Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Евроопт» будзе раздаваць георгіеўскія стужкі, нягледзячы на «рэкамэндацыі» гэтага не рабіць


Пра раздачу георгіеўскіх стужачак сёньня паведамляецца на сайце сеткі крамаў «Евроопт».

Супрацоўніца службы даверу «Евроопту» Марыя распавяла Радыё Свабода, што 7, 8 і 9 траўня наведнікам крамаў сапраўды будуць бясплатна выдавацца георгіеўскія стужачкі.

«Атрымаць стужачку можна будзе ў валянтэраў, якія будуць стаяць каля ўваходаў ў крамы „Евроопт“. Апроч таго, супрацоўнікі крамаў у дні правядзеньня акцыі будуць насіць георгіеўскія стужкі на пярэдняй частцы адзеньня і ўніформы».

Сёньня ў групе «Работа Мінск» зьявілася абвестка пра набор дзяўчат на раздачу георгіеўскіх стужачак 9 траўня. Дзяўчатам прапануецца даслаць сваё фота і, калі яны будуць абраныя, паўдзельнічаць у раздачы стужачак з аплатай 25 тысячаў за гадзіну працы.


А ў сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі» зьявіўся здымак ліста, які нібыта паступіў ва ўсе школы Гомеля. У гэтым лісьце за подпісам 1-га сакратара Чыгуначнага райкама БРСМ утрымліваецца ўказаньне выкарыстоўваць толькі чырвана-зялёныя стужкі падчас сьвяткаваньня 9 траўня.


«Ніякіх георгіеўскіх стужак быць не павінна!» — гаворыцца ў лісьце

У сацыяльных сетках пацьвярджаюць існаваньне падобнай інструкцыі:

Другі сакратар ЦК БРСМ Андрэй Белякоў распавёў Свабодзе, што сапраўды іх арганізацыя ня будзе займацца распаўсюдам георгіеўскіх стужак:

«Чырвона-зялёная стужка — сымбаль нашага дзяржаўнага сьцяга — ёсьць і сымбалем нашых акцыяў. І падчас сваіх мерапрыемстваў мы стараемся яшчэ раз падкрэсьліць нашае стаўленьне да сьцяга і распаўсюджваем менавіта такую стужачку. Пытаньне пра выкарыстаньне ці забарону выкарыстаньня георгіеўскай стужкі мы не разглядалі на цэнтральным узроўні. Мы заўсёды кажам, што БРСМ вітае распаўсюд чырвона-зялёнай стужкі — сымболікі нашага сьцяга. І нашую дзейнасьць мы ня зьвязваем з георгіеўскай стужкай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG