Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вандэя ўкраінскай рэвалюцыі


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Цяперашнія забурэньні на Ўсходзе Ўкраіны — хіба ня большы выклік новай украінскай уладзе, чым анэксія Крыму.

Крым, на жаль, як той казаў, праехалі. Ужо нават кандыдаты ў прэзыдэнты Ўкраіны кажуць, што ў агляднай будучыні вярнуць яго немагчыма. Зразумела, гэта не азначае, што Расеі захоп будзе дараваны, санкцыі, ўведзеныя супраць яе, захаваюцца, а вялікая перабудова палітыкі Захаду адносна Расеі, выкліканая гэтай анэксіяй, яшчэ наперадзе.

Але там усе чыньнікі — ад ваенных да дэмаграфічных — былі супраць Украіны. Акрамя таго, анэксія Крыму асабліва небясьпечная як прэцэдэнт, трэнд. Вось зараз і вызначаецца, трэнд гэта ці не.

З крымскім захопам у бягучых падзеяў ёсьць пэўнае падабенства. Расейскія дывэрсанты, расейская зброя, расейскія грошы ў забурэньнях на ўсходзе Ўкраіны адыгрываюць безумоўна далёка не апошнюю ролю. Але зводзіць усю справу да іх — недарэчна і неразумна.

Мітынгоўцы вакол урадавых будынкаў у Луганску ды Данецку — пераважна мясцовыя, міліцыянты, якія адмаўляюцца выконваць загады Кіева на падаўленьне беспарадкаў і чапляюць на формы георгіеўскія стужкі, таксама не з Расеі прысланыя.

Расейскія дывэрсанты, якія дзейнічаюць на ўсходзе Ўкраіны, хлопцы, зразумела, прафэсійныя і спрактыкаваныя, але чамусьці яны ня едуць дэманстраваць свае здольнасьці ў Львоў ці Кіеў. І зразумела чаму. Там бы ім супрацьдзейнічалі ўсе — і сілавікі, і цывільнае насельніцтва. Ну а на ўсходзе Ўкраіне — ня ўсё супрацьдзейнічае, мякка кажучы.

І ня дзіўна. За каго галасаваў той жа Данбас на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах амаль адзінадушна? За Януковіча. І падтрымка яго да ўцёкаў менавіта ў Данецкай і Луганскай абласьцях была максымальнай. А дзе Эўрамайдан меў найменшую падтрымку на ўсім працягу свайго існаваньня ажно да яго перамогі? Ізноў там жа. Ну дык чаму ж зьдзіўляцца?

Зь іншага боку парадаксальным чынам хваляваньні на ўсходзе Ўкраіны — ў пэўным сэнсе працяг Майдану. Калі карыстацца аналёгіяй часоў Вялікай францускай рэвалюцыі, дык Вандэя пры каралі не вызначалася ніякай асаблівай грамадзкай актыўнасьцю. Менавіта рэвалюцыя ў Парыжы разбудзіла гэты ціхі рэгіён Францыі. І Вандэя сказала сваю слова. Зусім не такое, як Парыж, адваротнае, але сваё. Ціхія сяляне ўзялі вілы і паўсталі «за Бога і караля» супраць сталічных «бязбожных узурпатараў». Усё паўтараецца.

Праўда, ў Францыі не было свайго «старэйшага брата». Але ўся манархічная Эўропа імкнулася тады зьнішчыць рэжым тагачасных парыскіх турчынавых-яцанюкоў. І брытанскіх дывэрсантаў і інструктараў у той жа Вандэі хапала, і «золата Піта», як тлумачэньне контррэвалюцыйных паўстаньняў, было тады ў рэвалюцыйнай Францыі папулярным мэмам.

Рэвалюцыйная Францыя разьбіралася з мяцежнай Вандэяй даволі проста — топячы яе ў крыві. Цяпер і часы крыху ня тыя і зьнешнія ўмовы ў сучаснай Украіны ня тыя. Даўшы па пысе кааліцыі манархіяў Эўропы пры Вальмі і ў іншых баях, тагачасны Парыж мог дазволіць сабе разьбірацца са сваёй контррэвалюцыяй так, як лічыў патрэбным. Сучасны Кіеў такіх магчымасьцяў не мае, бо мусіць аглядацца на расейскае войска, адмабілізаванае на мяжы і гатовае да кідка. Крымскі вопыт паказвае, што ваяваць за Ўкраіну і замест Украіны ў выпадку чаго ніхто ня будзе.

Аднак аглядацца на расейскае войска немагчыма вечна. Таму ўкраінскае кіраўніцтва, разумеючы ўсю рызыку, прыняла рашэньне аб сілавой апэрацыі. Якімі сіламі? Ну зразумела якімі, Вандэю падаўлялі таксама пераважна парыжане, а не мясцовыя рэвалюцыянэры.

Наўрад ці бальшыня жыхароў украінскага ўсходу сапраўды хоча адзьдзяленьня ад Украіны і далучэньня да Расеі. Наўрад ці таго хочуць нават усе маніфэстанты, якія гэтыя лёзунгі скандзіруюць. Гэта своеасаблівая мова размовы з Кіевам. Напачатку, дарэчы, пратэсты ўвасабляліся ў ахове помнікаў Леніну. Ну і навошта абаронцам істукана быў той Ленін, хіба ажывіць яго хацелі? Не, Ленін быў проста сымбалем супрацьстаяньня Майдану. Гэтак і зараз Расея для ўсходу Ўкраіны — не рацыянальны выбар, а хутчэй сымбаль — а вось ня хочам, а вось баімся, злыя вы, сыйдзем ад вас. Куды? Ды нікуды, пратэст шукае мовы і знаходзіць яе.

І імпэратывы часу, і наяўнасьць агрэсіўнага суседа хутчэй за ўсё выключаюць францускі варыянт 1793 году ў чыстым выглядзе. Сілай можна (можа быць) разблякаваць адміністрацыйныя будынкі, але наўрад ці атрымаецца толькі пры дапамозе яе прынцыпова замірыць усход Украіны.

І гэтая праблема, шлях яе вырашэньня, які будзе абраны ва Ўкраіне,— пэўны ўрок на магчыма далёкую, а магчыма і не, будучыню Беларусі. Лукашэнка раней ці пазьней сыйдзе. Але лукашэнкаўцы ня сыйдуць сьледам за ім. Ну яны ж звыклыя падпарадкоўвацца любому начальству, ня здольныя ні да якой самастойнай актыўнасьці — мяркуюць некаторыя. Ага, раскажыце гэтую байку ўкраінскім уладам. Там, магчыма, таксама думалі, што ўсё вырашаецца ў сталіцы, што ўсход прыме любое рашэньне Кіева.

І мяркую, што ўкраінскім уладам давядзецца з усходам краіны неяк дамаўляцца. Неабавязкова мова ідзе пра фэдэралізацыю, якую накідае Масква. Бо насамрэч не ў Маскве справа. Няма грамадзкай дамовы ў сэнсе Русо, формулы, якая робіць вельмі разнастайнае насельніцтва адзінай нацыяй. Ці прынамсі навідавоку крызыс гэтай дамовы.

І навідавоку дылема: цалкам пагадзіцца на тое, чаго хоча ўсход — гэта ці распад краіны ў растэрміноўку ці закрэсьліваньне ўсіх вынікаў рэвалюцыі, цалкам не пагадзіцца, пакласьціся адно на сілу ды на інэртнасьць насельніцтва ўсходніх рэгіёнаў Украіны — атрымаць той жа распад краіны шляхам замежнага ўварваньня, а можа нават і без яго. Бо жыхары Луганску, Данецку, Харкава, іншых гарадоў усходу Ўкраіны, і нават тыя зь іх, што маніфэстуюць з расейскімі сьцягамі — яны, між іншым, людзі, грамадзяне. Майдан патрабаваў павагі да чалавечай годнасьці, да меркаваньня кожнага, ў тым ліку і маленькага чалавека. Ну вось і гэтыя людзі маюць свае меркаваньні, хай на нечы погляд дурныя і недарэчныя.

Як казаў адмірал Нэльсан напярэдадні бітвы пры Трафальгары: «Я спадзяюся, што кожны выканае свой доўг». Людзі, якія стаялі пад кулямі на Майдане, свой доўг выканалі. За ўкраінскіх палітыкаў доўг знайсьці формулу, якая ўратуе адзінства краіны, ўтрымае ўкраінскую «Вандэю» ва Ўкраіне, не выканае ніхто — ні Захад, ні Расея, зразумела, ні нават змагары Майдана.

Ну а беларусам, беларускім палітыкам будзе досьвед. Шматгадовая дыктатура мае прынамсі адну ўмоўную перавагу — назапашваецца досьвед, што і як рабіць пасьля яе скону.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG