, хто замахваецца на адзінства нацыі, — вораг Беларусі».

«Мы, беларусы, па сваёй прыродзе спакойныя і неканфліктныя, памяркоўныя і некрыўдлівыя. Але прымушаць нас і запалохваць — беспэрспэктыўна, бескарысна і контрапрадуктыўна», — адзначыў кіраўнік Беларусі.

«Усё часьцей мы чуем пра інфармацыйныя войны і кібэрзлачыннасьць. Адзін чалавек з кампутарам часам можа быць больш небясьпечны, чым дзесяць са стрэльбай. Адным націскам кнопкі ён можа нанесьці большую шкоду, чым любое ўзброенае да зубоў падразьдзяленьне. Сумленная інфармацыя пра нашу краіну, адкрыты і шчыры дыялёг — гэта тое, што зьвядзе на нішто любыя спробы ўцягнуць Беларусь у інфармацыйную вайну».

Таксама Лукашэнка заявіў, што «дамова аб Эўразійскім эканамічным саюзе нічога дрэннага не прынесла і надалей не прынясе — толькі выгаду. Нам вельмі неабходны гэты эканамічны саюз».

«Што дрэннага ў тым, што мы атрымалі свабодны рынак у 170 млн чалавек?»

Паводле Лукашэнкі, сяброўства ў ЭАЭС — гэта не вырашэньне ўсіх праблемаў, а добрая зарука пры добрай працы, каб рэалізаваць беларускую прадукцыю. Ён адзначыў, што ставіць задачу па дывэрсыфікацыі эканомікі і экспарту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG