Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі парлямэнтар: Беларусь ня хоча і ня можа ісьці ў Эўразьвяз


Беларуска-літоўскія міжпартыйныя кансультацыі адбываюцца ў Сэйме Літвы ў Вільні.

Беларуска-літоўскія міжпартыйныя кансультацыі адбываюцца ў Сэйме Літвы ў Вільні. Удзельнікі сустрэчы дыскутуюць пра пэрспэктывы далучэньня Беларусі да Эўразьвязу, а таксама абмяркоўваюць маючыя адбыцца ў 2015-м прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі.

Напярэдадні сустрэчы ў Вільні 3 з 6 краінаў (Грузія, Малдова, Украіна), якія ўваходзяць у праграму «Ўсходняе партнэрства», падпісалі дамову з Эўразьвязам і сталі на шлях далучэньня да ЭЗ.

Беларусь разам з Армэніяй і Азэрбайджанам засталася ў той тройцы, якая ня рухаецца ў Эўразьвяз.

«Азэрбайджан ня хоча ісьці ў Эўразьвяз, Армэнія — ня можа, а Беларусь — і ня хоча, і ня можа», — пажартаваў на сустрэчы старшыня камітэту замежных спраў парлямэнту Бэнэдыктас Ёдка.

На гэта кіраўнік руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч адзначыў:

«У Беларусі палова насельніцтва падзяляе эўрапейскія каштоўнасьці і гатовая рухацца ў Эўразьвяз. Праўда, падзеі ва Ўкраіне прыкладна на 10% зьменшылі колькасьць прыхільнікаў эўраінтэграцыі, аднак гэта часовае адступленьне».

У сваю чаргу лідэр апазыцыі ў літоўскім Сэйме Андрус Кубілюс заявіў, што ўсе палітычныя партыі Літвы падтрымліваюць праграму «Ўсходняе партнэрства» і выступаюць за тое, каб краіны, якія ўваходзяць у яе, рухаліся ў бок Эўразьвязу.

А дэпутат Сэйму Эмануэліс Зінгерыс выказаў спадзяваньне, што Беларусь будзе наступнай краінай, якая падпіша дамову пра асацыяцыю з Эўразьвязам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG