«Узброеныя сілы Расеі будуць прадстаўлены парадным разьлікам паветрана-дэсантных войскаў з 170 дэсантнікаў Пскоўскага дэсантна-штурмавога злучэньня», — паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на Міністэрства абароны Расеі.
Іншая расейская тэхніка, якая будзе ўдзельнічаць у парадзе:
- 8 установак зэнітных ракетных сыстэмаў С-400 «Трыюмф»;
- 8 самаходных установак апэратыўна-тактычных ракетных комплексаў «Іскандэр»;
- 16 браніраваных шматмэтавых аўтамабіляў «Тыгр»;
- 5 зьнішчальнікаў-бамбавікоў Су-34;
- 5 ўдарных верталётаў Ка-52 «Алігатар».
«Перабазаваньне авіятэхнікі і асабістага складу ў Беларусь для ўдзелу ў вайсковым парадзе было ажыцьцёўлена загадзя», — адзначылі ў Мінабароны РФ.
Тым часам ад панядзелка ў Беларусі знаходзіцца афіцыйная расейская дэлегацыя, якую ачольвае камандзір паветрана-дэсантных войскаў РФ генэрал-палкоўнік Уладзімер Шаманаў.
«На працягу шасьці дзён дэлегацыя на чале з генэрал-палкоўнікам Шаманавым наведае 103 і 38 гвардзейскiя асобныя брыгады, 5 асобную брыгаду спэцыяльнага прызначэньня, дзе азнаёміцца з арганізацыяй баявой падрыхтоўкі, умовамі службы і побыту асабістага складу», — рапартуе прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі.