Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы ў беларускіх турмах


Belarus -- Inmates with life sentences stand at attention facing the walls of their prison cell in expectance of a security guard inside a prison in Glubokoye, 23Jul2009
Belarus -- Inmates with life sentences stand at attention facing the walls of their prison cell in expectance of a security guard inside a prison in Glubokoye, 23Jul2009

У беларускіх сьледчых ізалятарах, турмах ды калёніях штогод чакаюць суду ці адбываюць пакараньне каля паўтысячы грамадзянаў Расеі. Ці адрозьніваецца стаўленьне да іх ад стаўленьня да іншых замежнікаў?

У беларускіх сьледчых ізалятарах, турмах ды калёніях штогод чакаюць суду ці адбываюць пакараньне каля паўтысячы грамадзянаў Расеі. Якія адметнасьці яны вылучаюць, гаворачы пра беларускія месцы зьняволеньня, пра беларускіх вязьняў і ахоўнікаў? Ці адрозьніваецца стаўленьне да іх ад стаўленьня да іншых замежнікаў?

«Хочаш сесьці хутка, прыяжджай у Беларусь»


Штогод ад 400 да 500 грамадзянаў Расеі, якія прыехалі ў Беларусь ці стала тут жывуць, адбываюць пакараньне ў беларускіх вязьніцах. Гэта — паводле зьвестак амбасады Расеі ў Беларусі. У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС Беларусі падаць сваю лічбу адмовіліся.

За што расейцы трапляюць у беларускія вязьніцы? Афіцыйных зьвестак пра гэта няма. Між тым, паводле былога палітвязьня Аляксандра Францкевіча, які адбываў пакараньне ў калёніі пад Івацэвічамі, часьцей яму трапляліся расейцы, пакараныя за правоз наркотыкаў, розныя крадзяжы, у тым ліку аўтамабіляў, на тэрыторыі Беларусі, злоснае хуліганства. Увогуле, заўважыў Аляксандар, адмыслова вылічыць расейскага грамадзяніна сярод вязьняў у беларускай калёніі складана — асобныя атрады зь іх не фармуюць, зьнешніх прыкмет таксама няма:

«З георгіеўскімі стужкамі яны ня ходзяць, з трыкалёрамі таксама, таму цяжка вызначыць. Увогуле асаблівага прыліву патрыятызму ў калёніях я не назіраў, як з боку беларускіх вязьняў, гэтак і расейскіх».

Карэспандэнт: «Можа, вы чулі, як расейцы адгукаліся пра беларускія калёніі?»

«Ва ўсіх стаўленьне адмоўнае. Парадкі ў беларускіх калёніях, хутчэй за ўсё, больш стабільныя, чым у расейскіх. У іх варыянтаў больш, сытуацыя ў розных абласьцях можа адрозьнівацца вельмі значна. У адной вобласьці калёніі будуць як канцлягер, а ў суседняй можа быць настолькі вольна, што дзіву даесься. У Беларусі ўсё зьведзена да нейкага блізкага стандарту, але ў сярэднім, як яны кажуць, гэта значна больш жорсткія парадкі. Таму тыя, хто сядзеў у Расеі, ад убачанага тут проста трапляюць у шок. У тым ліку ў іх шок ад беларускага мэнталітэту. У Расеі, прыкладам, яны прызвычаіліся, што можна змагацца за свае правы. Праводзіць тыя ж галадоўкі. А ў нас гэта нават самі вязьні ня надта падтрымліваюць. Таму збольшага ў іх уражаньні застаюцца дрэнныя».
Павал Вінаградаў
Павал Вінаградаў
Актывіст «Гавары праўду» Павал Вінаградаў, апроч калёніі, шмат разоў сядзеў як адміністрацыйны арыштант у менскім ізалятары на вуліцы Акрэсьціна, куды таксама трапляюць і грамадзяне Расеі, якія ў нечым парушылі беларускі Адміністрацыйны кодэкс. Паводле Паўла Вінаградава, у правапарушальнікаў з расейскімі пашпартамі ня толькі беларускія турмы, але і ўся праваахоўная і судовая сыстэма Беларусі мае ўстойлівае адмоўнае рэнамэ:

«Адна з самых папулярных фразаў, якую выдрапваюць на сьценах, на лаўках і яшчэ дзе магчыма, — гэта фраза: „Хочаш сесьці хутка, прыяжджай у Менск“. Такія „наскальныя“ надпісы яўна зьвязаныя з тым беззаконьнем, якое дапускаюць тут часам людзі ў пагонах».

Павал Вінаградаў абгрунтаваў адмоўнае стаўленьне расейцаў да беларускай праваахоўнай сыстэмы найперш хібамі гэтай сыстэмы. Ён прыгадаў афіцыйную статыстыку, паводле якой менш за 1 адсотак судовых прысудаў у Беларусі — апраўдальныя. Павал Вінаградаў тлумачыць такі нізкі ўзровень апраўдальных прысудаў ня добрай працай беларускіх сьледчых, а іх пагоняй за раскрывальнасьцю злачынстваў і змовай з судзьдзямі. «Расейцы кажуць, што нашым судзьдзям лепш нічога не даводзіць, яны ўсё роўна зробяць гэтак, як дамовіліся зь міліцыянтамі», — кажа Павал Вінаградаў.

Ці можа быць гэтак, што ў перадузятасьці беларускіх судзьдзяў адносна расейцаў вінаватыя самі расейцы? Як адзін з чыньнікаў — магчыма, кажа Павал Вінаградаў. Ён згадаў расейца, зь якім пазнаёміўся падчас апошняй 25-суткавай адседкі на Акрэсьціна. Раней гэты чалавек сядзеў у расейскай калёніі для малалетніх злачынцаў, і, паводле Вінаградава, гэта яўна адбілася на ягоным стылі паводзінаў, у тым ліку з сукамэрнікамі. Але справа ня толькі ў пэўным чалавеку, кажа Вінаградаў. Сваю асабістую пазыцыю адносна расейцаў, у тым ліку ў вязьніцах, актывіст тлумачыць найперш палітычнымі прычынамі:

«Няма таго, каб сярод расейцаў было больш нахабных людзей, чымсьці сярод іншых. Але зь іх боку я як жыхар Беларусі адчуваю замаскаваныя пад сяброўства агрэсіўныя дзеяньні па паглынаньні нашай краіны. Гэта ня тое самае, як было ў Крыме ці зараз адбываецца ва Ўкраіне, але ўсё ж ідзе да гэтага. Бо інтэграцыя гэтая, якая ідзе, мне не падабаецца. Магчыма, я б быў і ня супраць жыць з Расеяй у адной краіне, але толькі пасьля таго, як там будзе нармальная ўлада, як Расея стане нармальнай краінай. Але пакуль гэтага няма, я лепш буду з Эўропай».

«Людзі самі сабе турму будуюць»


Асуджаныя ў Беларусі расейцы маюць юрыдычнае права дамагацца пераводу для адбыцьця пакараньня ў расейскую турму, але некаторыя гэтага ня ведаюць, і часта няма каму гэта ім падказаць. Актывіст «Плятформы» Мікіта Ліхавід апавёў пра расейца з Татарстану, які ў Менску да арышту пасьпеў пагасьціць толькі 18 гадзінаў.
Мікіта Ліхавід
Мікіта Ліхавід
Здарылася вось што. Расеец, калі верыць ягонаму расповеду, прыехаў у Менск разам зь земляком, каб набыць аўтамабіль. Яны выпілі, ён сышоў пагуляць, а калі вярнуўся, на кватэры яго чакаў міліцэйскі нарад. Аказваецца, зямляк пасьля п’янкі не знайшоў схаваных ім у кватэры грошай, выклікаў міліцыю ды абвінаваціў яго ў крадзяжы. Паколькі расеец адпіраўся і чужых грошай пры ім не было, то менскія міліцыянты хутка знайшлі ў яго шпрыц. Першая экспэртыза паказала, што наркотыку ў шпрыцы раней не было, але другая — што быў. Потым нібыта скрадзеныя грошы знайшліся, зямляк напісаў заяву, што ня мае прэтэнзіяў да сябра, але рухавік барацьбы са злачыннасьцю ўжо было не спыніць: асудзілі расейца ня толькі за наркотыкі, але і за крадзеж. Мікіта Ліхавід пазнаёміўся з героем гэтай сумнай гісторыі ў карантыне наваполацкай калёніі, дзе навучаў яго беларускім рэаліям:

«Я падказаў яму, каб пісаў заяву на экстрадыцыю ў Расею. Бо калі яго туды перавядуць, то там мусяць перасудзіць паводле расейскіх законаў. Аказваецца, ёсьць такое пагадненьне паміж Беларусьсю, Расеяй і Казахстанам, што асуджаны можа хадайнічаць, каб адбываць пакараньне на радзіме. Кажу: прыедзеш у Смаленск, судзьдзя пасьмяецца з усяго гэтага, і пойдзеш дадому. Дарэчы, ён заяўляў у нашым судзе пра такое пагадненьне, дык нават беларуская судзьдзя гэтага ня ведала. Спынялі паседжаньне, каб высьветліць. Ня ведаю, чым усё для яго скончылася. Ведаю, што расейцы па году-паўтара дамагаюцца пераводу зь беларускіх калёніяў на радзіму, пакуль гэта ўсё ўзгадняецца. Спадзяюся, усё ж ён дамогся свайго і ў Смаленску яго вызвалілі».
Для расейскага зэка беларуская турма — гэта страшны сон


Знаёмец Мікіты Ліхавіда аказаўся чалавекам дастаткова дасьведчаным у турэмных рэаліях, у тым ліку Расеі — сядзеў раней у калёніі на тэрыторыі Татарстану. Параўнаньне зноў аказалася не на карысьць Беларусі:

«Ён казаў, што для расейскага зэка беларуская турма — гэта страшны сон. Найперш таму, што ў расейскай турме людзі стараюцца адзін аднаму дапамагаць. А тут кожны сам за сябе, і каб нехта зь некім падзяліўся па вялікім рахунку — такое рэдка. Ёсьць, вядома, сытуацыі, калі ў нейкія групкі людзі зьбіваюцца і вядуць адну гаспадарку, але гэта бывае пасьля досыць доўгага часу. Не, кажа, у Расеі такога няма, стараюцца адзін аднаго падтрымаць, бо ўмовы там больш жорсткія. У Расеі, кажа, адзінкі вязьняў купляюць нейкую фарбу, нейкія будаўнічыя матэрыялы для калёніі. Кажа, калі ўбачыў, як у Беларусі гэта масава адбываецца, то быў у шоку. Маўляў, як гэта людзі самі сабе будуюць турму? У Расеі, ва ўсякім разе ў Татарстане, такога няма».

Маскоўская прапіска


Пакорлівасьць. Разьяднанасьць. Ці адбіваліся такія назіраньні на стаўленьні вязьняў-расейцаў да сваіх калегаў зь Беларусі? Прадпрымальнік Андрэй Чалапа сядзеў у некалькіх беларускіх калёніях, у тым ліку ў 15-й, магілёўскай. Андрэй Чалапа згадвае насьмешкі на адрас беларусаў:
Андрэй Чалапа
Андрэй Чалапа
«Расейцы ставіліся да беларусаў крыху з пагардай — у тым пляне, што няма зьяднанасьці, што вельмі ўжо памяркоўныя, талерантныя. Такія, што дазваляюць рабіць над сабой розныя экспэрымэнты. Гэта заўважалі і пасьмейваліся з гэтага ўсе, ня толькі расейцы».

Адна з асаблівасьцяў беларускіх калёніяў у параўнаньні з расейскімі — тут захаваліся яшчэ савецкія парадкі падзелу вязьняў на актывістаў і тых, хто не супрацоўнічае з адміністрацыяй. Кожны вязень беларускай калёніі мусіць быць сябрам нейкай «сэкцыі» і насіць на адзеньні адпаведны знак — трохкутнік на рукаве ці іншы. Андрэй Чалапа згадвае:

«У Расеі адмянілі гэтыя „сэкцыі“. Там няма гэтых трохкутнікаў на рукавах — некія СВП ЗПО, ССООТ... Асуджаны нібыта імкнецца да перавыхаваньня, і яму даюць нашывачку адпаведную, а ён імітуе пэўную дзейнасьць. На дошцы аб’яваў пазначана, хто да якой сэкцыі належыць. СВП ЗПО — гэта па-расейску „Секция внутреннего порядка и защиты прав осуждённых“. Другая — ССООТ, „Секция содействия организации охраны труда“. Яшчэ ёсьць „Секция содействия организации досуга осуждённых“. І вось калі асуджаны нешта парушыў, ды не адзін раз, у яго забіраюць гэты трохкутнічак, каб яго непрыемна выдзеліць з натоўпу».
Начальнікі атрадаў спаборнічалі за тое, каб ім дасталася больш замежнікаў, асабліва масквічоў


Паводле Андрэя Чалапы, яшчэ ў карантыне кожны вязень мусіць падпісаць паперу пра тое, што будзе слухацца адміністрацыі, і выбраць пэўную сэкцыю, да якой будзе належаць. Тады ж ён атрымлівае нашыўку ў выглядзе трохкутнічка, якую мусіць насіць на рукаве. Калі трохкутніка няма — для ахоўнікаў вязьніцы гэта падазроная прыкмета. Да такога вязьня, калі яго сустрэў ахоўнік на тэрыторыі, могуць лёгка прычапіцца, такі вязень хутчэй трапляе ў ШЫЗА, а ў выніку яго могуць прызнаць злосным парушальнікам рэжыму ды адправіць адбываць пакараньне ў «крытую» турму.

Дык што — ці расейцы такія ганарлівыя і прынцыповыя, што адмаўляюцца ад супрацоўніцтва з адміністрацыяй і ня носяць «трохкутнічкаў» на вопратцы? Паводле Андрэя Чалапы, такія сапраўды яму трапляліся, але былі яны і сярод беларусаў. А вось сярод замежнікаў хто амаль на 100% схільны да кампрамісаў з адміністрацыяй — дык гэта масквічы, згадвае вязень. Улічваючы іх нядрэнны матэрыяльны стан, гэтую групу вязьняў спадар Чалапа вылучае ў асобную катэгорыю і адносіць да «замежнікаў». Андрэй Чалапа згадвае, што начальнікі атрадаў спаборнічалі за тое, каб ім дасталася больш замежнікаў, асабліва масквічоў, бо з такіх лягчэй выбіваць грошы ў розныя атрадныя фонды.

Адны мінусы


З расейскім бізнэсоўцам, былым вязьнем калёніі ў Мазыры ўдалося наўпрост паразмаўляць. Праўда, ён адмовіўся пісацца на дыктафон, таму ягоныя ўспаміны пра парадкі ў беларускіх вязьніцах агучыў журналіст. Вось што распавёў суразмоўца.

«Найбольш мяне ўразіла, што гэтак званыя „аўтарытэтныя“ зэкі ператварыліся ў Беларусі ў тых, хто паразытуе на звычайных зэках. Пры гэтым яны супрацоўнічаюць з адміністрацыяй, пра што ўсе ведаюць. Такога „аўтарытэта“, вядома, простыя зэкі ненавідзяць, але раней бы яго забілі.

Другое — умовы побыту ў беларускіх і расейскіх калёніях прыкладна роўныя, але ў Беларусі цалкам немагчыма іх палепшыць легальна. Усе каналы для гэтага перакрытыя. Увогуле ўражаньне, што для беларускага сярэднестатыстычнага зэка знаходжаньне ў калёніі — гэта вялікі ўдар па сямейным бюджэце. Расейцу гэтыя выпрабаваньні даюцца лягчэй.

У беларускія калёніі зусім ня ходзяць прадстаўнікі грамадзкасьці, праваабаронцы. Гэта вялікі мінус.

І яшчэ — у вашых калёніях цалкам перамаглі мабільную сувязь. Паводле маіх зьвестак, засталася толькі адна калёнія, дзе сытуацыя больш-менш, а ў астатніх „мабілы“ цалкам пад забаронай. Між тым у Расеі зэкі зь вязьніцы могуць нават кіраваць бізнэсам — гэта не забаронена. Размовы ж цяпер лёгка праслухоўваць, і калі што будзе парушана, заўсёды можна прыцягнуць да адказнасьці.

А ўвогуле ўражаньне, што беларускія вязьні — гэта кіраваны статак. Тут трэба зьняць капялюш перад адміністрацыяй, але і славуты беларускі мэнталітэт мае значэньне».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG