Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Данецк прыбыў батальён «Усход» і пачаў страляць у паветра


У Данецк, куды не ўдалося даставіць бюлетэні для галасаваньня за кандыдатаў у прэзыдэнты Ўкраіны, на бронетраспарцёрах і грузавіках прыбыў батальён «Усход» — узброенае аб’яднаньне, якое складаецца з прыхільнікаў самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі», сярод якіх ёсьць і асобы каўказскай нацыянальнасьці, паведамляе мясцовае выданьне «Остров». Узброеныя людзі сталі каля сваіх машын і далі збройны салют, што было зьнята на відэа.

Паводле дадзеных ИТАР — ТАСС, на мітынг на плошчы Леніна сабраліся 2,5 тысячы чалавек. Батальён «Усход» віталі кіраўнікі ДНР: так званы прэм’ер Аляксандар Барадай, а таксама кіраўнік «Вярхоўнага савету» Дзяніс Пушылін. Паводле вэрсіі расейскага інфармацыйнага агенцтва, страляньне ў паветра было данінай памяці загінулым «прадстаўнікам народнага апалчэньня».

Калёна людзей рушыла вуліцай, перакрыўшы рух аўтатранспарту. Шэсьце расьцягнулася прыкладна на тры кілямэтры. Перад будынкам рэзыдэнцыі Рыната Ахметава, дзе месьціцца і ягоны офіс, знаходзяцца ўзброеныя людзі, якія прыехалі на двух мікрааўтобусах зь мігалкамі.

Раней Ахметаў выступіў з крытыкай на адрас самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі, назваўшы яе кіраўнікоў «прайдзісьветамі», «якія ўзялі ў закладнікі ўвесь Данбас».

Натоўп скандаваў «Ахметаў — вораг народа» і «Экскурсію!» Паводле некаторых паведамленьняў, узброеныя людзі блякавалі ўваход у рэзыдэнцыю. Ахова Ахметава заклікала людзей разыходзіцца.

Батальён пад такой жа назвай — «Усход» — удзельнічаў у Чачні ў апэрацыях па зьнішчэньні бандфармаваньняў і быў расфармаваны ўвосень 2008 году. Ягоны камандзір, Герой Расеі Сулім Ямадаеў быў забіты ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах у сакавіку 2009 году.
XS
SM
MD
LG