Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На хвалі Свабоды: Год 1970


Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.

1970 год. У Савецкім Саюзе і падсавецкай Беларусі працягваецца палітычнае пахаладаньне, якое прыйшло на зьмену хрушчоўскай адлізе. Ужо адбыліся ідэалягічныя наезды ўладаў на студэнтаў БДУ, наперадзе яшчэ былі пагромы ў акадэмічным асяродку. Адзначаўся чарговы вялікі савецкі юбілей — 100-годзьдзе з дня нараджэньня Леніна, гэта тэма запаўняла ўсю інфармацыйную прастору. Вольнага паветра не хапала. На парадак павялічылася вытворчасьць транзыстарных радыёпрыймачоў — зграбны ВЭФ рыскага радыёзаводу ўвайшоў бадай што ў кожны дом. Людзі штораз болей пачалі слухаць заходнія радыёгаласы.

Радыё Свабода надалей ня мела магчымасьці пазнаёміцца са сваімі слухачамі — хто яны, колькі іх, як удаецца слухаць перадачы, што падабаецца а што не — пра ўсё гэта ўдавалася даведвацца вельмі выпадкова і фрагмэнтарна.

Сёньня зноў у нас у гасьцях вэтэран нашага радыё Вітаўт Кіпель. І сёньня мы пагаворым пра тое, што ўдавалася даведацца пра слуханьне радыё ў Беларусі з выпадковых сустрэчаў з рознымі людзьмі:
Вітаўт Кіпель, студзень 2013
Вітаўт Кіпель, студзень 2013
«Бясспрэчна, падчас сустрэчаў зь землякамі з БССР зь іхнага боку заўсёды паўставала пытаньне — што такое радыё, адкуль яно, хто там працуе. Было відавочна, што людзі ведаюць пра гэтае радыё. Але я канкрэтна пераканаўся на некалькіх прыкладах, што, безумоўна, радыё адыгрывала сваю ролю і яго слухалі. Адзін з такіх выпадкаў мне вельмі ўрэзаўся ў памяць — я нават пра гэта пісаў у беларускім замежным друку: у БССР зьбіраўся ехаць адзін з нашых старых эмігрантаў, я ўжо й ня памятаю ягонае прозьвішча, звалі яго Мікалай — адзін з такіх, што некалі выяжджалі зь Менскай губэрні. Ён тут навучыўся крышку чытаць, заўсёды прыходзіў у бібліятэку, чытаў газэту „Правда“, пераглядаў і беларускія газэты, але безумоўна быў скамунізаваны. І вось адзін раз ён мне кажа: „Еду на Родину“. Ну, ОК, едзь на родзіну. „Еду, — кажа, — пад Бабруйск“. Добра. Вярнуўся ён празь які месяц і прыйшоў да мяне ў бібліятэку ды кажа: „Знаеш, мы вам ня верылі. Но вот я ўбядзіўся, што там эканоміка дрэнная“. А чаму ж ты так убядзіўся? Бо, кажа, дарога ў тую вёску, зь якой я выехаў у Амэрыку, не замошчаная і сягоньня і засталася такая самая, толькі лес пабольшаў. І, кажа, чуў, што слухаюць нейкае радыё. Ці ёсьць такое радыё? Я кажу: так, ёсьць. І вось ён папрасіў мяне, каб яму беларускі аддзел высылаў скрыпты праграмаў. Я паглядзеў на ягоны адрас — гэта быў адрас фармы Араў, гэта быў такі дом адпачынку для скамунізаваных нашых людзей, ён і цяпер існуе — там стаіць помнік Янку Купалу...»

Эфір 1970 году: рэлігійная перадача:
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:32 0:00
Наўпроставы лінк


***
Год 1970 у сьвеце

Палітыка

Біяфра спыняе вайну за незалежнасьць ад Нігерыі, вынік канфлікту — два мільёны забітых. — Амэрыканскія вайсковыя аддзелы ўваходзяць у Камбоджу. — У Ярданіі адбываецца палестынскае паўстаньне. — У выніку землятрусу ў Пэру гіне больш за 50 тысячаў чалавек. Памірае прэзыдэнт Эгіпту Насэр, ягонае месца займае Анвар Садат. — Тонга і Фіджы абвяшчаюць незалежнасьць. —

Навука і тэхналёгія

Кампанія IBM распрацоўвае гнуткі дыск. — У Вялікай Брытаніі ў гандлі ўводзіцца сыстэма штрых-кодаў. — Швайцарская кампанія Гофман-Лярош распрацоўвае тэхналёгію экрану на вадкіх крышталях. — У Нью-Ёрку заканчваецца будаўніцтва Сусьветнага Гандлёвага Цэнтру

Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная расейскаму пісьменьніку Аляксандру Салжаніцыну. Выходзіць аповесьць Рычарда Баха «Чайка Джонатан Лівінгстон»

Фільмы году: Гісторыя каханьня, Аэрапорт

Папулярная музыка: Распадаецца легендарны квартэт Beatles. Ад перадазаваньня наркотыкаў паміраюць Джымі Гэндрыкс і Джэніс Джоплін

Песьні году: Beatles / Let It Be, Shocking Blue / Venus

***

А зараз зноў зьвернемся да ўспамінаў. Вітаўт Кіпель распавядае пра рэдкія выпадкі, калі ўдавалася даведацца, што ў Беларусі слухаюць Радыё Свабода:

«Другі выпадак мне таксама вельмі запамятаваўся — я нават занатаваў прозьвішча — Фэлікс Хвалькоўскі з Гродненскага тукавага камбінату. Ён у канцы 1970—х гадоў адведаў свайго родзіча, які жыве недзе ў штаце Дэлаўэр, чалавека, які прыехаў у Амэрыку з Арміі Андэрса. І вось гэты малады чалавек, ён сам быў хімік, папрасіў мяне дастаць яму кніжку Любачкі. Я запытаўся, адкуль ён ведае пра кніжку Любачкі? Ён кажа, што чуў па радыё некалькі рэпартажоў, аналізаў пра гэтую кніжку і хацеў бы яе мець. Я гэтую кніжку яму дастаў, і калі ён варочаўся з Дэлаўэру празь Нью-Ёрк, каб ляцець на Бацькаўшчыну, я гэтую кніжку яму падараваў. Будучы ў Горадні, я стараўся яго знайсьці, але гэта як шукаць іголку ў сене...»

Нагадаю, што сёньня госьць нашай перадачы — вэтэран нашага радыё Вітаўт Кіпель. А зараз — зноў наш архіў. З аўтэнтычнага эфіру 1970 году паслухайце фрагмэнт інтэрвію з уніяцкім біскупам уладыкам Чаславам Сіповічам...
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:27 0:00
Наўпроставы лінк


***
1970 ГОД У БЕЛАРУСІ

• Усесаюзны перапіс насельніцтва зарэгістраваў у Беларусі 9 мільёнаў 2 тысячы 300 чалавек.
• Выйшаў першы нумар бюлетэню «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі».
• У Бабруйску пачаў працу Магілеўскі тэатар драмы і камэдыі.
• БССР падпісала канвэнцыю аб барацьбе зь незаконным захопаў паветраных судоў.
• Здадзеная ў эксплюатацыю першая чарга электрыфікаванага чыгуначнага ўчастку Менск-Пухавічы.
• У гарадох Беларусі паўсюдна зьніклі беларускамоўныя школы, у некалькі разоў зьменшылася іх колькасьць у сельскай мясцовасьці.

Менскі эфір 1970 году. Урывак радыёнарысу «У гасьцях у песьні» пра фальклёрны ансамбль Лявоніха вёскі Трасьцянка Бярэзінскага раёну...
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:59 0:00
Наўпроставы лінк


***

Тэма нашай сёньняшняй перадачы — сьведчаньні пра тое, што ў Беларусі слухалі праграмы «Свабоды». Прыгадвае колішні супрацоўнік нашага радыё Вітаўт Кіпель:
«Слухалі, безумоўна, радыё і пазьней. У мяне быў такі выпадак. У БССР даўгі час падавалі, што ведамы беларускі мовазнаўца Мікола Байкоў загінуў на другі дзень вайны, 23 чэрвеня 1941 году. Гэта была беспатрэбная мана, бо Байкоў працаваў у часы нямецкай акупацыі і ў Менску, і ў Бэрліне. Я пра гэта пісаў і шмат выступаў па радыё. Нават калі ў 1990-х гадах выйшаў тоўсты даведнік „Беларусь“ — і там былі пададзеныя няправільныя даты. І вось аднойчы, будучы ў Менску, дырэктар Інстытуту літаратуры АН Каваленка запрасіў нас з Зорай на гутарку з супрацоўнікамі інстытуту. І там адзін малады чалавек, я не запісаў ягонае прозьвішча, сказаў, што ён чуў гэта і што я павінен зразумець, што часам гэтыя даты ня так лёгка перамяніць. Гэткія выпадкі мне паказвалі, што радыё сыстэматычна слухаецца. Не было сыстэматычных апытаньняў — дзе, як, якія тэмы цікавяць. Але што радыё слухалі — не было ніякага сумневу, і яно выконвала вельмі карысную ролю. Прыкладам, чалавек купіў кніжку дзякуючы радыё, другі пераканаўся, што эканоміка не такая добрая. Ну і дзякуючы ў вялікай меры нашай пісаніне і нашым гутаркам нарэшце дата сьмерці Байкова пераменьваецца. Вось такія кароценькія ўспамінчыкі на гэты конт...»

На заканчэньне — зноў наш архіў. Але напачатку кароткая прадмова. Урывак з артыкулу М.Пушчанскага «Мюнхенскія пустазвоны». Газэта ЗЬВЯЗДА, 23 сьнежня 1970 году:

«Адкашляўся гэты дзядзька. І раптам як зарагоча, як завішчыць! Што толькі не вытвараў у эфіры стары блазан! То прыкідваўся, нібыта плача, то рагатаў, захліпваючыся, то проста дзяцініўся. Што такое? Што за балаган? Аказваецца, „дзядзька Васіль“ чытаў нейкі свой фельетончык...
Чутно было цяжкае дыханьне фельетаніста, мабыць, не хапала яму паветра. Я ўявіў сабе зморанага гадамі старога чалавека з устаўленымі зубамі, які, каб зарабіць нейкі грош, вымушаны, згубіўшы ўсякую чалавечую годнасьць, так бессаромна брахаць.
А ён, перамагаючы адышку, усё выкамарваў і выкамарваў, пакуль мой сябар сярдзіта не накінуўся на ўладальніка транзістара:
— Ды выключы гэту дрэнь!
Стала ціха і спакойна.
Мы маўчалі, думаючы кожны, мабыць, аб адным і тым жа — аб вылюдках, чые галасы толькі што гучалі ў эфіры. З галавы не выходзіла прыкрая брахня гэтых станкевічаў, крыцкіх і іншых пустазвонаў».

Ну а зараз — фэльетон Васіля Крыцкага...
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:44 0:00
Наўпроставы лінк
СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ:
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG