Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гігантаманію смаргонскага мэмарыялу вырашана «прызямліць»


Фрагмэнт будучага комплексу помнікаў воінам Першай усясьветнай вайны
Фрагмэнт будучага комплексу помнікаў воінам Першай усясьветнай вайны

Улады Гарадзенскай вобласьці пацьвярджаюць намер да 1 жніўня, калі будзе адзначацца 100-годзьдзе пачатку Першай усясьветнай вайны, завершыць будаўніцтва ў Смаргоні мэмарыялу памяці ахвярам ваеннай кампаніі.

Падчас рэспубліканскага суботніка пра гэта сказаў старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Краўцоў. Па яго словах, з мясцовага бюджэту і ад спонсарскіх адлічэньняў на аб’ект будзе дадаткова накіравана блізу 10 мільярдаў рублёў, хоць ад пачатку плянавалася, што ўвесь комплекс абыдзецца ў 30 мільярдаў.

Пры гэтым чыноўнік удакладніў, што першапачатковы праект, які многія адмыслоўцы крытыкавалі за празьмерную маштабнасьць, перагледжаны ў больш сьціплы бок, «з улікам сёньняшніх рэалій».
Пляцоўка, дзе будзе абсталяваны мэмарыял воінам Першай усясьветнай вайны
Пляцоўка, дзе будзе абсталяваны мэмарыял воінам Першай усясьветнай вайны


Дасьледчык падзеяў Першай усясьветнай вайны, былы вайсковец, краязнаўца Ўладзімер Лігута лічыць, што мэмарыял у Смаргоні стане доўгачаканым прызнаньнем важнасьці тых гістарычных падзеяў. Цягам 810 дзён, калі ў горадзе і на яго подступах вялася пазыцыйная вайна, вырашаўся лёс цэлых імпэрый:
Уладзімер Лігута
Уладзімер Лігута
«Для кожнага з варагуючых бакоў гэта быў вельмі важны кірунак ужо хоць бы таму, што, самі уявіце, ад Смаргоні ўсяго 120 кілямэтраў да Менска. І ў немцаў, натуральна, была задача браць такія стратэгічныя пункты. Менск быў для іх неабходны нават не як горад сам па сабе — як цяпер, і так і тады гэта, найперш, перакрыжаваньне камунікацый. Праз Менск ідуць камунікацыі ад Петраграду і далей ва Ўкраіну, то бок, на Паўднёва-Заходні фронт. Іншымі словамі, Маладэчна, Менск — гэта буйнейшыя чыгуначныя вузлы, і калі іх перасячы, адразу ж парушаецца ўся сыстэма тылавога забесьпячэньня войскаў. І вось гэтая мясарубка за панаваньне над тэрыторыяй пачалася тут, у Смаргоні, і працягвалася ажно 810 дзён! Таму ў памяць пра тыя падзеі, пра ахвяраў супрацьстаяньня варта паставіць і памятныя знакі, і помнікі».

У сваю чаргу, кіраўнік гарадзенскай вэртыкалі адзначыў, што паколькі падзеі Першай усясьветнай вайны ў рэгіёне найбольш закранулі Гарадзенскі і Смаргонскі раёны, а ў памяць пра жорсткія змаганьні тут захаваліся шматлікія абарончыя ўмацаваньні, усе гэтыя мясьціны пасьля прывядзеньня ў належны стан будуць уключаныя ў турыстычныя маршруты. Перадусім гэта тычыцца тэрыторыі ў раёне Аўгустоўскага каналу і ваколіцаў Смаргоні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG