Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стала царква часткай дзяржавы?


Аляксандар Лукашэнка правёў сустрэчу з патрыяршым экзархам Беларусі мітрапалітам Паўлам. У чым выяўляецца саюз дзяржавы і царквы? Ці ёсьць небясьпека выкарыстаньня кіраўніцтвам Расеі Рускай праваслаўнай царквы дзеля кантролю над «рускім сьветам»? Ці сталі хрысьціянскія каштоўнасьці асновай дзяржаўнай ідэалёгіі?



Удзельнікі: гісторык, грамадзкі дзеяч Анатоль Сідарэвіч і каардынатар ініцыятывы «Хрысьціянскі рух» Аляксей Шэін.

У чым выяўляецца саюз дзяржавы і царквы?


Валер Карбалевіч: «Аляксандар Лукашэнка ўпершыню (калі не лічыць сустрэчы падчас сьвятаў) пасьля прызначэньня мітрапаліта Паўла кіраўніком БПЦ правёў зь ім сустрэчу. Кіраўнік Беларусі заявіў: „Я не лічу, што царква — па-за дзяржавай. Я, наадварот, хачу, каб царква актыўна прымала ўдзел у дзяржаўных справах“. Ці сапраўды ў Беларусі адбылося абдзяржаўленьне царквы?»
Анатоль Сідарэвіч
Анатоль Сідарэвіч
Анатоль Сідарэвіч: «Саюз дзяржавы і праваслаўнай царквы навідавоку. Аднак ёсьць пэўныя тонкасьці. Напрыклад, сама царква забараняе сьвятарам быць дэпутатамі, займаць нейкія пасады ў дзяржаўных органах, то бок там, дзе прымаюцца дзяржаўныя рашэньні.

Я ведаю, што існуе такое няпісанае правіла: бяз згоды праваслаўнага архірэя на тэрыторыі эпархіі прадстаўнікі іншых канфэсіяў ня могуць будаваць свае культавыя будынкі».

Аляксей Шэін: «Існуе ўзаемавыгадны сымбіёз дзяржавы і праваслаўнай царквы. Але трэба разумець, што гэта Руская праваслаўная царква (РПЦ). Таму да канца абдзяржавіць тое, што належыць іншай дзяржаве, немагчыма. Можа, гэта і плюс для БПЦ. Бо дазваляе захаваць пэўную незалежнасьць ад дзяржавы. Хоць зразумела, што РПЦ праводзіць ня толькі рэлігійныя, але і геапалітычныя інтарэсы».


Ці ёсьць небясьпека для сувэрэнітэту Беларусі з боку РПЦ?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Карбалевіч: «У зьвязку з падзеямі ва Ўкраіне кіраўніцтва Расеі абвясьціла новую дзяржаўную дактрыну: усталяваньне кантролю над „рускім сьветам“ ды абарона яго. І РПЦ — добры інструмэнт для рэалізацыі гэтай стратэгіі. Ці існуе пагроза беларускай незалежнасьці ад праваслаўнай царквы? І таму тое, што, па словах сп. Шэіна, плюс для БПЦ, можа, мінус для беларускай дзяржаўнасьці? Ці адчувае кіраўніцтва Беларусі такую пагрозу?»

Сідарэвіч: «Я ўважліва сачу за царкоўным жыцьцём ва Ўкраіне. Дык вось, агрэсія Расеі выклікала хвалю патрыятычных настрояў ва Ўкраінскай царкве Маскоўскага патрыярхату. Вядомы царкоўны публіцыст РПЦ Андрэй Кураеў адзначае, што адбываецца збліжэньне пазыцыяў Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату з Украінскай праваслаўнай царквой Кіеўскага патрыярхату на пазыцыях апошняй. Ён лічыць, што РПЦ ад такой палітыкі РФ ва Ўкраіне больш страціла, чым набыла.

Кіраўнік РПЦ патрыярх Кірыл раней штогод езьдзіў у Кіеў. А цяпер яму дарога ў Кіеў зачынена. Больш за тое, у зьвязку з украінскімі падзеямі ўлады Латвіі папрасілі Кірыла не прыяжджаць у іх краіну. Хоць РПЦ і праводзіла палітыку кантролю над „рускім сьветам“, але мэтады, якімі такую палітыку праводзіць Пуцін, вельмі нявыгадныя для маскоўскага патрыярхату».
Аляксей Шэін
Аляксей Шэін
Шэін: «Сытуацыя складаная. Вось протаярэй Усевалад Чаплін заяўляе, што далучэньне Крыму — правільны крок, гэта адпавядае бачаньню палітыкі аднаўленьня „рускага сьвету“.

Але я думаю, што галоўная небясьпека для незалежнасьці Беларусі — гэта не РПЦ. Такая небясьпека найперш ідзе ад расейскіх вайсковых базаў у Беларусі і расейскіх тэлеканалаў.

Увогуле я не пераацэньваў бы ўплыў царквы на масавую сьвядомасьць. Некалькі стагодзьдзяў таму можна было казаць пра царкву як валадарку думак і душаў. Сёньня гэтую функцыю выконваюць мэдыі».


Ці сталі хрысьціянскія каштоўнасьці асновай дзяржаўнай ідэалёгіі?


Карбалевіч: «Лукашэнка падчас сустрэчы зь мітрапалітам Паўлам адзначыў, што з-за адсутнасьці дзяржаўнай ідэалёгіі дзяржава проста стыхійна прыйшла да традыцыйных праваслаўных, хрысьціянскіх каштоўнасьцяў (менавіта так, праз дужку), якія, паводле прэзыдэнта, і ляжаць сёньня ў аснове дзяржаўнай ідэалёгіі і палітыкі. Як можна гэта пракамэнтаваць?»

Сідарэвіч: «Лукашэнка ўвесь час мяняе свой ідэалягічны канструкт. Спачатку ён казаў пра „рынкавы сацыялізм“, потым проста пра сацыялізм, казаў пра „сацыяльную дзяржаву“. А цяпер кажа пра хрысьціянскія каштоўнасьці.

Увогуле, я не магу зразумець, што такое дзяржаўная ідэалёгія. Яе немагчыма выпрацаваць сёньня. Вось у ЗША ёсьць „амэрыканская мара“. У Францыі вышэйшай каштоўнасьцю зьяўляецца веліч іх дзяржавы. А ці ёсьць беларуская мара?»

Карбалевіч: «Вы кажаце цяпер пра «нацыянальную ідэю». Гэта трохі іншае паняцьце, чым «дзяржаўная ідэалёгія», на мой погляд.

Сідарэвіч: «Так, дзяржаўная ідэалёгія можа існаваць у таталітарнай дзяржаве, дзе ёсьць кіроўная партыя з сваёй ідэалёгіяй, як у СССР. Вельмі небясьпечна ў мультырэлігійнай краіне абвяшчаць праваслаўную ідэалёгію дзяржаўнай ідэалёгіяй. А як быць з каталікамі, пратэстантамі, юдзеямі, мусульманамі, атэістамі, агностыкамі? Гэта быў бы нейкі праваслаўны талібан».

Шэін: «Праблема якраз у тым, што замест таго каб фармуляваць нацыянальную ідэю, кіраўніцтва дзяржавы спрабуе сфармуляваць дзяржаўную ідэалёгію. У выніку нічога не атрымліваецца. Нацыянальная ідэя — гэта зьява, якая правераная стагодзьдзямі ў розных краінах. Яна ўмацоўвае народ, дае яму кірунак разьвіцьця.

Калі Лукашэнка кажа пра хрысьціянскія каштоўнасьць як падмурак дзяржаўнай ідэалёгіі, то, мне здаецца, ён бачыць у гэтым формулу „самаўладзьдзе (самадзяржаўе), праваслаўе, народнасьць“. Гэтая формула выкарыстоўвалася расейскім самаўладзьдзем у якасьці ідэалягічнага падмурку. Але, на мой погляд, гэта ня ёсьць хрысьціянскімі каштоўнасьцямі.

Хрысьціянскія каштоўнасьці — гэта прыстойныя паводзіны, гэта жыць не падманваючы, не забіваючы, ня крадучы і інш. Якраз гэтых рысаў не хапае ў Беларусі і народу, і дзяржаве.

Вось Лукашэнка кажа, што трэба будаваць дзяржаўную ідэалёгію на аснове і Бібліі, і Маральнага кодэксу будаўніка камунізму. Маўляў, гэтыя крыніцы можна сынтэзаваць, інтэграваць — і на іх аснове зьявіцца дзяржаўная ідэалёгія. Але гэта сьмех. Бо Маральны кодэкс будаўніка камунізму пярэчыць духу Эвангельля. Бо ён вымагае быць адданым ідэям Камуністычнай партыі, заклікае ненавідзець ворагаў. А хрысьціянства прапаведуе, што ворагаў трэба любіць. Таму нельга зьяднаць незьяднальнае».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG