Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Ігара Пцічкіна: Чаму больш як за паўгода экспэрты ня вызначылі прычыну сьмерці сына?


Ігар Пцічкін
Ігар Пцічкін

Ігар Пцічкін памёр ад спыненьня сэрца, але прычыны гэтага спыненьня ня выяўленыя. Пра гэта карэспандэнту Свабоды са спасылкай на экспэртызу цела сына паведаміла маці нябожчыка Жана Пцічкіна. 1 ліпеня яна больш за палову дня правяла ў Сьледчым камітэце Беларусі. Жану Пцічкіну як пацярпелую азнаёмілі з матэрыяламі крымінальнай справы аб сьмерці яе сына.

Паводле Жаны Пцічкінай, экспэрты разглядалі тры імаверныя прычыны спыненьня сэрца Ігара Пцічкіна: з-за хваробы, з-за ўзьдзеяньня наркотыкаў і ў выніку атрыманых цялесных пашкоджаньняў. «Але сьлядоў наркотыкаў у целе сына ня выяўлена. Да зьмяшчэньня на „Валадарку“ ён на сардэчную хваробу таксама не цярпеў. Таму ў мяне ўзьнікае пытаньне: навошта было праводзіць такую экспэртызу, якая больш як за паўгода так і не дала пэўнага адказу на пытаньне, ад чаго памёр мой сын?». Адкуль узяліся сьляды зьбіцьця ў Ігара Пцічкіна, экспэртыза ня вызначыла.

Напярэдадні стала вядома, што сьледзтва лічыць Ігара Пцічкіна наркаманам і завяло крымінальную справу, у якой Ігар Пцічкін фігуруе як здабытчык забароненых курыльных сумесяў. Адміністрацыя менскага СІЗА заяўляе, што падчас знаходжаньня ў ізалятары ў Ігара Пцічкіна з-за непрыманьня наркотыкаў разьвілося псыхічнае захворваньне і ахоўнікі мусілі ізаляваць яго ў мэдычнай частцы ды прывязаць да ложка. Вядома, што супрацоўніку мэдычнай часткі СІЗА выставілі абвінавачаньне ў неаказаньні патрэбнай дапамогі, з-за чаго наступіла сьмерць Ігара Пцічкіна.

Сваякі Ігара Пцічкіна выказвалі меркаваньне, што ён памёр ад зьбіцьця ахоўнікамі, і адзначалі сьляды зьбіцьця на целе нябожчыка.

Як паведаміў сьледчы, у справе будзе прызначаная новая экспэртыза з новымі мэдыкамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG