Ад 20 чэрвеня ўкраінскія сілавікі кіруюцца плянам мірнага ўрэгуляваньня прэзыдэнта Пятра Парашэнкі і выкарыстоўваюць зброю толькі ў выпадку нападаў з боку сэпаратыстаў. Уладзімер Пуцін прапаноўвае адмяніць дазвол на выкарыстаньне ўзброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны, дадзены яму раней Саветам Фэдэрацыі. Паміж бакамі адбыліся кансультацыі з мэтай урэгуляваньня канфлікту. Чаму, нягледзячы на гэта, у Данбасе працягвае ліцца кроў? Толькі за ўчора там загінула 11 украінскіх вайскоўцаў. Свабодзе тлумачыць гэта кіраўнік украінскага Цэнтру ваенна-палітычных дасьледаваньняў Дзьмітры Тымчук.
— Спадар Дзьмітры, наколькі рэальнай у вашым Цэнтры ваенна-палітычных дасьледаваньняў лічаць магчымасьць спыненьня збройнага супрацьстаяньня ў сувязі з заявай Уладзімера Пуціна пра адмену дазволу на выкарыстаньне расейскіх узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны?
— Ніякіх памкненьняў да мірных дзеяньняў з боку Расеі чакаць не выпадае. Найперш, такая выснова выкліканая тым, што цалкам адсутнічае давер да палітыка Ўладзімера Пуціна, які робіць заявы, а пасьля дзейнічае цалкам адваротным чынам. Рашэньне адклікаць дазвол на ўвод войскаў на Ўкраіну Пуцін ужо сам пракамэнтаваў, сказаўшы, што гэта ўвогуле Данбасу ня тычыцца, таму што расейскіх войскаў там няма, а тычыцца толькі Крыму, дзе Расея дапамагла правесьці рэфэрэндум і цяпер узброеныя сілы там не патрэбныя.
Атрымліваецца, што калі Расея не вызнае факту сваёй вайсковай дапамогі тэрарыстам і прысутнасьці сваіх ваеннаслужачых на тэрыторыі Данбасу, то і выводзіць адтуль яна нікога ня будзе. Гэта першае. Другое: калі б нават гэтая заява тычылася Данбасу (хоць Пуцін гэта ўжо аспрэчыў), варта Крамлю прызнаць так званую незалежнасьць тэрарыстычных арганізацыяў «Данецкая народная рэспубліка» і «Луганская народная рэспубліка» — і можна ўводзіць туды войскі свабодна, кажучы, што ўвод адбываецца не на тэрыторыю Ўкраіны, а на тэрыторыю нейкіх незалежных рэспублік.
— Атрымліваецца, што гэтая заява — крок у адказ на прапанову мірнага пляну Пятра Парашэнкі, які таксама быў накіраваны на зьнешняга спажыўца і ад самага пачатку быў нерэальны?
— Так, тут нешта падобнае. Глядзіце, заява Пуціна была зробленая напярэдадні энэргетычнага дыялёгу паміж Масквой і Эўропай. Гэта чыста папулісцкі крок, які ня мае абсалютна ніякага практычнага сэнсу. Як і заява пра мірны плян Парашэнкі, ён быў накіраваны ў бок Эўропы. Адзінае, мне здаецца, што ўдакладненьне пра Крым Пуцін зрабіў заўчасна. У ягонай манеры было б спачатку вырашыць з Эўропай пытаньне энэрганосьбітаў, а пасьля заявіць — маўляў, хлопцы, ня радуйцеся, гэта я толькі наконт Крыму казаў. Гэта было б больш у ягоным стылі. Мы не чакаем увогуле ніякіх зьменаў у сувязі з гэтай дэкляратыўнай заявай, якая ёсьць шырмай для сапраўдных плянаў Крамля. Ужо цяпер можна казаць, што такія высновы пацьвярджаюцца: нягледзячы на абвешчанае замірэньне, абстрэл з боку баевікоў ДНР і ЛНР ідзе поўным ходам. Учора быў зьбіты верталёт «Мі-8», які не выконваў баявую задачу, а транспартаваў асабовы склад, загінула 9 чалавек. А агулам ад пачатку замірэньня да сёньняшняй раніцы ўжо 44 разы былі абстраляныя пазыцыі сілаў АТА.
— Зараз абмяркоўваецца інтрыга з прысутнасьцю і роляй Віктара Мядзьведчука на перамовах паміж Леанідам Кучмам як прадстаўніком Кіева і сэпаратыстамі. На вашу думку, які бок займаў на перамовах гэты чалавек?
— Сам факт прысутнасьці Віктара Мядзьведчука на гэтых перамовах гаворыць шмат пра што. Гэты чалавек шмат гадоў ажыцьцяўляў плян Пуціна ва Ўкраіне, накіраваны на развал дзяржавы, і менавіта ягоныя тэзісы пра фэдэралізацыю былі падхопленыя сэпаратыстамі-тэрарыстамі. Можна сказаць, што зерне сэпаратызму, якое зараз прарасло ў выглядзе збройнага супрацьстаяньня на ўсходзе Ўкраіны, было закінула Крамлём на ўкраінскую глебу менавіта празь Мядзьведчука, які ёсьць кумам Уладзімера Пуціна. Ягоная прысутнасьць на перамовах — сама па сабе правакацыя. Я магу сказаць, што ўкраінскае грамадзтва ўвогуле не зразумела прысутнасьці гэтай адыёзнай асобы на перамовах. Зразумела, што калі б Крэмль сапраўды хацеў канструктыўнага дыялёгу для вырашэньня сытуацыі, гэты чалавек ня быў бы накіраваны на перамовы. А ўвогуле пра карысьць і посьпех гэтых перамоваў мы можам меркаваць па рэальнасьці: тэрарысты заяўляюць, што спыняюць агонь — і працягваюць страляць, забіваць, падрываць чыгунку, зьбіваць верталёты.
Вялікая колькасьць вядучых эўрапейскіх СМІ, і безьліч эўрапейскіх палітыкаў, няхай не афішуючы, але падтрымліваюць Расею
Такім чынам, гэтыя мірныя перамовы маюць выключна палітычны сэнс на карысьць умацаваньня пазыцыяў Пятра Парашэнкі перад Захадам, бо дэманструюць накіраванасьць украінскай улады на мірны дыялёг. І трэба сказаць, што ўкраінская ўлада, у адрозьненьне ад тэрарыстаў і Пуціна, трымае сваё слова. Сілавікі, якія задзейнічаныя ў АТО, страляюць цяпер выключна ў адказ на стрэлы і напады баевікоў. Казаць цяпер пра спыненьне вайны нельга. Калі Расея не прызнае, што яна ваюе, то як яна будзе выводзіць войскі? Для таго каб адбыўся дыялёг на гэты конт, найперш неабходна, каб Расея прызнала, што ўся гэтая крывавая мясарубка на Данбасе робіцца зь яе волі, зь яе ініцыятывы і падтрымкі. Калі яна гэта заявіць, тады можна дамаўляцца пра спыненьне вайны.
— Ці можа заява Пуціна пра нібыта забарону выкарыстаньня ўзброеных сілаў падмануць Эўропу? Ці павераць яму?
— Трэба сказаць, што Пуцін робіць правільныя крокі, калі глядзець зь ягонай пэрспэктывы. Гэта тычыцца заявы пра нібыта вывад войскаў. Гэтым ён стварае пазытыўны імідж Расеі ў вачах Эўропы. Калі ўлічыць той факт, што і вялікая колькасьць вядучых эўрапейскіх СМІ, і безьліч эўрапейскіх палітыкаў, няхай не афішуючы, але падтрымліваюць Расею і сымпатызуюць ёй, то гэты крок можа спрацаваць на карысьць Пуціна. Хоць відавочна, што сымпатыя да Расеі ў Эўропе выкліканая не ідэалягічнымі меркаваньнямі, а прагматызмам і мэркантыльнасьцю, бо праз «Газпром» у эўрапейскія структуры ўліваецца вялікая колькасьць грошай. Таму зразумела, што Эўропе вельмі балюча было б парваць адносіны і сувязі з Расеяй.
Таму Ўкраіне зараз трэба прыцягнуць на свой бок максымум сымпатыяў як шараговых эўрапейцаў, так і палітыкаў, і пераканаць іх, што ў гэты момант дбаньне пра хвілінныя эканамічныя інтарэсы эўрапейскіх краінаў можа абярнуцца вялікімі стратамі ў будучыні для ўсёй Эўропы. Калі сёньня можна зэканоміць нейкія мільярды, то заўтра можа паўстаць пытаньне пра страту сувэрэнітэту цэлых рэгіёнаў, напрыклад, Прыбалтыкі. Ужо было ў гісторыі, што Эўропа, кіруючыся эканамічнымі меркаваньнямі, заплюшчвала вочы на Судэты. Чым гэта скончылася, нам вядома. Крым — гэта ўкраінскія Судэты, і іншых аналёгіяў тут проста ня можа быць.