Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як склаліся лёсы фігурантаў справы Мікалая Аўтуховіча?


Мікалай Аўтуховіч, архіўнае фота
Мікалай Аўтуховіч, архіўнае фота

У справе Мікалая Аўтуховіча, які мусіць выйсьці на волю 8 красавіка, фігуравалі яшчэ 3 чалавекі ў якасьці асуджаных, а таксама некалькі вядомых асобаў у якасьці пацярпелых. Як склаліся іх лёсы?

6 траўня 2010 году, амаль 4 гады таму, у Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь быў агучаны прысуд вядомаму прадпрымальніку з Ваўкавыску, былому кандыдату ў дэпутаты Нацыянальнага сходу Мікалаю Аўтуховічу. Яго абвінавачвалі ў падрыхтоўцы ў 2005 годзе тэракту супроць тагачаснага старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанкі ды ў іншых злачынствах, сярод якіх суд знайшоў пацьверджаньне толькі аднаго — што прадпрымальнік незаконна захоўваў баявыя патроны. За гэта Аўтуховічу далі 5 гадоў зьняволеньня, а яшчэ 2 месяцы дадалі, бо менавіта 2 месяцы прадпрымальнік недасядзеў, калі яго вызвалілі пасьля першага прысуду, за нясплату падаткаў. Разам зь Мікалаем Аўтуховічам на лаве падсудных у Вярхоўным судзе апынуліся ягоны былы кіроўца і памочнік Аляксандар Ларын, супрацоўнік ягонай фірмы Ўладзімер Асіпенка і былы міліцыянт Міхаіл Казлоў. У справе фігуравалі ў якасьці пацярпелых вядомыя чыноўнікі: былы кіраўнік Гарадзеншчыны Ўладзімер Саўчанка і дзейны намесьнік міністра падаткаў і збораў Васіль Каменка. Як склаліся лёсы гэтых людзей за 4 гады, што мінулі ад працэсу?

У лістападзе 2010 году былы вайсковец з Ваўкавыску Ўладзімер Асіпенка выйшаў з-за кратаў на волю. З трох гадоў, якія суд прызначыў за пасобніцтва ў зьдзяйсьненьні злачынства, ён адбыў у калёніі менш за год, але з улікам сядзеньня ў сьледчым ізалятары зь лютага 2009 году, атрымалася якраз дзьве траціны тэрміну. Зараз Уладзімер Асіпенка жыве ў Ваўкавыску, на пэнсіі. Займаецца, як сам кажа, сямейнымі справамі.

«У мяне маці хварэла, я яе пахаваў у канцы мінулага году. Збольшага лічу, што я да гэтага спрычыніўся, што маці сышла з жыцьця раней і гэтак хутка, бо ўся гэтая гісторыя з арыштам...»

Таксама тры гады, паводле прысуду, атрымаў асабісты кіроўца Мікалая Аўтуховіча, жыхар Ваўкавыску Аляксандар Ларын, пра якога на працэсе стала вядома, што ён ужываў наркотыкі. Гэта Аляксандар Ларын даў паказаньні ў судзе, што нібыта ён з гранатамёта мусіў страляць па кватэры Ўладзімера Саўчанкі на замову Мікалая Аўтуховіча. Абвінавачаньне ў падрыхтоўцы замаху Аўтуховіч катэгарычна абверг, а паказаньні свайго кіроўцы назваў хлусьнёй на замову спэцслужбаў. Уладзімер Асіпенка таксама лічыць, што роля Ларына ў гэтай гісторыі — правакацыйная.

«Я схіляюся да таго, што яго ўжо заслалі да Аўтуховіча з пэўнай мэтай. Хаця, магчыма, завэрбавалі і пасьля ягонага працаўладкаваньня да Аўтуховіча. У таго палова людзей вакол былі завэрбаваныя, калі ён вырашыў пайсьці ў дэпутаты».
Уладзімер Асіпенка
Уладзімер Асіпенка

Паводле Уладзімера Асіпенкі, Аляксандар Ларын вызваліўся прыкладна праз год пасьля яго. Зараз працуе ў Ваўкавыску, на станцыі абслугоўваньня аўтамабіляў. «Ва ўсякім разе, яшчэ паўгоду таму працаваў», — дадае спадар Асіпенка.

Былы міліцыянт Міхаіл Казлоў атрымаў 2 гады зьняволеньня за невыкананьне службовых абавязкаў. Паводле сьледзтва, Казлоў ведаў пра падрыхтоўку Аўтуховічам замаху на «губэрнатара» Саўчанку, але не спыніў ягоных дзеяньняў. І хаця сам замах ня быў даказаны, Міхаіла Казлова адправілі адбываць пакараньне ў калёнію «Віцьба», але ўжо ў жніўні 2010 году вызвалілі паводле амністыі. Зараз Міхаіл Казлоў працуе ў Гародні ў будаўнічай фірме, але ён ня стаў удакладняць, у якой, і ад інтэрвію адмовіўся.

А што вядома пра Ўладзімера Саўчанку, які на час працэсу ўжо ня быў гарадзенскім «губэрнатарам»? Чуткі тады і пасьля працэсу пра Саўчанку хадзілі самыя неверагодныя. Што нібыта ён быў пад сьледзтвам, што зьбіраўся ўцячы з краіны, але быў затрыманы. Так гэта ці не, пацьверджаньня не знайшлося. Вядома, што Саўчанка доўга не зьяўляўся ў суд на працэс над Аўтуховічам, дзе мусіў даваць паказаньні як пацярпелы, але 1 красавіка ў судзе ўсё ж выступіў. Сёньня я знайшоў Уладзімера Ягоравіча Саўчанку праз мабільны тэлефон — ён працуе генэральным дырэктарам агракамбіната «Мачулішчы». Але даведаўшыся, што яму звоніць карэспандэнт «Свабоды», спадар Саўчанка спаслаўся на занятасьць:

«Я зараз заняты. Званіце потым...»
Уладзімер Саўчанка
Уладзімер Саўчанка

Пазьнейшыя званкі да Ўладзімера Саўчанкі, аднак, засталіся без адказу.

Затое ня стаў ухіляцца ад размовы з журналістам намесьнік міністра падаткаў і збораў Васіль Каменка, які таксама фігураваў у справе Аўтуховіча як пацярпелы. Паводле кіроўцы Аляксандра Ларына, ён на загад Аўтуховіча нібыта сачыў за намесьнікам міністра, якога падазраваў у карупцыі. Спадар Каменка ня стаў камэнтаваць прысуд Аўтуховічу і ягоныя абвінавачваньні на свой адрас.

«Мне не выпадае камэнтаваць прысуд Аўтуховічу. Наколькі ведаю, зь ім пагадзілася і абарона Аўтуховіча, ці мне нешта невядома? А наконт вызваленьня, што я магу сказаць? Дзякуй Богу, што чалавек адбыў тое пакараньне, якое яму дзяржава вызначыла. Хацеў бы яму пажадаць, каб у яго ўсё складвалася добра ў жыцьці.»

Былы адвакат Павал Сапелка ўдакладніў, што прысуд Мікалаю Аўтуховічу ўступіў у сілу адразу пасьля агалошваньня, паколькі быў вынесены судом апошняй інстанцыі — Вярхоўным. «Прысуд мы абскардзілі ў парадку нагляду, як патрабуе закон, але яго пакінулі бязь зьменаў», — сказаў Павал Сапелка.

Мікалай Аўтуховіч да апошняга не прызнаваў сябе вінаватым, у тым ліку з гэтай прычыны адмаўляўся пісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG