Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая заява Януковіча: былы прэзыдэнт палохае распадам Украіны


Архіўнае фота. 28 лютага 2014 году.
Архіўнае фота. 28 лютага 2014 году.
Экс-прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч сёньня выступіў зь пісьмовым зваротам да ўладаў Украіны «ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі на ўсходзе краіны». Тэкст звароту распаўсюдзіла расейскае агенцтва ІТАР-ТАСС.

Януковіч запатрабаваў «неадкладна адвесьці ўсе Ўзброеныя Сілы Украіны ў месцы пастаяннай дысьлякацыі, вывесьці з усходу краіны накіраваныя туды атрады Нацыянальнай гвардыі, а таксама неадкладна пачаць мірны дыялёг з высунутымі насельніцтвам усходніх рэгіёнаў лідэрамі з мэтай падтрыманьня там сыстэм жыцьцезабесьпячэньня».

«Выкарыстаньне зброі на ўсходзе Ўкраіны ўжо нічога ня зьменіць. Людзі абураныя. Вы назвалі мільёны людзей тэрарыстамі. У людзей ужо няма іншага шляху, акрамя барацьбы за свае правы, сваё жыцьцё і сваіх дзяцей...», — гаворыцца ў тэксьце звароту.

Пасьля прыняцьця і выкананьня гэтых першых задач Януковіч лічыць неабходным прызначыць і правесьці ў абласьцях Украіны рэфэрэндумы па пытаньні фэдэралізацыі краіны і паўнамоцтваў абласьцей. «Затым прызначыць і правесьці рэфэрэндум аб прэзыдэнцкай альбо парлямэнцкай форме ўлады ва Ўкраіне», — адзначыў Януковіч. Усьлед за гэтым, паводле яго слоў, варта правесьці канстытуцыйную рэформу, і толькі пасьля гэтага — парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары. Пры гэтым Януковіч прапанаваў стварыць сыстэму міжнароднага кантролю за правядзеньнем рэфэрэндумаў і выбараў.

«Гэтыя пяць задач неабходна вырашыць. Гэта — адзіны шлях для захаваньня цэласнасьці Ўкраіны, — гаворыцца ў заяве. — Калі гэтага ня будзе зроблена, нашай краіне пагражае распад, наўрад ці мірны. Хутчэй — праз грамадзянскую вайну. Апамятайцеся. Вы штурхаеце брата на брата, а скарыстаюцца гэтай бядой іншыя».

«Яшчэ раз зьвяртаюся да вайскоўцаў, супрацоўнікаў спэцыяльных сіл. Вас хочуць выкарыстоўваць, хочуць, каб вы пралілі кроў, а потым гэтую кроў на вас жа і павесіць. Вы ж самі разумееце, што так і будзе. Не пераходзіце рысу! Не выконвайце злачынныя загады! — заклікаў Януковіч. — Я заклікаю ўсіх грамадзян Украіны захаваць уласьцівыя нам памяркоўнасьць, спакой, павагу адзін да аднаго, у якім бы з рэгіёнаў мы не жылі, мы павінны і мы зможам захаваць нашу любімую Украіну».

Сёньня міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што заклікі сэпаратыстаў ўвесьці на паўднёвы ўсход Украіны расейскія войскі ставяць Крэмль у «складанае становішча». Пра гэта інфармуе сайт news.liga.net
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG