Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец: Дзякую Богу за кожную турму


Павал Севярынец на прэзэнтацыі «Беларускай глыбіні» ў Менску
Павал Севярынец на прэзэнтацыі «Беларускай глыбіні» ў Менску

Нядаўна ў менскай сядзібе БНФ адбылася прэзэнтацыя кнігі Паўла Севярынца «Беларуская глыбіня», якая была напісаная ў зьняволеньні, у пасёлку Куплін на Пружаншчыне. Аўтар кнігі — госьцем перадачы.

— Павал, «Беларускую глыбіню» я разглядаю як разгорнуты адказ на кніжку-пытаньне Вацлава Ластоўскага «Што трэба ведаць кожнаму беларусу?», якая выходзіла тройчы — у 1918, 1943 і 1991 гадах. Проста ня верыцца, што вашыя эсэ напісаныя похапкам, на гэтак званай «хіміі», дзе, відаць, і пісьмовага стала не было. Раскажыце, у якіх умовах стваралася «Беларуская глыбіня»?

— Сапраўды, умовы былі не найлепшыя. Часам даводзілася пісаць на кавалачках паперы, пакой на трох, але ў прынцыпе можна было ўладкавацца. А абдумваліся эсэ ўвесь час — раз на тыдзень я мусіў дасылаць іх у «Нашу ніву». Калі спыняесься, пачынаеш прыглядацца да ўсяго, што навокал, і хочаш бачыць ва ўсім прысутнасьць Бога, вобраз і падабенства Божае ў кожным чалавеку, то тады табе адкрываюцца цэлыя сусьветы. Калі я заходзіў у склад-ангар, дзе вымушаны быў працаваць, то мяне проста агаломшваў вадаспад ластаўчынага ціўканьня. Там — дзясяткі гнёздаў, у кожным зь іх магло быць па дзьве-тры ластавачкі, калі выводзяць маленькіх. І — усё гэта ціўкае. А калі заходзіш у тую «канцэртную залю», ластаўкі са сьвістам вылятаюць з-за вуха, як кулі. Калгасьнікі да гэтага прывыклі. Некаторыя зь іх жывуць там усё жыцьцё, а вось калі ты заходзіш, гэта робіць уражаньне. Жалеза, ціўканьне, рэха — пэўная сымфонія.

— Да кожнага эсэ ў вас падабраны эпіграф зь Бібліі. Моцны эпіграф, як правіла, вымагае і моцнага тэксту. Гэта таксама змушала вас «трымаць форму»?

— Так. Усе 84 эсэ, якія ёсьць у «Беларускай глыбіні», пачынаюцца словам Божым і завяршаюцца згадкай пра Госпада. Гэта канцэпцыя ўсёй кнігі, яшчэ адзін спосаб запрасіць чытача бачыць Бога ў кожным імгненьні жыцьця. Для мяне тыя эпіграфы былі свайго роду камэртонам. Вы слушна кажаце — калі ўзятая нейкая нота, ты прыслухоўваесься да таго, як яна гучыць, як згасае рэха... І тады пачынаеш вымяраць свае пачуцьці і тэму, пра якую пішаш, каардынатамі абсалюту.

— Героі вашай кнігі — як славутыя папярэднікі, так і нашы сучасьнікі. Ларыса Геніюш і, прыкладам, Мікалай Статкевіч ці Мікалай Аўтуховіч для вас сапраўды асобы аднаго шэрагу?

— Для мяне яны — сувымерныя з Геніюш постаці. Яны таксама шмат зрабілі для Беларусі. Яны таксама ахвяруюцца для Беларусі сваім жыцьцём. У маёй кнізе ёсьць таксама эсэ пра Баброўскага, пра Стасевіча, пра ксяндза Гадлеўскага. Для мяне гэта сьвятыя людзі. Яны ня так даўно жылі, гэта яшчэ не такая глыбокая гісторыя, мы можам рабіць параўнаньні. Усе яны рабілі тое самае. Праўда, у часы Гадлеўскага за беларушчыну належала сьмерць — прыходзілі і стралялі. Сёньня, дзякуй Богу, ёсьць больш магчымасьцяў, час ужо іншы. А людзі робяць тое ж самае — Статкевіч, Дашкевіч, Бяляцкі. Таму для мяне іх постаці сувымерныя з постацямі слаўных папярэднікаў.

— Калі мы ўжо згадалі пра Геніюш... Помню, з Купліна вы мне напісалі, што ў лістах да вас найчасьцей цытуюцца менавіта яе вершы.

— Для мяне гэта было неспадзяванкай. Ларыса Геніюш не ўваходзіць у пантэон беларускай савецкай літаратуры. У школьных падручніках яе вершы не друкаваліся. Яе творчасьць не вывучалася на філфаках, як, прыкладам, Максіма Багдановіча. Але атрымалася, што вельмі многа людзей сталага веку выбіраюць яе як пуцяводную зорку. Па лістах было відно, па цытатах, што вершы не перапісваюць, а на памяць ведаюць. Мяне гэта ўразіла.
Я пачаў падлічваць, і высьветлілася, што Геніюш цытавалі прыкладна столькі ж, колькі ўсіх астатніх разам узятых!
Я пачаў падлічваць, і высьветлілася, што Геніюш цытавалі прыкладна столькі ж, колькі ўсіх астатніх разам узятых! Чаму? Бо яна сядзела пры Савецкім Саюзе, потым у недалёкай ад Купліна Зэльве была пад пільным наглядам КДБ. Маштаб гэтай асобы пачынае праясьняцца толькі цяпер. Тое, што яна ня стала савецкай грамадзянкай, прынцыпова захаваўшы грамадзянства БНР, — гэта ў пэўным сэнсе ставіць яе вышэй за многіх вядомых паэтаў. У свой час Сяргей Дубавец зрабіў мне заўвагу, што ў кнізе «Люблю Беларусь» сярод 200 фэномэнаў няма Геніюш. Тады я, яшчэ малады, не надаў гэтаму асаблівага значэньня, але цяпер разумею рацыю Сяргея. Без Ларысы Геніюш фэномэны беларускага духу няпоўныя.

— Вы сказалі, што вялі падлікі. А хто на другім-трэцім месцах у тым індэксе цытаваньня?

— На другім месцы быў Янка Купала, затым Максім Багдановіч, пасьля Ніл Гілевіч, Казімер Сваяк быў.

— Сёньня беларуская літаратура ў немалой колькасьці ствараецца ў месцах пазбаўленьня волі. Ігар Аліневіч, Алесь Бяляцкі, Зьміцер Дашкевіч, Уладзімер Някляеў, Аляксандар Фядута — вось аўтары, якія напісалі кнігі за кратамі. Чаму ў турме чалавеку асабліва хочацца пісаць?

— Калі чалавек губляе зьнешнюю свабоду, ён пачынае шукаць свабоду ўнутраную. І тое, што ён знаходзіць у глыбіні свайго сэрца, яно якраз і выплёскваецца. Калі ён знаходзіць там вобраз і падабенства Божае, калі ён знаходзіць там шлях, ісьціну і жыцьцё, то тады пачынае літаральна крынічыць. Гэта можа быць усьвядомлена, як у верніка Дашкевіча, гэта можа быць неўсьвядомлена, як у некаторых іншых, але гэта пэўны закон. Я дзякую Богу за кожную турму, таму што ў турме чалавек бліжэй да Бога і да самога сябе.
У турме чалавек бліжэй да Бога і да самога сябе
Там ты можаш разабрацца з уласнымі пачуцьцямі і думкамі. Таму я разумею, чаму многія сусьветныя шэдэўры, прыкладам, той жа «Дон Кіхот» Сэрвантэса, напісаныя ў турме.

— Імёнамі герояў вашай кнігі можна называць вуліцы ў беларускіх гарадах. На жаль, гарадзкая тапаніміка ў нас дагэтуль дарэшты засавечаная і засьмечаная. Два тыдні таму я быў у вашым родным Віцебску і ледзь не заблудзіўся ў вуліцах імя Надзеі Крупскай. Іх там ажно дванаццаць! Здаецца, дзесяць носяць імя Чапаева. Хіба гэта не абсурд?

— А калі прыгадаць, што Віцебск — культурная сталіца Беларусі, то проста бездань пад нагамі адкрываецца. Да якой ступені трэба было забыцца на сваю сапраўдную гісторыю, каб дзясяткамі множыць вуліцы людзей, якія ня маюць дачыненьня ні да Віцебску, ні да Беларусі. А часам называць вуліцы імёнамі катаў беларускага народу. І пры гэтым забіваць у памяці, забываць тых, хто сапраўды жыў дзеля Беларусі і дзякуючы каму жыла Беларусь. Гэта жахлівая рэч. Нам трэба будзе з болем, з каранямі вырываць з душаў і сэрцаў гэтую спадчыну камунізму, выцягваць адтуль усё гэтае паганае кубло. Пачынаючы ад вуліцаў і заканчваючы нашымі сэрцамі, каб ачысьціць іх для сапраўднай Беларусі. На жаль, спадчына камунізму — надзвычай учэпістая і пачварная зьява.
На жаль, спадчына камунізму — надзвычай учэпістая і пачварная зьява


— А што самі віцьбічы? Няўжо ім камфортна жыць на дванаццаці вуліцах Крупскай?

— Мяркуючы па ўсім — прывыклі. Гэта пераважна прыватны сэктар, дзе жывуць людзі сталага веку. Там проста кажуць: мне на 9-ю, мне на 12-ю, маючы на ўвазе раёны Крупскай альбо Чапаева. І сьмех, і грэх.

— Вы цяпер актыўна ладзіце прэзэнтцыі сваёй кнігі. Што вам даюць гэтыя сустрэчы?

— Прэзэнтацыі ўжо адбыліся ў Наваполацку, Барысаве, Маладэчне, Магілёве, Воршы і Пружанскім раёне. Мяркуюцца ва ўсіх вялікіх гарадах Беларусі, а як дасьць Бог, то і ў кожным райцэнтры вакол Пружанаў. Сустрэчы даюць зваротную сувязь, бо мая задача — ня толькі паказаць свой погляд, але і самому ўгледзецца ў беларускую глыбіню і пачуць водгук. Гэта як з каменьчыкам — кідаеш яго ў калодзеж і па гуку вызначаеш, наколькі ён глыбокі. Часам бывае, што нават ня чуеш, упаў той каменьчык ці не. Вось гэта і ёсьць беларуская глыбіня.

— Апошняе пытаньне падказанае вашым каменьчыкам, якім мераецца глыбіня. Карабель мерае глыбіню мора рэхалотам, які абмацвае дно гукавымі хвалямі, што і дае яму магчымасьць прайсьці над усімі мелямі. Вымераўшы «беларускую глыбіню» сваім «рэхалотам», што вы можаце сказаць пра самыя небясьпечныя для Беларусі мелі?

— Найбольш небясьпечна, калі чалавек робіцца мялізнай сам у сабе. Застаюцца толькі нейкія паверхневыя раздражняльнікі, паверхневыя жаданьні, і ён губляе глыбіню, дадзеную яму Богам. Глыбіню чалавечую, глыбіню нацыянальную. А для Беларусі найбольш небясьпечныя мелі сёньня на ўсходзе. Імпэрыя ніяк ня хоча адпусьціць Беларусь. На мой погляд, у геаграфічным сэнсе беларускі карабель трэба разварочваць. Наш кірунак — Балта-чарнаморскае міжмор’е, а ня ўсход. Не Масква ёсьць сёньня магістральным шляхам нашага разьвіцьця. Наш шлях — бліжэй да Эўропы, да той гістарычнай Эўропы, да якой належала ў свой час цывілізацыя ВКЛ.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG