Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Псыхоз перад чэмпіянатам: актывісты хаваюцца, жонкі нараджаюць


Уладзь і Валянціна Яроменкі
Уладзь і Валянціна Яроменкі

Былы палітвязень Уладзь Яроменак хаваецца ад прэвэнтыўнага арышту напярэдадні чэмпіянату сьвету па хакеі і можа адразу не даведацца, калі ў яго народзіцца першае дзіця.

Свабода пагутарыла з жонкамі маладафронтаўцаў Валянцінай Яроменак і Касяй Васільевай, якіх чэмпіянат сьвету пазбавіў спакою ў сем’ях і дапамогі мужоў.

Зь дня на дзень мае нарадзіцца першае дзіця ў сям’і Валянціны і Ўладзя Яроменкаў, лекары кажуць, што гэта будзе дзяўчынка. Але самога Ўладзя ўжо з 5 траўня няма дома. Хаваючыся ад магчымага арышту напярэдадні чэмпіянату сьвету па хакеі, ён адключыў мабільны тэлефон і ня бачыцца са сваёй цяжарнай жонкай Валянцінай.
Валянціна Яроменак: «Больш турбуюся за тое, што не змагу паведаміць мужу, што нараджаю»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:26 0:00


Жонка вельмі перажывае, што Ўладзя ў такі момант няма побач. Выходзячы з пад’езда, яна бачыць у двары сіні «бусік» з супрацоўнікамі ў цывільным.
«Я маральна гатовая да родаў, але, шчыра кажучы, больш пачынаю хвалявацца за мужа: дзе ён, як ён. Ён выходзіць на сувязь, але не так часта, — кажа Валянціна.— Гэта ж зьверства нейкае. Адчапіцеся ад нас ужо! У вас жа таксама сем’і!»

Без Уладзя Валянціна засталася адна. Бацькі іх далёка, у Менску яе падтрымліваюць толькі сябры.

«Я ня ведаю, за што яго могуць затрымаць. Ніхто з маладафронтаўцаў не плянаваў нічога рабіць перад чэмпіянатам сьвету. Мы ўжо ўсе пачалі аселае сямейнае жыцьцё. І Ўладзь, калі вызваляўся з Баранавіч, вырашыў, што будзе займацца выключна сям’ёй. Бо хутка ў нас дачка народзіцца і трэба больш увагі надаваць сям’і і быць зь сям’ёй».


Валянціна пэўная, што палююць на мужа і ягоных сяброў выключна ў сувязі з чэмпіянатам сьвету па хакеі, які адкрываецца 9 траўня.

«Гэта проста страх перад тым, што нехта з актывістаў выйдзе і выкажа свой пункт гледжаньня. Альбо скажа, што не супадае з тым, што думае ўлада, ці з тым, што яны хочуць, каб іншыя думалі.

Гэта мабыць страх перад праўдай таксама. Перад тым, што людзі могуць па-іншаму думаць. Гэта страх, што нешта зьменіцца», — гэтак Валя тлумачыць, чаму ўлады зладзілі супраць маладых людзей сапраўднае паляваньне.

Хвалююцца Яроменкі зусім не дарма. Прэвэнтыўна ўжо затрыманыя маладафронтаўцы Міхась Мускі, Мікалай Дземідзенка, Андрэй Цянюта, Дзяніс Карноў, Зьміцер Дашкевіч. У Дашкевіча таксама цяжарная жонка Наста. Дзіця мае нарадзіцца праз месяц.


Сяброўка Валянціны Кася Васільева ў такой жа сытуацыі з трохмесячнай дачкой Кірай. На яе мужа Рамана Васільева палююць некалькі дзён. Кася распавядае, што ўчора прыйшлі а палове на восьмую ранку і паабяцалі прыходзіць кожны дзень, пакуль не пагавораць з Раманам:

«Калі яны прыходзяць у сем раніцы і будзяць дзіця, гэта як мінімум непрыемна. Гэта нэрвова. І тое, што муж вымушаны жыць ня дома, каб па прыкладзе нашых сяброў і паплечнікаў не „заехаць“ на суткі і не страціць 20–25 сутак са свайго жыцьця і працу, гэта таксама непрыемна. Не трагедыя, але ўсё адно».
Кася распавядае, што выходзіць гуляць з дачкой і сабакам тры разы на дзень і бачыць у сваім двары машыну з двума супрацоўнікамі ў цывільным:
«Ня ведаю, колькі ў нашай роднай міліцыі рэсурсаў, каб людзі маглі цэлымі днямі сядзець у мяне пад пад’ездам. Але факт застаецца фактам», — кажа Кася.
Кася Васільева
Кася Васільева


«Няма вам чым заняцца, хлопцы, — зьвяртаецца дзяўчына да сваіх наглядчыкаў. — Канчайце турбаваць людзей. Займіцеся ўжо якой справай».
Кася Васільева: «Калі міліцыянты прыходзяць а 7-й раніцы — гэта як мінімум непрыемна»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:56 0:00


Валянціна Яроменак у чаканьні найважнейшай падзеі ў сямейным жыцьці шые пялюшкі на «маладафронтаўскай» швейнай машынцы. На ёй жа шылі бел-чырвона-белыя сьцягі да акцый. Будучыя бацькі ўжо купілі для дачушкі бел-чырвона-белы вазок.

«У некаторых выпадках бывае цяжка сагнуцца. Нешта па хаце зрабіць, бо вага такая ўжо,— кажа Валянціна.— Ня той стан, каб у поўную моц рабіць нешта. Але больш хваляваньне турбуе за родных, за мужа».

Гэта ня першы раз, калі спэцслужбы ўмешваюцца ў жыцьцё маладых людзей. І кожны раз робяць гэта зь дзіўнай агрэсіяй.

Гаворыць Валянціна:

«Першы раз — гэта было нашае вянчаньне і вясельле. Некалькі разоў тэлефанавалі, пакуль мы былі ў царкве, вянчаліся. Дык мы проста да тэлефона не маглі падыйсьці. А пасьля ўжо падчас сьвяточнага стала. Уладзь тады адказаў на званок. Яму сказалі: так і так, вас турбуе сьледчы Першамайскага РУУСа, пад’едзьце да нас, на вас заведзеная крымінальная справа».
Гасьцям Яроменкі тады не паведамілі, але сьвяточны настрой, канечне, быў сапсаваны. Пазьней, калі Валянціна ўжо была цяжарная, Уладзя пасадзілі на тры месяцы. Ён вызваліўся толькі 11 сакавіка.




«І цяпер яны хочуць перашкодзіць сьвяту нашага жыцьця — нараджэньню дачкі, якую мы так чакаем. Нават калі яна народзіцца, то няма ўпэўненасьці, ці зможа Ўладзь быць дома разам зь ёй? Ці будзе мусіць ізноў хавацца і зьехаць з горада? Што далей рабіць?»

Падчас размовы Валянціна адзін раз плача, але пасьля вельмі просіць, каб яе сьлёз не было відаць на відэа:

«Мяне больш зьдзіўляюць тыя людзі, якія згодныя выконваць тую працу, тыя злачынствы, якія яны робяць, — апісвае яны тых, хто не дае спакою яе сям’і. — Нават на гэтай працы можна задумацца і спыніцца ў любы момант. Мы ж бачым на прыкладзе Ўкраіны, што шмат „беркутаўцаў“ звальняліся і не хацелі быць супраць народу. Чаму ў нас такое немагчыма? Я разумею, што шмат у каго сем’і і ім трэба на нешта жыць, але ці можна такім чынам зарабляць грошы. На тым, каб разбураць іншыя сем’і? Каб разбураць жыцьцё іншых людзей?!»

«Я вельмі хацела б папрасіць гэтых людзей адчапіцца ад нас,— Валянціна наўпрост зьвяртаецца да спэцслужбаў.— У вас таксама ёсьць сем’і. Ніхто б з вас не хацеў апынуцца на нашым месцы. Тое зьверства, якое вы зараз робіце, яно абавязкова будзе пакарана звыш.

Але калі ў вас няма сем’яў, то проста падумайце, як тым людзям, якія на нашым месцы. Калі вы кажаце, што гэта ваша праца, то ніхто вас туды не гнаў.
Калі ласка, адчапіцеся ад нас, мы хочам толькі мірна жыць у сваёй сям’і».
Валянціна Яроменак зьвярнулася да спэцслужбаў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:21 0:00


Даведка Свабоды:

Уладзь Яроменак нарадзіўся ў Мёрах. У сьнежні 2010 удзельнічаў у мітынгу пратэсту супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў на Плошчы Незалежнасьці. Быў асуджаны да трох гадоў пазбаўленьня волі за ўдзел у масавых непарадках. Адбываў пакараньне ў калёніі «Віцьба-3». Памілаваны ў жніўні 2011 году.

У жніўні 2013 прызнаны вінаватым у парушэньні ўмоваў прэвэнтыўнага нагляду. Асуджаны да 3 месяцаў арышту. Адбываў пакараньне ў арыштным доме ў Баранавічах. Вызвалены 11 сакавіка 2013 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG