Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цянюту арыштавалі на 10 сутак

абноўлена

Андрусь Цянюта
Андрусь Цянюта

6 траўня судзьдзя Чыгуначнага раёну Гомеля Анатоль Сотнікаў пакараў сустаршыню зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога фронту» Андруся Цянюту 10 суткамі адміністрацыйнага арышту.

Судзілі Андруся Цянюту адразу паводле двух артыкулаў Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях: за дробнае хуліганства — нецэнзурную лаянку і за непадпарадкаваньне законным патрабаваньням міліцыі.

Судзьдзя Сотнікаў: «Цянюту Андрэя Анатольевіча на падставе артыкула 17.1 КаАП падвергнуць адміністрацыйнаму пакараньню ў выглядзе арышту на тэрмін 3 сутак; яго ж на падставе артыкула 23.4 падвергнуць адміністрацыйнаму пакараньню ў выглядзе арышту на тэрмін 7 сутак».

Пакараны маладафронтавец так пракамэнтаваў судовы вырак:

«Мы з адвакатам, скарыстаўшы грубае парушэньне адміністрацыйных працэдураў, „скасьцілі“ тэрмін арышту да 10 сутак. Але гэта не перамога, бо я цалкам невінаваты. Думаю, што можна будзе паспрабаваць абскардзіць вырак. Затрымалі мяне дзеля ізаляцыі перад чэмпіянатам сьвету па хакеі. Гэта была іхняя мэта — ізаляваць, чаго яны й дамагліся».

Амапаўцы затрымалі сустаршыню «Маладога фронту» 4 траўня блізу поўначы, калі ён вяртаўся дадому ад сяброў, дзе адзначалі дзень народзінаў. Напярэдадні Андрусю споўнілася 27 гадоў.
На Андруся Цянюту апранаюць кайданкі ў судзе
На Андруся Цянюту апранаюць кайданкі ў судзе


Нарад камандзіра ўзводу АМАПу, лейтэнанта Сяргея Осіпава дзяжурыў за 150 мэтраў ад дому Цянюты — насупраць будынку адміністрацыі Чыгуначнага раёну.

Паводле паказаньняў самога Осіпава і ягоных тварышаў па службе — прапаршчыка Аляксандра Дарожкі і кіроўца-міліцыянта Аляксандра Сердзюка, Цянюта апоўначы пераходзіў праспэкт Перамогі і нібыта нецэнзурна лаяўся.

Лейтэнант Осіпаў: «Убачылі, пачулі, што малады чалавек пераходзіць дарогу і выражаецца грубай нецэнзурнай лаянкай».

Судзьдзя: «Вы асабіста чулі?»

Лейтэнант: «Так, зрабілі чалавеку заўвагу, на што ён не адрэагаваў».

Судзьдзя: «Ён у напрамку вас пераходзіў дарогу? Вы яго дачакаліся, пакуль ён перайшоў дарогу?»

Лейтэнант: «Не адрэагаваў, і мы прапанавалі ісьці да службовага транспарту».

Судзьдзя: «Што значыць не адрэагаваў? Наконт чаго зрабілі заўвагу?»

Лейтэнант: «Што лаецца матам. Але ён усё адно працягваў лаяцца».

Адвакатка Цянюты пыталася ў лейтэнанта: «Дык, можа, Цянюта быў п’яны?» Лейтэнант адказваў, што не, не заўважна было. Не было і аб’екта лаянкі.

«А мінакі хоць былі на вуліцы?» — цікавілася адвакатка. І лейтэнант адказаў: «Гулялі парачкі». «А вы спрабавалі запісаць хоць каго ў якасьці сьведкі?» — зноў пыталася адвакатка.

Лейтэнант: «Грамадзяне праходзяць — я ж не пабягу за грамадзянамі. Ужо час позьні».

Суд не палічыў патрэбным задаволіць хадайніцтва Андруся Цянюты аб запатрабаваньні відэазапісу з камэраў вонкавага назіраньня адміністрацыі Чыгуначнага раёну.

Прысутная на судзе актывістка кааліцыі «Наша альтэрнатыва» Натальля Крывашэй бачыла Андруся Цянюту незадоўга да затрыманьня:

«Міліцыянты, магчыма, злавілі Андруся 4 траўня, бо спадзяваліся, што ён на свой дзень народзінаў будзе спажываць алькаголь. Але гэтага не адбылося. Таму міліцыянты прыдумалі такую гісторыю, якая ўжо гадамі не мяняецца: людзі ідуць, махаюць рукамі, мацюкаюцца самі з сабою, самі па сабе. Гэта ўвогуле вельмі дзіка выглядае. Андрусь Цянюта — хлапец маленькі. Падаецца, калі б гэтыя тры амапаўцы, якія за яго на чатыры галавы вышэйшыя і ў -наццаць разоў здаравейшыя, падышлі, то ён не стаяў бы і ня лаяўся б. Там бы і мову заняло, каб такія тры мужычышчы падышлі і пачалі штосьці патрабаваць».

Сапраўдная прычына затрыманьня, як лічыць Натальля, зусім іншая:

«Гэта ўсё зьвязана з тым, што ў Беларусі хутка будзе сьвята — будзе чэмпіянат сьвету па хакеі, будзе 9 траўня. І наша ўлада проста баіцца, што актывісты што-кольвек зробяць: можа, выйдуць і ўздымуць сьцяг, можа, будуць раздаваць ці расклейваць улёткі. Улада проста баіцца, што людзі, якія змагаюцца за праўду, патрабуюць зьменаў у нашай краіне, будуць выказваць сваё меркаваньні на 9 траўня і на чэмпіянаце сьвету па хакеі ў Менску».

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Хопіць піць — трэба жыць» Зьміцер Карашкоў, які таксама прысутнічаў на судзе, дадае:

«У Менску старшыня міжнароднай хакейнай фэдэрацыі заяўляў, што спорт ня тычыцца палітыкі. Ды вось выпадак зь Цянютам поўнасьцю перакрэсьлівае гэта. У нас спорт — гэта ў першую чаргу палітычная справа. Мяне таксама тэрарызуюць пастаянна. Тэлефануюць мне на мабільнік са схаванага нумара, прадстаўляюцца супрацоўнікамі міліцыі і кажуць, што трэба са мной паразмаўляць. Калі я прапаную: выклікайце мяне позваю, то ў тэлефон адказваюць: «Не вучыце нас працаваць!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG