Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму прэзыдэнт Чэхіі – за адмену візаў для расейцаў


Мілаш Зэман
Мілаш Зэман

Прэзыдэнт Чэскай Рэспублікі Мілаш Зэман патлумачыў свае супярэчлівыя выказваньні аб сытуацыі ва Ўкраіне і адносінах з Расеяй.

У сваіх ранейшых інтэрвію ён то выступаў за ўвядзеньне ва Ўкраіну сіл НАТО, то крытыкаваў эканамічныя санкцыі супраць Расеі, а нядаўна заклікаў адмяніць візы для расейскіх грамадзянаў.

Прэзыдэнт Чэхіі раней заяўляў, што калі Расея будзе прэтэндаваць на ўсходнюю частку Ўкраіны, то ён выступіць за самыя жорсткія санкцыі з боку ЭЗ і актыўнае далучэньне НАТО да вырашэньня праблемы – напрыклад, увод войскаў альянсу на тэрыторыю Ўкраіны. Адначасова Мілаш Зэман казаў пра адсутнасьць прычын для ўвядзеньня эканамічных санкцый супраць Расеі. А некалькі дзён таму кіраўнік Чэхіі заклікаў адмяніць візы для расейскіх грамадзян.

«Уся праблема ў тым, што візы ўводзіліся з шчырай верай у тое, што так удасца перашкодзіць пранікненьню розных мафіёзных структур на нашу тэрыторыю, калі хочаце, напрыклад, расейскіх або ўкраінскіх. Паколькі гэта ня спраўдзілася, то неабходна знайсьці ў сабе сілы прызнаць памылку і зьмяніць падыход да праблемы. Якраз менавіта мафіёзныя структуры здольныя знайсьці самыя розныя спосабы, як абысьці візавыя перашкоды. Што тычыцца санкцый, то гаварылася менавіта аб эканамічным ціску, а не пра «чорны сьпіс», у адпаведнасьці зь якім замарожваюцца рахункі людзей, што апынуліся ў ім», – сказаў Мілаш Зэман у інтэрвію Чэскаму радыё.

«Я з задавальненьнем карыстаюся тэрмінам «ідэалягічная дывэрсія». Чым больш кантактаў – паміж студэнтамі, на турыстычным узроўні, прадпрымальніцкім, палітычным, тым лепш для ажыцьцяўленьня гэтай ідэалягічнай дывэрсіі, лепш для дэмакратызацыі любой сыстэмы. Калі ж вы гэтую сыстэму пры дапамозе санкцый ізалюеце, то ствараецца міт аб «абложанай крэпасьці», які, урэшце, абернецца супраць вас. Справа ў тым, што ў дадзеным выпадку ва ўсіх унутраных няўдачах дадзенай крэпасьці робіцца вінаватым зьнешні вораг», – сказаў Мілаш Зэман.

Абодва выказваньні, падкрэсьліў кіраўнік Чэхіі, маюць сваё абгрунтаваньне. Уварваньне расейскіх войскаў ва Ўкраіну можа стаць прычынай маштабнага ваеннага канфлікту, таму Мілаш Зэман лічыў неабходным сказаць жорсткія словы з нагоды магчымасьці ўмяшаньня НАТО. Заява пра бессэнсоўнасьць віз і санкцый зьвязана з абавязковай умовай спыненьня грамадзянскай вайны ва Ўкраіне.

У спыненьні ваеннага канфлікту на ўсходзе Ўкраіны, на думку чэскага прэзыдэнта, мог бы дапамагчы самы ўплывовы і багаты алігарх ў гэтай краіне – Рынат Ахметаў.

«Я быў нядаўна ў Данецку і ў нас з Ахметавым адбыліся вельмі цікавыя двухгадзінныя дэбаты. Я думаю, што гэта разумны мужчына. Думаю, што і прэзыдэнт Парашэнка шчыра зацікаўлены ў спыненьні канфлікту. Перамовы гэтых двух прадстаўнікоў, па-мойму, маглі б стаць адным з магчымых варыянтаў вырашэньня ўкраінскага канфлікту. Чаму б ня весьці перамовы з адным з самых значных прадпрымальнікаў, што працаўладкаваў дзясяткі тысяч грамадзян, якія ў дадатак яму адданыя? Яны ж нават выйшлі на вуліцы, каб перашкодзіць некаторым экстрэмісцкім праявам. Рабочыя яму давяраюць, ён уплывовы. Лепш весьці перамовы менавіта зь ім, чым невядома з кім».

Абмяркоўваючы сытуацыю ва Ўкраіне, прэзыдэнт Чэхіі зноў раскрытыкаваў Эўрапейскі Зьвяз за адсутнасьць адзінай міжнароднай палітыкі, у чым ён бачыць галоўную прычыну няўдач прадстаўнікоў ЭЗ пры іх спробах дапамагчы пагасіць украінскі канфлікт. ЭЗ, на думку кіраўніка Чэхіі, да гэтага часу ня змог разабрацца і з абавязкамі агульнаэўрапейскага міністра замежных спраў, што таксама карысьці не прыносіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG