Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка пра Беларусь і Лукашэнку


Пятро Парашэнка
Пятро Парашэнка

Лідэр прэзыдэнцкай гонкі ва Ўкраіне Пятро Парашэнка заклікаў Беларусь рухацца ў бок дэмакратыі.

«Мой асабісты прыклад павінен пераканаць Аляксандра Лукашэнку, што сумленная перамога і падтрымка ўсяго сьвету — гэта тое, да чаго варта імкнуцца», — заявіў Пятро Парашэнка 26 траўня на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве, адказваючы на пытаньне БелаПАН аб перавагах дэмакратычнага шляху зьмены ўлады.

Паводле словаў Парашэнкі, у яго з Лукашэнкам «досыць даўнія і добрыя адносіны».

«Я лічу, той факт, што мы ў свой час знайшлі кампраміс па пытаньні дзяржаўнай мяжы, што мы эфэктыўна выйшлі з гандлёва-эканамічнага супрацьстаяньня, якое суправаджала ўкраіна-беларускія адносіны доўгі час, паказвае, што мы ўмеем знаходзіць кампрамісы ў складаных сытуацыях», — сказаў палітык.

Галоўнай матывацыяй для разьвіцьця дэмакратыі ў Беларусі Парашэнка бачыць удзел краіны ў ініцыятыве Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства»:

«Магу сказаць, што калі б наша рэвалюцыя не перамагла, то праграма „Ўсходняе партнэрства“ была б няўдачай Эўразьвязу, — сказаў Парашэнка. — Перакананы, што пасьля перамогі, у тым ліку і пасьля маёй перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах, адкрываюцца зусім новыя пэрспэктывы ня толькі перад Украінай. Мы сёньня ўжо можам казаць пра цалкам выразную і дакладную пазыцыі Малдовы, Грузіі, Украіны».

Парашэнка «абсалютна перакананы» ў тым, што Беларусь павінна выкарыстаць усе перавагі «Ўсходняга партнэрства».

«ЭЗ прапануе Беларусі цэлы шэраг праграм, якія суправаджаюць „Усходняе партнэрства“ і не супярэчаць зьнешнепалітычнай пазыцыі Аляксандра Рыгоравіча, — адзначыў Парашэнка. — А тое, што трэба сёньня рабіць зьмены ў бок дэмакратыі, цалкам відавочна. Мы не губляем надзею супрацоўнічаць зь Беларусьсю па гэтым кірунку».
XS
SM
MD
LG