Пра мастака Яна Рыдзіку я даведаўся дзякуючы інтэрнэт-журналу друйскага ксяндза Сяргея Сурыновіча. Ксёндз Сяргей выставіў на старонцы некаторыя пэйзажы мастака, якія адразу, зь першага позірку кранаюць кожнага, хто любіць Беларусь. І поўня над начным возерам, і дзяўчаты, што зьбіраюць кветкі на вечаровым лузе, і дзяўчына, якая ідзе зь вядром да ракі. Няхітрыя, калі не сказаць банальныя, сюжэты Рыдзікі тым ня менш выразна дэманструюць раскошную прыгажосьць беларускай поўначы. Тым цікавей было даведацца, што Ян Рыдзіка — мастак-самавук. Паводле адукацыі — аграном і настаўнік. Што жыве творца ў невялікай вёсцы Барадзенічы, дзе і нарадзіўся ў 1937 годзе. І, мяркуючы па карцінах, гэта вельмі шчасьлівы чалавек.
Пан Ян хударлявы, інтэлігентны ў кожным жэсьце і фразе. Жыве стары настаўнік разам з жонкай Соф’яй на ўскрайку вёскі, на вуліцы, дзе амаль не засталося жылых хатаў. І іхняя камяніца, запоўненая кнігамі і карцінамі, выглядае як аплот чалавечага розуму сярод наступаючай дзічы. Малюе Ян зь дзяцінства. І бяз гэтага ня можа пражыць і дня.
— Апантанасьць нейкая. Яна не ад мяне залежыць наогул. Мне ніколі не бывае сумна. Людзі ідуць на пэнсію, гэта такі пералом, амаль што трагедыя. Але калі я пайшоў на пэнсію, калі я змог ня толькі маляваць, але і думаць пра маляваньне, я не заўважыў ніякага пераходу. Вядома, усё было б добра, калі б былі добрыя карціны. Але калі ў дадатак да ўсяго слабенькі жывапіс...
Наконт слабенькага жывапісу я б паспрачаўся. Мне як неспрактыкаванаму гледачу падабаецца. Рыдзіка малюе і на сюжэты з гісторыі, і зь мясцовых паданьняў, і партрэты. І ня толькі. У размову ўступае жонка мастака, Соф’я.
— І рамы ж сам парабіў! І нават разьбу рабіў. Усё сам.
Быць жонкай мастака — справа нялёгкая.
— Як у школе працаваў, як выходны, сядае на ровар і паехаў. Ён аб’ехаў увесь Браслаўскі раён, і Шаркаўшчынскі, і Мёрскі. Усе куточкі літаральна. І ўсё з натуры. І прыяжджае позна ўвечары толькі. І цяпер я дзіўлюся. Ён жа сядзіць там невылазна. Да тэлевізара не падыходзіць. Тэлевізар мой цалкам. А ён там ці рысуе, ці лекцыі тыя слухае. Уяўляеце? Днямі цэлымі. Без канца. Якое цярпеньне ў чалавека.
Справа ў тым, што да Барадзенічаў дайшоў хуткасны інтэрнэт. І пан Ян гадзінамі сядзіць на ют’юбе, глядзіць гадзінамі майстар-клясы па тэхніцы жывапісу. Захопленаму чалавеку вучыцца ніколі ня позна.
Як становяцца беларусамі? Чаму ў іншым паселішчы ад беларушчыны і сьледу не засталося, а тут жыве беларускі творца? Справа ня толькі ў сямейным выхаваньні. Вельмі важная роля сейбіта беларушчыны. Аўтарытэт ксяндза ў міжваеннай Заходняй Беларусі быў велізарны. І калі ксёндз, акрамя духоўнай справы, займаецца яшчэ і культурнай, вынік будзе.
— На пераломе 20-х і 30-х гадоў у гэтым касьцёле служыў такі ксёндз Віктар Шутовіч. І ён быў беларус. На беларускай мове праводзіў імшу. Польскія ўлады яго недалюблівалі. І акрамя таго, што ён вёў сваю ксяндзоўскую справу, ён арганізоўваў моладзь. Тут стаяў, спалены партызанамі, вялікі парафіяльны дом. Каля касьцёла яшчэ фундамэнт захаваўся. І тут, у гэтым парафіяльным доме ставілі п’есы. А чаму я гэта так добра ведаю? Таму што мой тата быў удзельнікам. Ён ня граў ролі, але маляваў дэкарацыі. Быў памочнікам рэжысёра, калі ксяндза можна рэжысёрам назваць. Ставілі «Паўлінку», «Пінскую шляхту», «Моднага шляхцюка», вадэвіль. І таму падобныя рэчы. І там ня толькі зь вёскі, а з усёй парафіі зьбіраліся людзі. І тут быў асяродак беларушчыны вельмі моцны. І, можа, ад гэтага і я... Гэтая нітачка цягнецца, я адчуваю сябе часьцінкай гэтай нітачкі.
Сьціплы касьцёл, дзе служыў вязень дэфэнзывы і ГУЛАГу Віктар Шутовіч, стаіць на сваім месцы. Неяк на адным форуме я прачытаў, што для некаторых ксяндзоў важна, у якую парафію патрапіць. У бедную ці ў багатую. Мясцовы ксёндз Юры служыць тут ад 1997 году. Сам нарадзіўся пад Кракавам. Ён, на жаль, нічога ня ведае пра свайго знакамітага папярэдніка. Але служыць па-беларуску. І на лёс не наракае. Нядаўна Юры даведаўся, што ягоны род паходзіць з Браслаўшчыны.
— Для ксяндзоў патрапіць у бедную парафію ці багатую парафію... Я не магу зразумець: якая розьніца ксяндзу, у якога, у адрозьненьне ад праваслаўнага сьвятара, няма маёмасьці, — парафія багатая ці бедная?
— Калі нехта не дасьпеў да нейкіх каштоўнасьцяў, вядома, для яго гэта будзе важна. На якой машыне ён езьдзіць і гэтак далей. Да гэтага трэба дасьпяваць ці гэта перадаецца ў сям’і. Бо навошта чалавек імкнецца стаць сьвятаром? Калі толькі дзеля таго, каб мець машыну і грошы, то сэнсу ў гэтым няма. Гэта залежыць і ад выхаваньня ў сэмінарыі.
Разглядаючы карціны Рыдзікі, я зьвярнуў увагу на працы сацыяльнай тэматыкі. Бо такое рэдка сустрэнеш і на выставах. Вось фарбаваная бляндынка выйшла з чорнага аўто каля пахіленай хаты памерлых бацькоў. А вось прыезд аўталаўкі. Расхрыстаныя алкашы і няшчасныя старыя зь няхітрымі набыткамі.
— Жыву як у эміграцыі. І нават не з палітычных прычын. А вось гэтая мацяршчына, бескультур’е, хамства — страх. Калі я малюю, калі сяджу сярод кніг — усё нармальна. Як быццам бы жыву. Выйдзеш на вуліцу — хамства, п’янства, мацяршчына. Як маладзейшы быў, гэта ня так рэзала вуха. А цяпер неяк зусім.
Асабліва цяжка былому настаўніку назіраць, як дэградуюць і сыходзяць з жыцьця ягоныя былыя вучні. Многія зь якіх ужо даўно перасяліліся на мясцовыя могілкі.
— Школа — гэта толькі маленькі астравочак. А як сустракаюся з вучнямі, я іх не пазнаю. Колькі маіх вучняў у магіле ляжыць, гэта страшна падумаць. Маладыя людзі. То там п’яны недзе замерзьне, то разаб’ецца на матацыкле, то павесіцца. Жахлівыя проста рэчы. Жахлівыя.
Ян Рыдзіка — даўні слухач нашага радыё. І наконт маіх апошніх падарожжаў па партызанскіх мясьцінах яму ёсьць што дадаць. Ягоныя думкі падаліся мне вельмі цікавымі.
— Я ня схільны ні гераізаваць партызанскі рух, ні дэманізаваць і ўтоптваць у бруд. Справа вось у чым. Справа ў тым, што чалавек мае зброю без усякага закону. Што было бараніць беларусу? Польшча прыйшла і пайшла. Бальшавікі прыйшлі ў 39-м і насьлядзілі даволі значна. Прыйшлі немцы. Што абараняць беларусу? Беларус стаў абараняць кожны сам сябе. Сябе і сваю сям’ю. Немцы кажуць — ідзі ў паліцыю, дадзім зарплату і зброю. Хтосьці пайшоў. Партызаны ставяць да сьценкі маладога чалавека.. Ідзі з намі, а то расстраляем. Прыходзіцца ісьці. І таму, і другому даюць зброю. І вось тут пачынаецца самае галоўнае. Чалавек са зброяй заўсёды небясьпечны. А чалавек са зброяй без усякага закону небясьпечней у дзесяць разоў. У нас штаб быў партызанскі за 15 кілямэтраў. І вось яны прыходзяць ноччу, чалавек пяць. Ці яны па заданьні прыйшлі? Над імі нічога няма. Калі нехта паскардзіцца, яго назаўтра прыбяруць. І былі розныя. Былі рабаўнікі, якія ішлі рабаваць. А былі вельмі прыстойныя людзі. Браты Кірлінскія. Прыйшлі раз ноччу. Папрасілі есьці. Мама нешта прыгатавала для іх. Пазнаёміліся. І пасьля часта прыходзілі. Разумееце, якая рэч. У ваенны час грукат у акно — гэта ўжо небясьпека. І каб мы не хваляваліся, возьме кішэнны ліхтарык і сябе асьветліць. Маўляў, ня бойцеся. Вось такая далікатнасьць. І нічога дрэннага пра іх сказаць не магу. А чалавек у экстрэмальных умовах — самая сутнасьць яго праяўляецца. Так, як і паліцаі. Былі добрыя, былі дрэнныя. Некаторыя дапамагалі партызанам, баранілі вяскоўцаў, а некаторыя рабавалі.
Зь вёскі Барадзенічы я зьехаў таксама шчасьлівы. Бо ўзбагаціўся знаёмствам з цудоўным чалавекам. Лішні раз пераканаўся, што паняцьця «глуш» у Беларусі не існуе. А на сьцяне ў маім пакоі зьявіўся геніяльны начны пэйзаж Браслаўшчыны.