Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што арыштавалі рэктара Інбелкульту?


У Менску арыштаваны рэктар Інстытуту культуры Беларусі Канстанцін Рамішэўскі, якога падазраюць у спробе атрымаць хабар.

Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў пра затрыманьне пры спробе атрымаць хабар рэктара Інстытуту культуры Беларусі.

«Вызначана, што рэктар інстытуту, маючы намер атрымаць для сябе матэрыяльныя сродкі, атрымаў хабар у памеры 2000 даляраў ЗША за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, якія ўваходзяць у ягоную кампэтэнцыю», — гаворыцца ў паведамленьні Сьледчага камітэту ад 7 чэрвеня. Прозьвішча затрыманага чыноўніка, аднак, у паведамленьні не было. 9 чэрвеня прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова зноў не назвала прозьвішча:

«Мы ніколі не паведамляем прозьвішчаў і імёнаў фігурантаў заведзеных крымінальных спраў. Мы даем толькі назву пасады. І таму пацьвярджаю, што дадзеныя аб затрыманьні рэктара ўстановы навучаньня „Інстытут культуры Беларусі“ актуальныя дагэтуль, але паведаміць прозьвішча не магу».

Пасаду рэктара Інстытуту культуры Беларусі зь верасьня мінулага году займае Канстанцін Рамішэўскі. У інстытуце паведамілі, што спадара Рамішэўскага на працы сёньня няма, а пра ягонае затрыманьне ім вядома толькі з інтэрнэту. Супрацоўніца інстытуту, зь якой давялося гутарыць, вельмі шкадавала аб Канстанціну Рамішэўскім:

«Вельмі прыемны чалавек, ляяльны кіраўнік. Нічога дрэннага пра яго сказаць не магу, ён заўсёды да ўсіх добра ставіўся».

Выконваць абавязкі рэктара інстытуту замест Рамішэўскага ніхто пакуль не прызначаны, паведамілі ў інстытуце.

Інстытут культуры Беларусі займаецца дадатковай адукацыяй дарослых у сфэры культуры, выпускае мэтадычныя дапаможнікі, каардынуе навуковыя дасьледаваньні ў сфэры культуры. У інстытуце працуе каля ста супрацоўнікаў, якія месьцяцца ў асобным будынку на вуліцы Каліноўскага. «Ці здаяце вы плошчы ў арэнду камэрсантам?» — спытаў я суразмоўніцу з Інбелкульту. «Я такога ня бачыла», — адказала супрацоўніца. У прыёмнай інстытуту таксама паведамілі, што рэктара затрымлівалі яўна не ў будынку інстытуту, інакш бы яны пра гэта ведалі.

Год таму, 9 чэрвеня, Канстанцін Рамішэўскі адзначыў 50-годзьдзе. Ён ужо працаваў прарэктарам Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў, якім раней кіраваў цяперашні міністар культуры Барыс Сьвятлоў. Менавіта пратэкцыяй міністра Сьвятлова назіральнікі тлумачаць прызначэньне Рамішэўскага на рэктара Інбелкульту. Вядомы музыка, выкладчык Унівэрсытэту культуры і мастацтваў Алег Хаменка згадвае, як разам з Рамішэўскім працаваў на адной катэдры, а потым той зрабіў імклівую кар’еру:
Алег Хаменка
Алег Хаменка
«Адчувалася, што ў яго кар’ерны рост даволі заўважны, але сярод нас гэтаму ніякай увагі не аддавалася. Бо кар’ерны рост у культуры — гэта нешта, на мой погляд, абсалютна штучнае. Чалавек або ўяўляе сабою зьяву, або не. Тут кагосьці прасоўваць бессэнсоўна. Пайшоў — і добра. Ведаю, што Рамішэўскі быў зьвязаны з кіно, мэнэджмэнт у кіно — ягоная тэма. А што там у яго здарылася — у кіно ці ў інстытуце — невядома. Але, мяркую, там няма за што даваць хабар. Гэта ж жабрацкая галіна — культура».

Былы рэктар Інстытуту культуры Беларусі Іван Крук ня ўзяўся абмяркоўваць вэрсіі магчымага ўчынку свайго наступніка:

«Не хачу нічога меркаваць, гаварыць, прыдумляць. З маральнага боку гэта
ёсьць праблемы, як і ў кожнай галіне дзяржаўнага будаўніцтва, але ня тое, што насамрэч
немагчыма. Мне за выходныя перазванілі сотні ці нават больш людзей, і кожны задае пытаньне: за што, патлумач, за што можна было там браць хабар? Я паціскаю плячыма — нічога ня ведаю. А гаварыць нешта кепскае не хачу. Адкрыў інтэрнэт на працы: што там пішуць людзі ў камэнтарах, гэта ўсё далёка ад культуры, бязь веданьня яе праблемаў. Там ёсьць праблемы, сапраўды, як і ў кожнай галіне дзяржаўнага будаўніцтва, але ня тое, што насамрэч».

Летась у кастрычніку загадам міністра культуры Беларусі Канстанцін Рамішэўскі быў уключаны ў склад Рады па правядзеньні экспэртызы навукова-дасьледчых, вопытна-канструктарскіх і вопытна-тэхналягічных працаў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Таксама Рамішэўскі быў абраны ў склад Інстытуту навуковых рэцэнзэнтаў Акадэмічнай выдавецкай групы NOTABENE — AURORAGROUP з Масквы. Гэтая выдавецкая група аб’ядноўвае больш за 20 навуковых часопісаў, пераважная большасьць зь якіх уключана ў сьпіс Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Расейскай Фэдэрацыі.

Вядома, што ў Расеі сфэра абароны дысэртацыяў, якія праходзяць праз Вышэйшую атэстацыйную камісію, лічыцца даволі крымінагеннай. Тут таксама могуць хавацца прычыны крымінальнай гісторыі, якая здарылася са спадаром Рамішэўскім, мяркуюць назіральнікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG